Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЕСЬНЯРЫ” ХОЧУЦЬ ЗАХАВАЦЬ СТЫЛЬ, ЯКІ НЕКАЛІ АБРАЎ ДЛЯ АНСАМБЛЮ ЎЛАДЗІМЕР МУЛЯВІН


Ігар Карней, Менск

Дырэктар “Песьняроў” Ігар Сьвечкін лічыць, што ансамбль захаваецца і прадоўжыць шлях, якім вёў яго Ўладзімер Мулявін:

(Сьвечкін: ) “Будзем працаваць. Калектыў жыве, плянуе працягваць усё тое, што Ўладзімер Георгіевіч зрабіць не пасьпеў. Ёсьць новыя задумы; наконт іх мы раіліся з Мулявіным, калі ён ляжаў у Маскве. Паказвалі яму, ён слухаў, падказваў, што і як лепш зрабіць. Але ад старых шлягераў адмаўляцца ня будзем, бо людзі нас не зразумеюць. Пакуль канцэртаў ня будзе. Натуральна, трэба ачуняць пасьля таго, што адбылося. Але з упэўненасьцю кажу: мы застаемся вернымі таму стылю, які абраў Уладзімер Георгіевіч. Мы часта зь ім размаўлялі наконт пэрспэктываў, і ён сам казаў: жыцьцё ёсьць жыцьцё, трэба жыць далей”.

Зрэшты, адразу пасьля сьмерці Мулявіна можна было пачуць меркаваньні, што “Песьнярам” нічога не застаецца, як спыніць існаваньне: без Мулявіна гэта будзе ня той калектыў. Але былі і супрацьлеглыя думкі: маўляў, настаў час прымірэньня былых калегаў, якія разышліся паводле асабістых поглядаў на творчы працэс.

Уладзіслаў Місевіч быў першым сапраўдным паплечнікам Уладзімера Мулявіна. Распачыналі працаваць разам задоўга да “Песьняроў”, у калектыве “Арбіта-67”. Чатыры гады таму іхныя шляхі разышліся, і Місевіч узначаліў новы калектыў пад назовам “Беларускія песьняры”. Зараз працуе пераважна ў Расеі. На верагоднасьць яднаньня ранейшых ды цяперашніх удзельнікаў “Песьняроў” адрэагаваў так:

(Місевіч: ) “На прапанову аб’яднаньня мы адказваем адназначна: пра гэта ня можа быць гаворкі, бо няма з кім яднацца. Толькі біяграфія Барткевіча мае ў “Песьнярах” сваю законную старонку. Усе астатнія людзі прыходзілі невядома адкуль. Ня выключана, штосьці калісьці будзе створана. Зьявіўся, прынамсі, Шарапаў — музыкант са здольнасьцямі і адукацыяй, які можа рабіць аранжыроўкі. Барткевіч колісь сам прапаноўваў аб’яднацца. Але гэта азначае вярнуцца ў дзяржаўную структуру, бо “Песьняры” на бюджэце — гэтак жа як тэатар, філярмонія. Для нас гэта выключана. Патрэбна будзе пачынаць з нуля. На якой базе? На якім багажы? На падставе Валодзевага скарбу? Музычную стратэгію трэба выпрацоўваць Але з кім? Усё патрэбна мяняць. Набіраць новых людзей? — але гэта нелягічна”.

Дзяржаўны ансамбль “Песьняры” наўпрост падпарадкоўваецца Міністэрству культуры. Але тут сьцьвярджаюць, што ўплываць на творчы працэс ня маюць ніякага маральнага права. Затое паабяцалі, што нарэшце будзе вырашаная праблема студыі.

Два гады таму “Песьняры” павінныя былі атрымаць ад дзяржавы сучасную студыю на вуліцы Сурганава ў Менску. Аднак адсутнасьць фінансаваньня традыцыйна адцягвала тэрмін здачы аб’екту. З гэтай прычыны “Песьняры” бясконца хадзілі, так бы мовіць, на паклон да іншых ўладальнікаў сталічных студыяў — Анатоля Ярмоленкі і Аляксандра Ціхановіча.
XS
SM
MD
LG