Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЎСКРАЙКУ МЕНСКУ ЗЬЯВЯЦЦА ВУЛІЦЫ ІГНАТА ДАМЕЙКІ, БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА І ПАЎЛЮКА ТРУСА


Ганна Соусь, Менск

Больш за паўгадзіны разам з кіроўцам таксі я шукала Вялікую Сьцяпянку — раён, дзе, згодна з рашэньнем менскіх уладаў ад 23 студзеня, зьявяцца вуліцы імя беларускага навукоўца Ігната Дамейкі, стваральніка першай граматыкі беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча й паэта Паўлюка Труса.

Высьветлілася, што Вялікая Сьцяпянка — гэта раён катэджаў побач з былым лецішчам кіраўніка КГБ БССР Лаўрэнція Цанавы. Тут будуюцца адмысловыя катэджы для багатых беларусаў. Будучых жыхароў вуліцы імя Дамейкі я сёньня не сустрэла, а вось з адным з будаўнікоў катэджаў спадаром Віктарам паразмаўляць давялося.

(Віктар: ) “Нашых продкаў ня варта забываць. Кім мы можам ганарыцца, тымі імёнамі й трэба называць вуліцы. Гэта як праспэкт Францыска Скарыны, гэта вельмі слушна”.

Гэтак жа мяркуе і кіроўца таксі, якому давялося доўга шукаць будучыя вуліцы Дамейкі, Тарашкевіча й Труса:

(Кіроўца: ) “Імёны вядомыя, а вуліц яшчэ няма. Але яны павінны быць дзеля Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся да таго, што такія вуліцы зьяўляюцца на ўскрайку гораду — там, дзе й людзей няшмат будзе хадзіць?”

(Кіроўца: ) “Вядома, хацелася б, каб яны былі ў цэнтры, але ж гэта ад нас не залежыць”.

Што тычыцца цэнтральнай часткі гораду, то там тым жа рашэньнем менскіх уладаў стала даўжэйшай вуліца Леніна. Цяпер яна будзе цягнуцца ад плошчы Свабоды аж да Партызанскага праспэкту.

Рашэньне пра зьяўленьне вуліц Дамейкі, Тарашкевіча й Труса было прынятае пасьля неаднаразовых зваротаў да менскіх уладаў прадстаўнікоў Таварыства беларускай мовы. Гаворыць намесьнік сташыні ТБМ Сяргей Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Мы рады й сапраўды ўдзячныя, што працэс скрануўся зь мёртвай кропкі. ТБМ ужо ня першы год зьвяртаецца да ўладаў, каб зьмяніліся назвы вуліцаў ці былі названыя новыя ў гонар выдатных беларусаў. Сёлета мы будзем прасіць улады Менску, каб яны надалі адной зь менскіх вуліц імя вядомага беларускага паэта Тодара Кляшторнага, якому сёлета спаўняецца 100 гадоў. Таксама будзем прапаноўваць надаць вуліцам імёны Язэпа Лёсіка, вядомага беларускага навукоўца і палітычнага дзеяча, якому спаўняецца сёлета 120 гадоў, і беларускага драматурга Францішка Аляхновіча”.

Паводле Сяргея Кручкова, пакуль амаль нерэальна дамагчыся перайменаваньня цэнтральных вуліцаў з камуністычнымі назвамі, але магчыма ўплываць на тое, як называюць новыя вуліцы. Як паведаміла Радыё Свабода сакратар камісіі ў справе перайменаваньня вуліцаў Марыя Станкевіч, у Менску цяпер няма вуліцаў бяз назваў, а што тычыцца новых, то, хутчэй за ўсё, адна зь першых атрымае імя Міхаіла Пташука.

Варта дадаць, што імёнамі слынных дзеячоў беларускай навукі і культуры пакуль што называюць ня самыя прэстыжныя вуліцы і плошчы сталіцы. Прыкладам, плошча Францішка Багушэвіча, якую раней называлі проста “кальцо на Дзяржынскага”, ёсьць вялікай транспартнай разьвязкай, і дагэтуль яна мала вядомая менчукам. Дарэчы, былі бясплённыя і спробы грамадзкасьці зьмяніць назву Інтэрнацыянальнай вуліцы — на вуліцы Манюшкі й Багушэвіча.
XS
SM
MD
LG