Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПРАІГНАРАВАЎ ДВУХБАКОВЫЯ СУСТРЭЧЫ Ў РАМКАХ КІЕЎСКАГА САМІТУ СНД


Валер Каліноўскі, Кіеў

У Міністэрстве замежных справаў Украіны паведамілі, што прычына такога спазьненьня Аляксандра Лукашэнкі – перагружаны асабісты графік беларускага лідэра.

Але такім чынам ён фактычна адмовіўся ад двухбаковых сустрэчаў зь лідэрамі краінаў СНД, якія заплянаваныя на першы дзень саміту. У МЗС Украіны паведамляюць, што Аляксандар Лукашэнка прыляціць у Кіеў толькі на пачатку 10-й гадзіны 29 студзеня. Ён зможа прыняць удзел у паўтарагадзінным пленарным паседжаньні лідэраў краінаў СНД. Пакуль невядома, ці адбудзецца асабістая сустрэча А. Лукашэнкі з гаспадаром саміту, прэсавая служба Л. Кучмы паведамляе пра заўтрашнюю трохбаковую сустрэчу кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Украіны.

На нефармальныя саміты пэўны парадак дня не рыхтуецца. Леанід Кучма прапанаваў калегам абмеркаваць пытаньні эканамічнага, энэргетычнага і транспартнага супрацоўніцтва, а таксама праблему стварэньня зоны свабоднага гандлю, якая ўжо некалькі гадоў ініцыюецца Ўкраінай. Крыніцы ў МЗС Украіны таксама сьцвярджаюць, што будзе разглядацца і магчымасьць рэалізацыі прапановы Ўладзімера Пуціна, якая прагучала на Кішынёўскім саміце, аб прызначэньні старшынём Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД Леаніда Кучмы. Гэтую ідэю ўжо сёньня падтрымаў прэзыдэнт Малдовы Ўладзімер Варонін.

Затое супраць гэтага выступае А.Лукашэнка, і ў Кіеве не выключаюць, што менавіта гэта прымусіла яго даволі стрымана аднесьціся да запрашэньня Леаніда Кучмы ды праігнараваць першы дзень саміту. Цікава, што тут А. Лукашэнку фактычна падтрымалі лідэры некалькіх правых украінскіх партыяў – Украінскай народнай партыі, Руху, партыі “Рэформы і парадак”, якія выступілі супраць абраньня Леаніда Кучмы старшынём Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Як і А. Лукашэнка, яны настойваюць, што Ўкраіна не зъяўляецца сапраўдным сябрам Садружнасьці, бо не ратыфікавала ейны Статут. Акрамя таго, яны заяўляюць, што прапанова Пуціна правакацыйная, і яна “можа зрабіць шкоду эўраінтэграцыйным памкненьням Украіны”. Дарэчы, паводле адной з вэрсіяў, менавіта пагрозы акцыяў пратэсту праварадыкальных партыяў прымусілі перанесьці месца правядзення саміту з Івана-Франкоўскай вобласьці ў Кіеў. Хаця і ў цэнтры Кіева ўжо былі пратэсты – каля 500 апазыцыянэраў учора крычалі “Кучму геть!” і “Пуціна геть!”, выказваючыся супраць правядзеньня году Расеі ва Ўкраіне.

Тым часам, сам Леанід Кучма ўдала выкарыстаў гэты саміт для ўзмацненьня сваіх адносінаў з Уладзімерам Пуціным. Галоўным посьпехам тут сталася падпісаньне 28 студзеня дамовы пра расейска-ўкраінскую мяжу. Гаворыць У. Пуцін:

(Пуцін: ) “Нам трэба завяршыць узгадненьне ўсіх пытаньняў, якія хоць бы б ў каго-небудзь нараджалі любыя сумненьні ў намеры Расеі будаваць дачыненьні з Украінай на роўнапраўнай аснове, як з роўнапраўным партнэрам, зь якім нас зьвязвае шматгадовая дружба, і якога мы разглядаем у поўным сэнсе гэтых словаў як стратэгічнага партнэра на доўгую пэрспэктыву”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG