Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРУКТУРАХ КІРАЎНІЦТВА САЮЗУ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ЛІКВІДУЕЦЦА КАМІТЭТ У ПЫТАНЬНЯХ БЯСЬПЕКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выканаўца абавязкаў кіраўніка камітэту Іван Юркін пацьвердзіў Радыё Свабода, што гэтая структура ў органах кіраўніцтва саюзу Беларусі й Расеі ліквідуецца. Такое рашэньне, паводле Івана Юркіна, было прынятае Ўладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустэчы, якая прайшла ў Менску напачатку мінулага тыдня.

(Юркін: ) “Быў вышэйшы савет саюзу, які прыняў такое рашэньне. Вы ведаеце, што падобныя рашэньні не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. Прычына тая, што камітэт выканаў задачы, якія былі пастаўленыя”.

Камітэт у пытаньнях бясьпекі быў створаны яшчэ пяць гадоў таму. Ён быў структурай, скамплектаваную часткова расейскім ФСБ, часткова беларускім КГБ. Асноўны офіс і кіраўнік камітэту месьціліся ў Маскве і фінансаваліся з расейскага бюджэту, а ў Менску засядаў беларускі намесьнік старшыні разам з трыма памочнікамі.

Паводле зьвестак прэсавай службы КГБ, за час свайго існаваньня сумесны камітэт падрыхтаваў больш за 50 розных аналітычных дакумэнтаў у пытаньнях бясьпекі, а галоўнае, распрацаваў канцэпцыю бясьпекі саюзу Беларусі й Расеі. “Яна скіраваная на асаблівасьці саюзу, хаця, безумоўна, падобная на падобныя расейскую і беларускую канцэпцыі”, — прызнаў прэсавы сакратар КГБ Беларусі Аляксандар Базанаў.

Між тым, варта адзначыць, што гэтая канцэпцыя была прынятая яшчэ ў 1999 годзе. Пад ёй стаіць подпіс Барыса Ельцына як прэзыдэнта Расеі. За мінулыя тры гады становішча ў сьвеце значна зьмянілася: Расея стала сябраваць з НАТО, а Беларусь апынулася ў яшчэ больш глыбокай міжнароднай ізаляцыі. Да таго ж, відавочна больш жорсткай стала пазыцыя Расеі што да раўнапраўя зь Беларусьсю ў будучым саюзе. Гэтай думкі, у прыватнасьці, прытрымліваецца былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Якая можа быць агульная канцэпцыя, калі ёсьць замежнапалітычная дактрына Расеі, і ёй усё падпарадкоўваецца. І хопіць гэтых жартаў наконт канцэпцыі саюзнай дзяржавы. Бо Беларусь, калі яе далучыць да Расеі, гэта настолькі невялікі дадатак, пра які ня варта і казаць. Зноў падкрэсьлю, што спэцслужбы беларускія яшчэ не паўсталі на ногі, як іх зноў падпарадкавалі гэтай ідэі аб’яднаньня, таму яны былі і засталіся філіялам спэцслужбаў расейскіх”.

Станіслаў Шушкевіч не выключае, што расейскае кіраўніцтва проста вырашыла больш не фінансаваць структуры, ад якіх ужо ня можа быць ніякай карысьці, бо абрысы саюзу зь Беларусьсю ім ужо вызначаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG