Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА МАНАПАЛІЗУЕ ЗЬНЕШНІ ГАНДАЛЬ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і наш аглядальнік Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “27 студзеня на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася пытаньне аб зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Галоўнай праблемай у гэтай сфэры было аб’яўлена існаваньне пасярэднікаў, ролю якіх выконваюць замежныя прыватныя фірмы. Другой праблемай беларускага экспарту і імпарту зьяўляецца вялікая доля бартэрных апэрацыяў.

Апошні час кіраўнік дзяржавы пачаў надаваць вялікую ўвагу зьнешнеэканамічай дзейнасьці, асабліва тых сфэраў, якія маюць справу з высокапрыбытковымі таварамі. У сьнежні мінулага году былі прынятыя два прэзыдэнцкія дэкрэты, якія тычацца экспарту і імпарту тытунёвых і алькагольных тавараў. 15 студзеня на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася становішча з вытворчасьцю і імпартам рыбы і морапрадуктаў. І вось новая нарада.

Чаму такая вялікая ўвага гэтай эканамічнай сфэры? Можа, сапраўды тут выявіліся нейкія вялікія правалы, нейкая крытычная сытуацыя раптам здарылася?”

(Леанід Злотнікаў: ) “Па-першае, мы памятаем нядаўні скандал у канцэрне “Беллеспрам”. Там высьветлілася, што пры гандлі прадукцыяй лесаапрацоўкі частка прыбытку засталася ў пасярэднікаў.

Па-другое, вядома, што пры існаваньні двухкаляёвай эканомікі, то бок паралельнага існаваньня прыватнага і дзяржаўнага сэктараў, непазьбежна адбываецца перапампоўваньне дзяржаўных грошай у кішэні прыватных бізнэсоўцаў.

Па-трэцяе, Лукашэнка даўно ня любіць пасярэднікаў і вядзе зь імі барацьбу. Па-чацьвертае, ён імкнецца ўзяць усе сфэры пад кантроль дзяржавы, і вельмі ня любіць, калі прыватны бізнэс зарабляе шмат грошай. Таму існуе шмат чыньнікаў для манапалізацыі дзяржаваю зьнешняга гандлю”.

(Міхал Залескі: ) “Калі шукаць заканамернасьці такіх дзеяньняў, то можна прыйсьці да наступнай высновы. Беларуская эканоміка арыентаваная на экспарт, ад якога залежыць паступленьне валюты. Але ўжо некалькі гадоў праяўляецца такая тэндэнцыя, што за кожную фізычную адзінку экспартнай прадукцыі Беларусь атрымлівае ўсё менш грошай. Як вынік, напрыклад, у гандлі з Расеяй у нас вялікае адмоўнае сальда. Атрымліваецца, што экспарт робіцца нявыгадным для краіны, эканоміка якой трымаецца на экспарце. Лукашэнка ня можа пра гэта ня ведаць. І гэта выклікае непакой. Таму што страта валюты, страта кантролю над фінансавымі плынямі можа выклікаць хісткасьць улады і нават яе страту”.

(Карбалевіч: ) “У мяне ствараецца ўражаньне, што кіраўніцтву дзяржавы тэрмінова спатрэбіліся грошы. І яно зьвярнула пільную ўвагу на тыя сфэры эканомікі, дзе іх можна атрымаць хутка і ў больш-менш значнай колькасьці.

Ці ёсьць рацыянальнае зерне ў кампаніі барацьбы з пасярэднікамі? Можа, сапраўды яны — галоўнае зло нашай эканомкі? На нарадзе былі прыведзеныя канкрэтныя лічбы. Напрыклад, пры экспарце калійных угнаеньняў дзяржава штогод страчвае каля 50 мільёнаў даляраў.

Ці той жа бартэр, які зьяўляецца даўняй хваробай нашай эканомікі. Магчыма, зусім слушна Лукашэнка пачаў паход супраць бартэрных апэрацыяў у зьнешнім гандлі?”

(Злотнікаў: ) “Сапраўды, ёсьць падставы для навядзеньня парадку ў зьнешнім гандлі. Але без пасярэднікаў абысьціся нельга. Гэта вядома ня толькі эканамістам. У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб тым, каб аднаго пасярэдніка замяніць на другога. Толькі па невялікім коле тавараў магчымая сытуацыя, калі адно прадпрыемства пастаўляе прадукцыю другому без пасярэднікаў.

Адзін мой знаемы, вопытны дзяржаўны чыноўнік, казаў, што год існаваньня дзяржаўнага прадпрыемства каштуе дзяржаве 10% кошту яго фондаў. Таму што крадуць. Так што рацыянальнае зерне ў абвінавачаньнях у нерацыянальным гаспадараньні ёсьць. Але прапанаваныя Лукашэнкам шляхі пераадоленьня гэтых праблемаў ідуць ня ў тым напрамку.

Што тычыцца бартэру, то гэта сродак выжываньня стратных прадпрыемстваў, якія спрабуюць адцягнуць сваё банкруцтва. Доля бартэру займае траціну ўнутранага гандлю і 1/7 частку зьнешняга гандлю Беларусі. Гэтыя вялікія лічбы сьведчаць аб дрэнным стане нашай эканомікі. Акрамя таго, бартэрны гандаль стварае непразрыстую сытуацыю, у якой значна лягчэй красьці. Таму кіраўніцтва краіны і спрабуе паменшыць долю бартэру”.

(Залескі: ) “Лукашэнка спрабуе рэальныя праблемы ў эканаміцы выкарыстаць у сваіх палітычных інтарэсах. Жаданьне замяніць бартэрныя разьлікі грашовымі вельмі добрае. Але тут ёсьць два бакі. Калі нашым прадпрыемствам замежныя партнэры плацяць грашыма за тавар — гэта прыемна. А калі мы мусім разьлічвацца грашыма за тавар, то гэта кепска.

Як мы можам разьлічвацца поўнасьцю грашыма за энэргарэсурсы, за сыравіну, за камплектныя дэталі, калі ў нас траціна прадпрыемстваў стратная стабільна, яны не вылазяць са стратаў гадамі. А ў некаторых кварталах на працягу году доля стратных прадпрыемстваў даходзіць да 40 і нават 50%. Што ў такім выпадку рабіць? Тут бяз бартэру не абысьціся. Як кажуць, “калі топісься, то і за брытву схопісься”. Бартэр — гэта саломінка, за якую спрабуюць ухапіцца стратныя прадпрыемствы.

Зь іншага боку, Лукашэнка спрабуе ўстанавіць кантроль над фінансавымі плынямі. Таму што ў адрозьненьне ад бартэрных угодаў, угоды з грашыма зьяўляюцца больш празрыстымі для кантролю. А бартэрныя схемы часта прыводзяць да таго, што нашы трактары прадаюцца па бартэры таньней, чым яны каштуюць на трактарным заводзе”.

(Карбалевіч: ) “Да якіх практычных наступстваў можа прывесьці патрабаваньне перадаць пад кантроль дзяржаўных структураў экспарт і імпарт найбольш прыбытковых тавараў? Здавалася б, гістарычны вопыт пераканаўча даводзіць, што дзяржаўная манаполія ў эканоміцы ні да чаго добрага прывесьці ня можа?”

(Злотнікаў: ) “Адбудзецца пераразьмеркаваньне грашовых плыняў. Больш грошай апынецца ў дзяржаўных структурах. Паколькі ад пасярэднікаў, паўтараю, пазбавіцца немагчыма, гэтую функцыю возьмуць на сябе дзяржаўныя структуры. Дзяржаўныя пасярэднікі будуць менш прадпрымальныя, таму гэта адназначна прывядзе да павелічэньня стратаў і росту сабекошту гандлю. Узмоцніцца карупцыя. Для спажыўцоў імпартныя тавары стануць даражэйшыя можа на 2–3%, а магчыма і на 5–10%”.

(Залескі: ) “Сапраўды, ёсьць добры досьвед дзяржаўнай манаполіі на зьнешнеэканамічную дзейнасьць. У СССР існвала такая структура як “Экспартхлеб”, якая пачала працаваць у той час, калі краіна яшчэ экспартавала хлеб, а скончыла тым, што з 1963 году да канца існаваньня той дзяржавы не прадавала, а купляла хлеб.

Калі параўноваць гандаль з хімічнымі працэсамі, то можна зазначыць, што пасярэднік — гэта як бы каталізатар. І безь яго будзе ісьці рэакцыя, але зь ім значна хутчэй.

Тут прыводзіўся прыклад аб стратах “Беларуськалію” ад продажу калійнай солі праз пасярэднікаў. Давайце вернемся да тэмы праз год і пабачым, ці мінус у 50 мільёнаў даляраў ператварыўся у плюс без пасярэднікаў”.

(Злотнікаў: ) “Хацеў бы прывесьці адзін прыклад. Вядома, што ў СССР дзяржаўная манаполія існавала на ўсё, у тым ліку на зьнешні гандаль. У пэрыяд так званага “застою” адбыўся вялікі скандал. У кансэрвавых банках пад надпісам “селядцы” вывозілі за мяжу вагонамі чырвоную ікру. За гэтае злачынства міністар рыбнай гаспадаркі быў пакараны расстрэлам. Гэта сьведчаньне таго, якіх памераў набывае карупцыя, калі чынавенства разьмяркоўвае дзяржаўную маёмасьць”.

(Карбалевіч: ) “Акрамя таго, што ўзмацняецца кантроль дзяржавы над зьнешнім гандлем, адбываецца перадзел сфэраў кантролю паміж дзяржаўнымі ведамствамі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя пераходу ў рукі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта найбольш прыбытковых экспартна-імпартных апэрацыяў: лес, тытунёвыя вырабы, алькагольныя, рыбныя прадукты, цукар і г.д. На згаданай нарадзе прынялі рашэньне перадаць частку экспарту трактароў фірме “Белзьнешторгінвэст”, якая належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта.

Незалежныя СМІ прагназавалі, што можа адбыцца пераход пад поўны кантроль гэтай структуры найбольш прыбытковых зьнешнегандлёвых плыняў (напрыклад, экспарт нафтапрадуктаў, мінэральных угнаеньняў і іншых твараў). Аднак падчас нарады гэтага не адбылося. Кантроль над таварамі крытычнага імпарту даручана ажыцьцяўляць Міністэрству гандлю. Ці можна гэта разглядаць як параза структуры спадарыні Жураўковай?”

(Злотнікаў: ) “Гандаль таварамі крытычнага імпарту не дае вялікіх прыбыткаў, ён празрысты. Таму няма асаблівага сэнсу перадаваць яго Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Найбольш прыбытковыя галіны эканомікі ўжо знаходзяцца пад кантролем Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Напрыклад, гэта экспарт лесу, мастацкія промыслы, якія даюць валюту, і іншае.

Але нельга ж усё аддаваць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Таму што тады нічога не застанецца для дзяржаўнага бюджэту. Ёсьць жа нейкая мяжа, дзе трэба і спыніцца”.

(Залескі: ) “Мы бачым тут варыянт, які сто разоў адбываўся ў Лацінскай Амэрыцы пасьля Балівару. Ідзе пераразьмеркаваньне паміж набліжанымі да кіраўніка дзяржавы групоўкамі кантролю над маёмасьцю, фінансамі, уладаю і іншае. І гэтая барацьба паміж групоўкамі ў кіраўніцтве краіны ніяк ня зьвязанач з жыцьцём людзей”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, на мой погляд, галоўныя прычыны пільнай увагі кіраўніка дзяржавы да праблемаў зьнешняга гандлю трэба шукаць у палітычных чыньніках. Напярэдадні маштабных палітычных кампаніяў патрэбныя вялікія грошы. І Лукашэнка іх шукае.

Грошы патрэбныя ня толькі на прапагандысцкае забесьпячэньне кампаніі, але і на падвышэньне заробкаў, пэнсіяў, як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Прычым пажадана, каб гэтыя грошы канцэнтраваліся не ў дзяржбюджэце, а ў прэзыдэнцкім фондзе. Таму на пярэдні плян выходзіць Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, як структура падпарадкаваная асабіста кіраўніку дзяржавы, камэрцыйная дзейнасьць якой значна больш непразрыстая, чым гандаль праз пасярэднікаў”.
XS
SM
MD
LG