Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ РАЗЬВІТАЛАСЯ З УЛАДЗІМЕРАМ МУЛЯВІНЫМ


Ігар Карней, Менск

Сьвята-Духаў катэдральны сабор ня здолеў зьмясьціць усіх, хто прыйшоў разьвітацца з Уладзімерам Мулявіным. Нават даўнія сябры “Песьняроў” з ансамблю “Арэра”, якія адмыслова прыляцелі з Тбілісі, амаль паўгадзіны чакалі на вуліцы, перш чым патрапіць у царкву. Але саліст гурту Сасо Жванія кажа, што адлегласьць ня мае ролі, калі едзеш да сябра.

(Жванія: ) “Валодзя, якога мы паміж сабой пяшчотна называлі “Муля”, ад нас не сышоў. Пакуль “Арэра” жыве, для нас будзе жывы і ён. Аднойчы ён у мяне запытаў: як гэта вы сьпяваеце такія складаныя паліфанічныя песьні? Я і адказваю: ведаеш, гэта вельмі проста. Два грузіны за сталом і жбан віна — гэта ўжо трохгаласавая песьня. У 2001 годзе “Песьняры” выступалі на 40-годзьдзі “Арэры”, і ён узгадаў мне гэтую прымаўку. Але я тады адказаў: вы самі стварылі цэлую эпоху ў эстрадным жанры. І заслуга ў гэтым выключна твая, Валодзя”.

Напярэдадні здарылася невялікая затрымка, бо ад пачатку плянавалася, што адпяваньне нябожчыка будзе праводзіць асабіста мітрапаліт Слуцкі і Менскі Філарэт. Але раніцай мітрапаліт тэрмінова адляцеў у ЗША на сымпозіюм найвышэйшых рэлігійных кіраўнікоў, чым парушыў графік арганізатараў пахаваньня.

Калі пасьля адпяваньня труну зь целам Уладзімера Мулявіна пагрузілі ў катафалк, я падышоў да сямейнага дуэту, які колісь быў візытоўкай другога знакамітага ансаблю “Верасы”. І Аляксандар Ціхановіч, і Ядвіга Паплаўская не хавалі, што сваёй кар’ерай яны абавязаныя наўпрост Мулявіну.

(Паплаўская: ) “Валодзя адносіць з сабой бязьмежную любоў і павагу ўсіх людзей, якія перакрыжоўваліся зь ягонай творчасьцю ці зь ім самім. А гэта, шчыра кажучы, мільёны. А калі зусім праўдзіва, то калі б не было “Песьняроў”, то не было б і “Верасоў”. Гэта адназначна”.

(Ціхановіч: ) “Беларусь сёньня згубіла сапраўднага “Песьняра”, песьняра Беларусі. Мне здаецца, што ён на тым жа ўзроўні, што Янка Купала, Якуб Колас. Гэта ўвасабленьне нашага часу, увасабленьне нашай дзяржавы. Шкада, канечне, што так адбылося, але ўсё, як кажуць, у руках Божых. Нам жа застаецца толькі маліцца і прасіць Бога, каб ён прыняў Валодзю ў сябе, і каб той мог надалей удасканальвацца, а мы, у сваю чаргу, маглі заўсёды захоўваць аб ім памяць”.

Толькі зараз разумееш, колькі шмат было ў Мулявіна аднадумцаў. Сяброўскі стаж у многіх пераваліў за тры дзясяткі гадоў. Вось што ўзгадвае кампазытар і выканаўца Ізмаіл Каплан:

(Каплан: ) “У 1967 годзе, калі я стварыў ансамбль “Арбіта-67”, гітарыстам у гэтым ансамблі быў Уладзімер Мулявін. Тут у яго былі першыя аранжыроўкі, якія ён рабіў для Нэлі Багуслаўскай. Таму нас зьвязвала вельмі доўгае сяброўства — і чалавечае, і творчае. Таму вельмі спачуваю, што гэтага геніяльнага чалавека больш няма”.

Але яшчэ больш сабралася ля Дому афіцэраў тых, хто быў выдатна знаёмы не асабіста з Мулявіным, але зь ягонай творчасьцю. Чаргу сілы бясьпекі сфармавалі яшчэ за гадзіну да таго, як у Дом афіцэраў прывезьлі труну. Наступныя тры гадзіны запар людзі ішлі, каб разьвітацца з сапраўды народным артыстам. Адна жанчына нават выказалася, што хопіць акцэнтаваць увагу на тым, дзе нарадзіўся Мулявін. Трэба гаварыць, дзе ён стаў чалавекам і якая краіна па-сапраўднаму стала ягонай Радзімай.

(Спадарыня: ) “Гата наш боль у сэрцы, больш нічога. А Мулявін беларус на 150, а то і на 200%. Большы беларус, чым, можа быць, мы ўсе. Няхай так і застанецца ў гісторыі”.

Паказальна, што далёка ня ўсе сябры і паплечнікі Мулявіна здолелі патрапіць у залю Дому афіцэраў. Рыхтуючыся да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, міліцыя катэгарычна адмаўлялася пускаць наведнікаў без чаргі. У часе перамоваў з прадстаўнікамі службы аховы Лукашэнкі я сустрэў заслужаную артыстку Беларусі Надзею Мікуліч.

(Мікуліч: ) “Сядзела дома, узгадвала, як усё пачыналася. Як ні банальна, міжволі параўноўваеш зь “Бітлз”. Маё пакаленьне расло на музыцы “Бітлз” і “Песьняроў”. Таму згубіць геніяльнага чалавека — гэта страшна балюча”.

(Карэспандэнт: ) “Па якой прычыне вас не пускаюць?”

(Мікуліч: ) “Трэба адстаяць чаргу, а за сёньняшні дзень усе адназначна ня пройдуць. Мяне ніхто не пазнае, нікому няма справы, што мы разам працавалі, блізка сябравалі. Калісьці я яго называла на “вы”, а потым стала дарослай, і вельмі лёгка перайшла на “ты”. Усё гэта вельмі балюча”.

Увечары Ўладзімер Мулявін быў пахаваны на Ўсходніх могілках Менску, на гэтак званай алеі пачэсных грамадзянаў, побач са Стэфаніяй Станютай і кінарэжысэрам Міхаілам Пташуком.
XS
SM
MD
LG