Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КУЧМА СТАЎ СТАРШЫНЁМ СНД


Валер Каліноўскі, Кіеў

Мэта арганізатараў кіеўскай нефармальнай сустрэчы лідэраў кріанаў СНД дасягнутая. Нягледзячы на папярэднія пярэчаньні, новым старшынём арганізацыі быў абраны Леанід Кучма. Гэта можна лічыць ня столькі ягонай перамогай, колькі посьпехам Уладзімера Пуціна, які ініцыяваў гэтае прызначэньне і які старанна дэманструе сваё імкненьне наладзіць цеснае партнэрства з Украінай. Уладзімер Пуцін і абвясьціў гэтае рашэньне:

(Пуцін: ) “Паводле ініцыятывы Расейскай Фэдэрацыі, падтрыманай усімі кіраўнікамі дэлегацыяў, адзінадушна і адзінагалосна на пасаду старшыні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў абраны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма”.

Відавочна, што дзеля дружбы з Украінай Пуціну прыйшлося пайсьці і на пэўныя ахвяры. Перш за ўсё, што да ягонага іміджу ў вачах іншага саюзьніка – Аляксандра Лукашэнкі. Апошні яшчэ на Кішынёўскім саміце рашуча пратэставаў супраць старшынства Кучмы ў СНД, бо, маўляў, Украіна не зъяўляецца паўнавартасным сябрам Садружнасьці, паколькі не ратыфікавала яе Статут і іншыя пагаденьні. Сёньня ж, прыбыўшы з дэманстратыўным спазьненьнем на саміт у Кіеў, ён яшчэ ў аэрапорце нечакана заявіў, што памяняў сваю думку. Лукашэнка сказаў, што “калі гэта дзеля справы, то Беларусь у прынцыпе можа адступіцца ад сваёй пазіцыі, тым больш, што фактычна Ўкраіна ня меней за іншых бярэ ўдзел у СНД і ў разьвіцьці адносінаў у рамках СНД".

Леанід Кучма выглядаў імяніньнікам:

(Кучма: ) “Я буду адказна ставіцца да выкананьня сваіх абавязкаў як кіраўніка СНД. Дзякую”.

Цікава, што і Пуцін, і Кучма новую пасаду апошняга называлі як “старшыня” ці “галава” СНД, хаця фармальна яна гучыць як “старшыня Рады кіраўнікоў краінаў СНД”. Магчыма, маюць рацыю некаторыя ўкраінскія СМІ, якія сьцьвярджаюць, што такім чынам Леанід Кучма можа атрымаць пасаду, на якой застанецца і пасля сканчэньня свайго другога прэзыдэнцкага тэрміну. І ў адказ на гэта ён пачаў праводзіць больш прарасейскую палітыку.

У любым выпадку Ўладзімер Пуцін свайго дасягнуў, – лічаць назіральнікі ў Кіеве. Як пэўную пагрозу незалежніцкія сілы тут зразумелі адказ Пуціна на пытаньне студэнтаў Кіеўскага ўнівэрсытэту пра будучыню дачыненьняў Украіны і Расеі: “Трэба браць прыклад з Эўропы, што аб’ядноўваецца, а мы ўсё соплі жуем ды палітыканствуем”.

Сёньня Леанід Кучма паведаміў, што ён сустрэў і падтрымку па пытаньні стварэньня зоны свабоднага гандлю ў СНД. Але ўзгадненьне і прыняцьце канчатковых дакумэнтаў зноў перанесенае на наступны саміт, які пройдзе ў верасьні ў Ялце. Прапанову Кучмы падтрымлівае большасьць лідэраў СНД. У тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, які заявіў, што "калі б мы дамовіліся пра зону свабоднага гандлю і больш сур’ёзна прасунулі адносіны ва ўсіх сфэрах супрацоўніцтва дзяржаваў, хаця б да ўзроўню саюзу Беларусі і Расеі, то любыя ўтварэньні ў рамках СНД, ЭўразЭС ці ГУАМ можна было б ліквідаваць”.

Тут пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі зноў разышлася з расейскай. Уладзімер Пуцін настойліва запрашае Ўкраіну менавіта ў ЭўразЭС і стрымлівае стварэньне зоны свабоднага гандлю. У аўторак Уладзімер Пуцін, выступаючы перад студэнтамі, зазначыў, што пры ўвядзеньні рэжыму свабоднага гандлю ў СНД Расея толькі на пастаўках энэрганосьбітаў ва Украіну будзе страчваць 700 мільёнаў даляраў штогод.

Нагадаю, што з 12 прэзыдэнтаў СНД ў сталіцу Ўкраіны прыбылі толькі 8, прычым апошнім сёньня раніцай прыляцеў А. Лукашэнка. Прэзыдэнты Туркмэністану, Узбэкістану, Казахстану і Кіргізстану накіравалі ў Кіеў замест сябе прэм’ераў ці міністраў замежных спвраваў.

А. Лукашэнка перад вяртаньнем у Менск правёў кароткую трохбаковую сустрэчу з У. Пуціным і Л. Кучмам. У. Пуцін падараваў сваім калегам новае выданьне “Слова аб палку Ігаравым” на стараславянcкай, расейскай, украінскай і беларускай мовах. Ніякіх палітычных пытаньняў на гэтай сустрэчы не абмяркоўвалася — паведамілі ў прэсавай службе Леаніда Кучмы.
XS
SM
MD
LG