Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СЭСІІ ПАРЭ АБМЯРКОЎВАЛАСЯ СВАБОДА ПРЭСЫ


Ірына Халіп, Страсбур

Плянавалася, што дэпутаты пасьпеюць абмеркаваць і прыняць даклад яшчэ падчас ранішняга паседжаньня, але эўрапейскія парлямэнтары прапанавалі столькі паправак, што абмеркаваньне працягвалася амаль што ўвесь дзень, і нават генэральнага сакратара Рады Эўропы Вальтэра Швімэра, чый выступ перад дэпутатамі быў прызначаны на дзённае пленарнае паседжаньне, папрасілі пачакаць поўгадзінкі, а ўрэшце рэшт ён чакаў паўтары гадзіны, пакуль ішло абмеркаваньне свабоды прэсы ў эўрапейскіх краінах.

Дэпутат Сейму Літвы Вацлаў Станкевіч прапанаваў дзьве папраўкі да дакладу, і абедзьве тычацца Беларусі. Па-першае, у параграф 3, дзе гаворка ідзе пра тое, што гвалт над журналістамі дагэтуль існуе ў 4 краінах – Арменіі, Македоніі, Грузіі і Ўкраіне – Станкевіч прапанаваў дадаць і Беларусь. І па-другое, ён прапанаваў дадаць у даклад зьнікненьне Зьмітра Завадзкага ў Беларусі і запісаць гэта ў адзін радок з забойствам украінскага журналіста Георгія Гангадзэ. Абедзьве папраўкі былі прынятыя амаль што аднагалосна.

Затое Асамблея не прыняла папраўку, якую прапанавалі некалькі расейскіх дэпутатаў: выкрэсьліць з дакладу інфармацыю пра турэмнае пакараньне Рыгора Пасько. Маўляў, па-першае, ён ужо вызвалены, а па-другое, у турму трапіў не за журналісцкую дзейнасьць, а за парушэньне статуту ваенна-марскіх сілаў Расеі, афіцэрам якіх ён зьяўляўся. Папраўку большасьцю галасоў не прынялі

Таксама падчас дэбатаў Парлямэнцкая Асамблея аднагалосна асудзіла забойства старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Армэніі Тыграна Нагдаляна.

Як паведаміў сёньня старшыня адмысловай камісіі для расьследаваньня зьнікненьняў вядомых асобаў у Беларусі Сяргей Кавалёў, заўтра раніцай ён будзе сустракацца з былым старшынём сьледчага камітэту МУС Беларусі Леанідам Глухоўскім, які прылятае ў Страсбур літаральна на адзін дзень як дэпутат палаты прадстаўнікоў, але толькі для сустрэчы зь Сяргеем Кавалёвым. Чарговае паседжаньне адмысловай камісіі прызначанае на чацьвер.
XS
SM
MD
LG