Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТВАРАЎСЯ САЮЗ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае гісторык Віталь Скалабан

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “1932 год. Бальшавіцкая ўлада даволі моцна ўмацоўвае ў той час свае пазыцыі, у той жа час у краіне ў наяўнасьці тэндэнцыя да голаду, прынамсі, голад ужо разразіўся ва Ўкраіне. У гэты час бальшавіцкая ўлада ў Маскве прымае рашэньне аб утварэньні Саюзу савецкіх пісьменьнікаў. Чаму менавіта ў гэтым годзе і дзеля чаго спатрэбілася Сталіну аб’яднаць пісьменьнікаў у адну арганізацыю?”

(Віталь Скалабан: ) “Бальшавікам быў патрэбны дэпартамэнт кіраваньня пісьменьнікамі. Тыя арганізацыі, якія існавалі раней, не задавальнялі бальшавіцкае кіраўніцтва. Не задавальняла і расейская арганізацыя Пралетарскіх пісьменьнікаў, бо яна лічыла сябе набліжанай да бальшавікоў і меркавала, што толькі яна можа выступаць ад імя партыі. Таму было прынятае рашэньне: усе літаратурныя арганізацыі распусьціць і стварыць адзін Саюз савецкіх пісьменьнікаў”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — гісторык Віталь Скалабан. Спадар Віталь, калі глядзіш дакумэнты, якія тычацца ўтварэньня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў, падкрэсьліваю — савецкіх пісьменьнікаў, то складваецца вельмі цікавае ўражаньне, што ў адну арганізацыю хацелі загнаць тых пісьменьнікаў, якія ўжо выбралі камунізм, тых, хто ня вызначыў свае адносіны да камунізму, і тых, хто скептычна ставіўся да яго. Як утвараўся беларускі Саюз пісьменьнікаў, каго ўводзілі ў аргкамітэт, а каго наадварот — выкрэсьлівалі?”

(Скалабан: ) “У той час праяўляць скептыцызм да савецкай улады было небясьпечна, нагадаем, што напярэдадні, у 1930–31 гадах, у Беларусі была праведзеная апэрацыя “Саюз вызваленьня Беларусі”, калі 100 найлепшых беларускіх інтэлігентаў былі высланыя зь Беларусі, калі пацярпелі Ластоўскі, Лёсік, Гарэцкі, Дубоўка, Жылка. Ужо ўсе павінны былі хадзіць строем, і іншага шляху, як быць толькі ў складзе Саюзу пісьменьнікаў, ужо не было.

Але пры стварэньні аргкамітэту Саюзу пісьменьнікаў туды трапілі ў асноўным тыя, хто лічыўся пралетарскімі пісьменьнікамі. Гэта Александровіч, Галавач… Узначаліў аргкамітэт Міхась Клімковіч, Лынькоў стаў адказным сакратаром. Ні Купала, ні Колас у аргкамітэт не ўвайшлі. Сёньня мы ведаем, што ў першапачатковым сьпісе аргкамітэту быў Колас — яго выкрасьлілі. Быў Цішка Гартны, яго таксама выкрасьлілі. Між іншым, на апошнім этапе дапісалі ўжо Кандрата Крапіву”.

(Ракіцкі: ) “Але чым не дагадзіў Янка Купала? Між іншым, набліжаўся 50-гадовы юбілей нашага песьняра?”

(Скалабан: ) “Юбілей набліжаўся, Янка Купала вёў сябе зьнешне прыхільна да савецкай улады, але ўлада была не задаволеная, што тыя вершы, тыя прамовы, якія выходзілі з-пад пяра Купалы ў падтрымку савецкай улады, былі вельмі казённыя і неталенавітыя. А вершы, у якіх Купала выступаў супраць савецкай улады — наадварот, зробленыя таленавіта. І гэтыя прасавецкія творы (так і называлася ў партыйных дакумэнтах) — гэта візыткі, якія Купала дае для таго, каб савецкая ўлада не лічыла яго ворагам”.

(Ракіцкі: ) “Мы прызвычаіліся апошнімі гадамі, што ў творчых арганізацыях, і ў тым самам Саюзе пісьменьнікаў увесь час ідзе нейкая закулісная барацьба адносна пасадаў, уваходжаньня ў раду — а тады ўвогуле арганізоўваўся Саюз. Што вы можаце сказаць адносна пэўных гульняў саміх пісьменьнікаў, каб атрымаць вось гэтае месца пад сонцам?”

(Скалабан: ) “Гульні былі вельмі значныя, прычым, гульні вельмі актыўна вялі маладыя. У першую чаргу — Броўка, Янка Скрыган. З ініцыятывы Броўкі быў зроблены ліст пятнаццаці, у якім маладзейшыя пісьменьнікі абвінавачвалі больш сталых у нацыяналізьме, выступілі з рэзкай крытыкай аргкамітэту, што ён нічога ня варты, што не арганізуе добра работу, творчае жыцьцё і кепска клапоціцца пра матэрыяльна-бытавыя ўмовы пісьменьніка.

Гэты ліст быў расцэнены як нацыяналістычны, праўда, трэба адзначыць, што ён не пасьпеў яшчэ трапіць у ЦК, як туды ўжо прынесьлі апэратыўную інфармацыю з ГПУ пра тое, як гэты ліст пісаўся, кім падпісваўся, які яго зьмест. Ёсьць сьведчаньні, што ў некаторых была думка, што Саюз пісьменьнікаў Беларусі павінен узначаліць толькі Купала і ніхто іншы.

Гэта гучала і ў час сьвяткаваньня 50-гадовага юбілею Янкі Купалы, які быў у верасьні 1932 году. Улада праваліла гэты юбілей. Ня столькі юбілей, колькі можа банкет, на якім прагучала вельмі рэзкае выступленьне Петруся Броўкі, які быў абвінавачаны пасьля ў нацыяналізьме. Акрамя гэтага зьявіўся артыкул “Крытыка Апанаса Сідарэнкі”, фігура да гэтага часу ў нас малавядомая. У гэтым артыкуле Сідарэнка сьцьвярджаў, што ўсё напісанае Янкам Купалам — гэта таленавітае, што разыходзілася з афіцыйнымі ўстаноўкамі, пра тое, што ў Купалы ёсьць вершы добрыя, а ёсьць і нацыяналістычныя, якім ня месца ў Савецкай Беларусі”.

(Ракіцкі: ) “Вы прынесьлі на запіс нашай перадачы вельмі цікавы дакумэнт, ён напісаны па-расейску, відавочна, тут пераклад зь беларускай на расейскую мову. Называецца ён “Несколько беглых замечаний о положении на белорусском литературном фронте”, і падпісаны ён Лыньковым”.

(Скалабан: ) “Гэты дакумэнт нідзе не друкаваўся, ён зьдзіўляе сваёй сур’ёзнасьцю і пэўнай здольнасьцю Міхася Лынькова рабіць такія аналітычныя распрацоўкі. З аднаго боку, гэта аналітыка, з другога — тут ёсьць і простыя даносы: цытуюцца нейкія выказваньні, зробленыя ў прыватнай сытуацыі, тут вылучаюцца групы, якія былі сярод пісьменьнікаў.

Ствараецца ўражаньне, што ў ЦК вельмі прыслухоўваліся да таго, што гаварыў Міхась Лынькоў. Прынамсі, у гэтым дакумэнце даецца адмоўная ацэнка Лукашу Бэндэ, які потым неўзабаве зьнікае з крытычнага абсягу”.

(Ракіцкі: ) “Патлумачым, што Лукаш Бэндэ быў адным з самых яскравых асобаў, якія адстойвалі камуністычныя пазыцыі ў літаратуры і ёсьць сьведчаньні, што ён спрычыніўся да шматлікіх непрыемнасьцяў Янкі Купалы”.

(Скалабан: ) “Так, вельмі цікава тая характэрыстыка, якая даецца найбліжэйшаму акружэньню Янкі Купалы. Напрыклад, Сымон Баранавых — гэта камэр-юнкер Купалы, Броўка — прыдворны паэт Купалы, Кучар — лейб-крытык Купалы. У пазьнейшай запісцы сфармуляваная прапанова ўвесьці ў оргкамітэт Саюзу пісьменьнікаў Янку Купалу і Якуба Коласа. І гэта было зроблена ў 1933 годзе”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Віталь, вось такія аналітычныя запіскі, плюс цэлы шэраг пастановаў ЦК КПБ, у якіх выкладаліся патрабаваньні да пісьменьнікаў, — стаяць на варце камунізму, праўдзівасьці й народнасьці — ці мела гэта наступствы напярэдадні ўстаноўчага зьезду? Ці рабілі ўлады, у прыватнасьці той жа НКВД, пэўныя захады, для таго каб абясшкодзіць некаторых, як яны лічылі, ворагаў?”

(Скалабан: ) “Так і было. Пасьля ўсіх праблемаў, якія ўзьніклі ў канцы 1932 году, у пачатку 1933-га прымаецца пастанова ЦК КПБ аб фактах прасочваньня клясававарожых нацыянальна-дэмакратычных уплываў у мастацкай літаратуры БССР. Функцыянэры атрымалі спагнаньні, быў закрыты часопіс “Беларусь калгасная” — нягледзячы на такую назву, гэта быў літаратурна-мастацкі часопіс.

У 1933 годзе пачалася новая хваля арыштаў пісьменьнікаў, быў арыштаваны Лукаш Калюга, Сьцяпан Ліхадзіеўскі, Максім Лужанін, іншыя… А хто ацалеў, удзельнічалі ў пленумах аргкамітэту беларускага Саюзу пісьменьнікаў у Менску, у Маскве. А потым, у 1934 годзе, па сцэнару, які быў зацьверджаны ў ЦК, былі праведзеныя зьезды — спачатку ў Менску, а потым у Маскве. Гэтыя зьезды праходзілі вельмі пышна, пісьменьнікі даманстравалі сваю вернасьць савецкай уладзе”.

(Ракіцкі: ) “І наколькі яны прадэманстравалі ўжо ў першыя гады свайго існаваньня?”

(Скалабан: ) “У Купалы, напрыклад, зьявілася паэма “Над ракою Арэсай”, Якуб Колас піша аповесьць “Адшчапенец”. З мастацкага пункту гледжаньня гэтыя творы вялікага кошту ня маюць, ёсьць сьведчаньня грузінскага пісьменьніка Джавахішвілі: “Я дзіўлюся Янку Купалу, ён пачаў пісаць пра трактары”.

(Ракіцкі: ) “І нарэшце. Ці атрымалі яны жаданыя матэрыяльныя выгоды? Так бы мовіць, узнагароды за сваю адданасьць таварышу Сталіну?”

(Скалабан: ) “Матэрыяльныя выгоды атрымалі. Яны атрымлівалі неблагія ганарары, акрамя таго, Купала за кошт дзяржавы атрымаў дачу ў Ляўках, а Колас наогул быў на дзяржаўнай службе, быў віцэ-прэзыдэнтам. Ну і іншыя маладзейшыя пісьменьнікі атрымлівалі матэрыяльныя выгоды, але трэба сказаць, што гэта на фоне даносаў, на фоне арыштаў — ніхто ня ведаў, хто ацалее, а хто не ацалее”.

(Ракіцкі: ) “І апатэозам аб’яднаных ужо пісьменьнікаў празь нейкі год стане пісьмо беларускага народу таварышу Сталіну. Але пра гэта ў нашай наступнай перадачы”.
XS
SM
MD
LG