Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА МЕНЧУКІ ДА МАГЧЫМАЙ ВАЙНЫ Ў ІРАКУ?


Галіна Абакунчык, Менск

Значная частка мінакоў заявілі, што яны адмоўна ставяцца да магчымых ваенных дзеяньняў у Іраку, бо перакананыя, што гэта вельмі нэгатыўна паўплывае на міжнароднае становішча.

(Спадар: ) “І ў эканамічным, і палітычным пляне гэта будзе сур’ёзна”.

(Спадарыня: ) “Там становішча і так напружанае, як бы нам й да ўсясьветнай вайны не наблізіцца”.

(Спадар: ) “Найпер мяне хвалюе экалёгія. Паколькі плянуецца выкарыстаньне бомбаў, то гэта будзе катастрофа”.

(Спадар: ) “Цяпер людзі разьяднаныя, і гэта стане падствай аб’яднаньня ў змаганьні за мір”.

(Спадарыня: ) “Любая вайна гэта кепска, і, канечне ж, гэта толькі абвострыць міжнароднае становішча”.

(Спадар: ) “Па-першае, паўстане пытаньне пра існаваньне Эўропы, бо геаграфічная блізкасьць Іраку да Эўропы паставіць пад пытаньне яе цэласнасьць”.

(Спадарыня: ) “Цяжка ўявіць, якія наступствы гэта будзе мець, таму хацелася бы, каб гэтае пытаньне было вырашанае дыпляматычным шляхам”.

Аднак многія апытаныя не выступаюць супраць вайны ў Іраку, хоць і згодныя, што наступствы вайсковага канфлікту могуць быць адмоўныя.

(Спадар: ) “Хусэйн — гэта бандыт, а бандыта трэба браць у ягоным сховішчы. 300 тысяч курдаў былі атручаныя — толькі за гэта трэба пакараць”.

(Спадар: ) “Вайна, канечне ж, адбудзецца, бо з-за нафты заўсёды так бывае”.

(Спадар: ) “ЗША яшчэ пад уплывам таго, што здарылася 11 верасьня. Самапавага для народу вельмі важная, і ім важна паказаць сьвету, што засталіся тымі ж ЗША, што былі й раней”.

(Спадар: ) “Вайна адбудзецца абавязкова. ЗША маюць свае інтарэсы — і эканамічныя, і палітычныя”.

(Спадар: ) “Міжнародная супольнасьць, магчыма, і ня будзе асуджаць ЗША, калі Ірак ня дасьць магчымасьці ААН усё праверыць ад пачатку да канца”.

Некаторыя менчукі мяркуюць, што вайна ў Іраку ніякім чынам не паўплывае на Беларусь. Многія, аднак, перакананыя, што проста альбо ўскосна, але самыя нэгатыўныя наступствы будуць абавязкова.

(Спадар: ) “Да Беларусі ня будзе мець ніякіх адносінаў. Куды ўжо горш?”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, ці наўпрост закране, але закране абавязкова”.

(Спадар: ) “Палітычнае стаўленьне да нашай дзяржавы і цяпер нездаровае. А калі будзе перамога над Іракам, то гэта яшчэ пагоршыцца”.

(Спадар: ) “Калі нафта падаражэе, то гэта абавязкова паўплывае й на Беларусь”.

(Спадар: ) “Калі будуць доказы, што Беларусь дапамагае Іраку, то эканамічныя меры будуць ня толькі з боку ЗША, але й Эўропы”.

(Спадарыня: ) “Калі міжнароднае становішча будзе напружанае, то, пэўна ж, і ў нас спакойна ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Нам небясьпечна падтрымліваць ірацкі бок. Нам трэба з эўрапейскай супольнасьцю вырашаць падобныя пытаньні”.

(Спадар: ) “Гэтая хваля непрыязнасьці, якая існуе ў ЗША і Эўропе да Беларусі, яна будзе пашырацца, незалежна ад разьвіцьця падзеяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG