Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РЭЖЫМ УЗЯЎ КУРС НА ЎЗМАЦНЕНЬНЕ РЭПРЭСІЯЎ”


Ул. інф.

“Беларусь ня выканала ніводнай з умоваў дэмакратызацыі краіны, якія вылучыла АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі яшчэ некалькі гадоў таму,” – канстатуюць на пачатку лідэры дэмакратычных партыяў. Паводле заявы, летась “рэжым узяў курс на ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці. Галоўны ўдар абрынуўся на незалежныя СМІ. Тры журналісты – Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч – асуджаныя за “зьнявагу гонару й годнасьці прэзыдэнта” і зараз адбываюць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі”.

Далей у заяве згадваюцца факты абдзяржаўленьня прафсаюзаў, зьліцьця моладзевых арганізацыяў, прымусовага стварэньня голдынгу мастацка-літаратурных часопісаў, прыняцьцё закону Аб свабодзе веравызнанья, які замацоўвае прывілеяванае становішча праваслаўнай царквы, а таксама рэпрэсіяў супраць прадстаўнікоў апазыцыі ды абаронцаў Курапатаў. Усё гэта, на думку лідэраў палітычных партыяў, сьведчыць аб таталітарызацыі грамадзкага жыцьця.

Кампанія па выбарах у мясцовыя саветы “толькі пацьвердзіла гэтую тэндэнцыю. Яна праходзіць у недэмакратычных умовах. Толькі адзін прыклад. З больш як 72 тысяч сяброў участковых выбарчых камісіяў толькі 162 прадстаўляюць партыі. Прычым толькі траціна зь іх ёсьць прадстаўнікамі апазыцыі, а дзьве траціны рэпрэзэнтуюць праўрадавыя партыі”.

Лідэры дэмакратычных партыяў расцэньваюць новы мандат місіі АБСЭ ў Беларусі не як саступку з боку беларускага рэжыму, а як крок насустрач Лукашэнку. Яны лічаць, што ніводзін пункт рэзалюцыі, прынятай ПАРЭ ў 2002 годзе, ня выкананы, а значыць няма ніякіх падставаў для легітымізацыі нацыянальнага сходу ў міжнародных арганізацыях.

“Аднабаковыя саступкі Захаду толькі ўзмоцняць дыктатуру ў Беларусі ды істотна ўскладняць становішча дэмакратычных сілаў, якія процістаяць беларускаму рэжыму”, – гаворыцца ў заяве лідэраў беларускіх дэмакратычных партыяў.

Заяву падпісалі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Анатоль Лябедзька, ад Партыі камуністаў беларускай – Сяргей Калякін, ад Беларускай партыі працы – Аляксандар Бухвостаў і ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады – Станіслаў Шушкевіч.
XS
SM
MD
LG