Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 САКАВІКА Ў МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ НАРОДНЫ МАРШ “ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ідэя правесьці Народны марш належыць групе апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў: Андрэю Саньнікаву, Людміле Гразновай, Юрыю Хашчавацкаму, Валерыю Шчукіну ды іншым. Ідэю падтрымалі грамадзянская ініцыятыва “Хартыя-97”, страйкам прадпрымальнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Валерыя Леванеўскага, аб’яднаньне “Прыватная ўласнасьць”, рух “Зубр” і шэраг рэгіянальных апазыцыйных арганізацыяў.

Дзеля чаго патрэбнае правядзеньне маршу, распавядае каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Пасьля таго як людзі атрымаюць новыя плацёжкі, стыхійны народны марш можа пачаца значна раней. Мае бацькі маюць 40 гадоў працоўнага стажу і толькі 100 тысяч пэнсію. Дык вось, за гэты месяц яны плацілі недзе 70000, а зараз паводле прагнозаў уся бацькава пэнсія пойдзе на аплату камунальных паслугаў. Паводле нашых ацэнак, гэта другі вялікі рабунак народу. Першы быў пры Гарбачове і Кебічы, а зараз другі. Нават расейскі дэфолт менш паўплываў на жыцьцё людзей”.

Арганізатары гавораць, што Народны марш пройдзе 12 сакавіка ў цэнтры Менску. Час і месца збору пакуль не называецца, бо яшчэ ідуць перамовы зь іншымі апазыцыйнымі сіламі, а таксама не пададзеная адпаведная заяўка ў Менгарвыканкам.

Валеры Леванеўскі сёньня паведаміў, што на знак салідарнасьці з удзельнікамі маршу “За лепшае жыцьцё”, прыватныя прадпрымальнікі правядуць 12 сакавіка аднадзённы страйк на рынках многіх гарадоў. У 30 рэгіёнах Беларусі таксама пройдуць акцыі “За лепшае жыцьцё” рознага фармату. Гаворыць каардынатар руху “Зубр” Уладзімер Кобец:

(Кобец: ) “Пайшоў дзявяты год з часу панаваньня незаконнага дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. Гэты дзявяты год выкрэсьлены з жыцьця народу, краіны, з нашага жыцьця. Сёньня і мне, і маім паплечнікам вельмі цяжка глядзець у вочы нашым бацькам, якія вымушаныя трываць гэтае цяжкае жыцьцё. Ні яны, ні мы, ні нашыя дзеці ня вартыя такога лёсу, на які нашую краіну вырак Аляксандар Лукашэнка. Ён мусіць сысьці”.

Ня ўсе апазыцыйныя партыі вітаюць ідэю правядзеньня маршу. АГП падтрымлівае гэтую акцыю, Аб’яднаныя сацыял-дэмакраты яшчэ ня вызначыліся, “Народная грамада”, паводле яе лідэра, Міколы Статкевіча, зараз занятая выбарчай кампаніяй. А кіраўніцтва партыяў БНФ і КХП БНФ рыхтуюцца да правядзеньня акцыі з нагоды 85-х угодкаў Акту 25 сакавіка, таму ўваходзіць у аргкамітэт Народнага маршу не зьбіраюцца.
XS
SM
MD
LG