Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯЧАСЛАВА СІЎЧЫКА ЦЭНТРАЛЬНЫ СУД МЕНСКУ АРЫШТАВАЎ НА 10 СУТАК


Любоў Лунёва, Менск

У той дзень некалькі чалавек на плошчы ладзілі пікет пад антыінтэграцыйнымі лёзунгамі. Яны патрабавалі, каб расейскі прэзыдэнт папрасіў прабачэньня ў беларускага народу за зьнявагу нацыянальнай годнасьці. У той дзень міліцыянты мелі загад нікога не затрымліваць.

Пасьля ад’езду Ўладзімера Пуціна яны пачалі шукаць тых удзельнікаў пікету, якіх яны ўжо ведалі раней. Першым атрымаў позву ў міліцыю Вячаслаў Сіўчык. Судзьдзя Тацяна Паўлючук, нягледзячы на супярэчлівыя паказаньні сьведкаў з боку міліцыі, пакарала Вячаслава Сіўчыка арыштам на 10 сутак, якія ён правядзе ў сумнавядомым спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Вось як ён сам пракамэнтаваў гэты прысуд Радыё Свабода:

(Сіўчык: ) “Нарэшце мы даведаліся, колькі каштуе ў Беларусі Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін. Зразумела, што Лукашэнка служыць Крамлю. Натуральна, калі б ня страх кіраўніцтва, то наогул гэтага б суду не было. Ніякіх доказаў маёй віны сабрана не было. Мяне асудзілі за тое, што я даваў інтэрвію журналістам расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Насамрэч асудзілі за тое, што тут знайшліся людзі, якія патрабавалі ад Пуціна, каб той папрасіў прабачэньня ў беларускага народу. Натуральна, Лукашэнка папросту вельмі спужаўся, каб не падумалі, што ён не ляяльны да Крамля. Ён заўсёды праводзіў прамаскоўскую палітыку і вырашыў чарговы раз выслужыцца”.

Акрамя Вячаслава Сіўчыка, раней папярэджаньне атрымала Вера Ціцянкова. Яшчэ два ўдзельнікі пікету — Сяржук Мацкойць і Любоў Сакалоўская атрымалі позвы ў міліцыю. Гэтыя рэпрэсіі распаўсюджваюцца толькі на ўдзельнікаў антыінтэграцыйнага пікету. Ніхто з удзельнікаў “жывога ланцугу” і шэсьця наконт зьніклых асобаў позваў зь міліцыі не атрымліваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG