Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ СТАЛА ЎКРАІНА БЛІЖЭЙШАЯ ДА РАСЕІ?


Валер Каліноўскі, Кіеў

Сярод апазыцыйных украінскіх палітыкаў у сувязі з падзеямі гэтага тыдня ў Кіеве пануе думка, што Расея намагаецца ўзмацніць сваю прысутнасьць ва Ўкраіне, карыстаючыся тым, што аслаблены Леанід Кучма шукае новыя шляхі для выхаду зь міжнароднай ізаляцыі, у якую ён патрапіў ў сувязі з абвінавачаньнямі ў продажы “Кальчугаў” Іраку. Такую думку, у прыватнасьці, выказаў кіраўнік Інстытуту дасьледаваньняў расейскага імпэрыялізму Багдан Сікора.

“Правядзеньне “Году Расеі ва Ўкраіне” мае істотны палітычны і моўна-культурны падтэкст нэасавецкага тыпу”, – заявілі ў адrрытым лісьце да Л. Кучмы прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі. Рэакцыя на гэтыя падзеі лідэраў левых партыяў прагназавалася: Леанід Грач і Віктар Міраненка ўнесьлі ў Вярхоўную Раду законапраект аб выкарыстаньні расейскай мовы як афіцыйнай.

Аднак пакуль што не адбылося радыкальных зьменаў у двухбаковых адносінах, – лічыць кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзяргач.

(Дзяргач: ) “Але сапраўды такі падарунак, які Пуцін зрабіў Кучму, стварае яшчэ адзін дадатковы мэханізм, арыентаваны на стварэньне альтэрнатывы “Дэклярацыі пра эўрапейскі выбар Украіны”, якая цяпер ня можа быць рэалізаваная з-за ізаляцыі Кучмы ў Эўропе і на Захадзе ў цэлым”.

Леанід Кучма пасьля падпісаньня з Пуціным дамовы пра мяжу зазначыў, што цяпер трэба спыніць усякія размовы пра расейскі імпэрыялізм. Цяпер расейская палітыка сапраўды адмаўляецца ад наўпростага дамінаваньня ва Ўкраіне, а выкарыстоўвае больш сучасныя мэтады ўплыву, – камэнтуе спадар Дзяргач. Напрыклад, расейскі капітал атрымлівае ва Ўкраіне штучныя перавагі ў параўнаньні з заходнім, і цяпер гэтая тэндэнцыя ўзмацняецца, – кажа ён.

Тым ня менш, супрацоўніцтва з Расеяй не супярэчыць яе адносінам з Захадам, – упэўнены іншы кіеўскі палітоляг Міхайла Пагрэбінскі.

(Пагрэбінскі: ) ‘Мы добра ведаем, што ёсьць палітыкі, якія і памруць у Расеі з тым імпэрскім сындромам, а ёсьць такія, якія гатовыя да больш-менш раўнапраўнага супрацоўніцтва. Трэба супрацьстаяць рэальным выклікам, а не ствараць для сябе перашкоды ў абароне нацыянальных інтарэсаў”.

Міхайла Пагрэбінскі ўпэўнены, што ўкраінская эліта здольная улічыць нэгатыўны досьвед адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю. Самастойнасьць Украіны ўжо ніякім чынам ня можа ставіцца пад сумнеў, – кажа ён.

Паўтарэньне прыкладу расейска-беларускай інтэграцыі ў выпадку з Украінай немагчымае, – таксама ўпэўнены Аляксандар Дзяргач:

(Дзяргач: ) “Стасоўна Беларусі ёсьць адна нявызначанасьць, якая і тармозіць большую актыўнасьць Масквы ў адносінах да Менску. Гэта А. Лукашэнка, бо трэба думаць, на што можа ён пайсьці, і якая ёсьць яму альтэрнатыва, калі ня зараз, то на пэрспэктыву. І калі актывізуюцца іншыя лідэры ў межах СНД, то гэта ўскладняе самапачуцьцё Лукашэнкі на гэтай прасторы. Тым больш, што ён надта ізаляваны ад рэшты сьвету. Але радыкальна гэта ня можа паўплываць. Расея разбудоўвае сыстэму двухбаковых адносінаў, а СНД – гэта толькі прыкрыццё”.

Менавіта на разьвіцьці двухбаковых эканамічных адносінаў з Расеяй настойвае вядомы рэфарматар Віктар Пінзенік, бо з-за расейскай практыкі антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў украінскі экспарт у Расею упаў летась на 15%.
XS
SM
MD
LG