Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ ПЕРАШКАДЖАЮЦЬ РЭГІСТРАЦЫІ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ АД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ


Уладзімер Глод, Менск

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч прыводзіць некалькі фактаў. Вось якія выпадкі, напрыклад, зафіксаваныя ў Берасьці:

(Статкевіч: ) “Студэнты мясцовага ўнівэрсытэту, у нас там два ёсьць кандыдаты ў дэпутаты, былі запрошаныя да сваіх дэканаў і іх папярэдзілі: альбо здыміцеся з выбараў, альбо не здасьцё сэсію. У Магілёве наш абласны кіраўнік Аксана Бярнацкая, кандыдат у дэпутаты абласнога савету. Там шантаж. Яна прапісаная ў інтэрнаце, але здымае прыватную кватэру. Прымусілі пашпартыстку Аксану выпісаць. І зараз яна бомж. А цяпер кажуць, што калі Аксана ня здымецца з выбараў, дык пашпартыстку, гэтую бедную жанчыну, звольняць з працы”.

У Новалукомлі адмовілі ў рэгістрацыі яшчэ аднаму прадстаўніку “Народнай грамады”, кандыдату ў дэпутаты Віцебскага абласнога савету — Аляксею Габрыелю. Прычына ў тым, што ён нібыта няправільна запоўніў дэклярацыю аб даходах і маёмасьці. Між тым, паводле Міколы Статкевіча, спадара Габрыеля вельмі паважаюць у горадзе, і партыя разглядала яго як рэальнага кандыдата, які меў усе шанцы на мандат. 28 студзеня Аляксей Габрыель абскардзіў рашэньне акруговай камісіі.

Адмовы ў рэгістрацыі зафіксаваныя і ў дачыненьні да прадстаўнікоў іншых апазыцыйных партыяў. У прыватнасьці, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі пацярпелі ў Барысаве і Пухавіцкім раёне, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — у Віцебску.

Што ж тычыцца Менску, дык тут 28 студзеня паседжаньні выбарчых камісіяў, хаця першапачаткова яны і плянаваліся, не адбыліся. Паводле сяброў камісіяў, узьнікла патрэба ў дадатковых праверках. Таму ў Менску рэгістрацыя адбудзецца 29-га, а ў некаторых акругах нават 30 студзеня — у апошні дзень рэгістрацыі.
XS
SM
MD
LG