Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ЗША Ў БЕЛАРУСІ МАЙКЛ КОЗАК НАВЕДАЎ ГОМЕЛЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

На рэканструкцыю другой чаргі шпіталю мэдычнай дапамогі камандаваньне паветраных сілаў ЗША ў Эўропе перадае 190 тысяч даляраў. Стары будынак шпіталю стане тэрапэўтычным корпусам для лекаваньня гамельчукоў.

На першы этап рэканструкцыі, які завершаны ў 2001 годзе, амэрыканскі бок выдаткаваў 420 тысяч даляраў. Цяпер тут працуе сучасная біяхімічная лябараторыя і аддзяленьне пераліваньня крыві.

(Козак: ) “Гэта добры прыклад таго, што амэрыканцы і беларусы могуць зрабіць разам, працуючы над дасягненьнем высакародных мэтаў”, — сказаў амбасадар Козак пасьля падпісаньня чарговага кантракту.

Паводле ягоных словаў, ЗША аказваюць рознабаковую гуманітарную дапамогу многім краінам. У Беларусь за кошт амэрыканскіх вайскоўцаў і прыватных ахвяраваньняў паступіла рознай дапамогі агулам на 170 мільёнаў даляраў.

На прэсавай канфэрэнцыі ў шпіталі амбасадар выказаў шкадаваньне, што дачыненьні ЗША і Беларусі апошнія некалькі гадоў вельмі супярэчлівыя. Супярэчнасьці палягаюць у сфэры правоў чалавека, доступу да сродкаў масавай інфармацыі, празрыстасьці выбараў.

(Козак: ) “Частка нашай працы як амбасады палягае ў тым, каб ведаць, што адбываецца ў краіне, і даведвацца пра гэта ня толькі ад уладаў, але і ад такіх жа людзей зь іншага флянгу”, — патлумачыў спадар Козак.

Дарэчы, у Гомель амбасадар прыехаў яшчэ ўчора. Ён меў сустрэчу з патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, цікавіўся працэсам іхнай рэгістрацыі.

(Козак: ) “Калі мы зможам заўважыць прагрэс у арганізацыі выбараў, мы зможам рухацца далей і па шляху нармалізацыі двухбаковых стасункаў”, — казаў журналістам Майкл Козак.

Аднак агульнае ўражаньне было сапсаванае сёньня раніцай, калі амбасадар ЗША сустракаўся ў прыватным доме з кіраўніком аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктарм Карніенкам. Акурат у гэты час правяраць “Ініцыятывы” прыйшла прадстаўніца ўправы юстыцыі, а пасьля яшчэ два інспэктары абласной падатковай інспэкцыі. Як заявіў Майкл Козак, гэты факт больш сьведчыць пра ўмовы ў Беларусі, чымсьці тое, што мы чуем ад прадстаўнікоў улады.
XS
SM
MD
LG