Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ГІСТОРЫЯ З БАНДАЖЭЎСКІМ БЫЛА БЫ НЕМАГЧЫМАЯ НАВАТ ПРЫ СТАЛІНІЗЬМЕ”


Ул. інф.

У часе паездкі Галіну Бандажэўскую суправаджаў журналіст швайцарскай тэлевізіі Ўладзімер Чарткоф, італьянец, нашчадак расейскіх эмігрантаў з гэтак званай першай хвалі. Спадар Чарткоф — аўтар шэрагу тэлевізійных фільмаў, прысьвечаных Чарнобыльскай катастрофе. Апошняя стужка, якая мае назву “Ядзерная хлусьня” і ў якой прафэсар Бандажэўскі дае адно з апошніх інтэрвію напярэдадні арышту, летась прайшла па каналах швайцарскага, францускага, нямецкага, італьянскага тэлебачаньня.

У Парыжы швайцарскі журналіст суправаджаў жонку беларускага прафэсара як перакладчык. Паводле ягоных словаў, усе сустрэчы Галіны Бандажэўскай прайшлі надзвычай прадуктыўна.

(Чарткоф: ) “Я бы сказаў, што ўсе людзі, якія сустракаліся з Галінай (а яе прымалі праваабарончыя арганізацыі, навукоўцы, у рэдакцыях газэт, парыскай мэрыі, МЗС) жадалі мець як мага большую інфармацыю пра стан здароўя прафэсара, умовы ягонага ўтрыманьня, каб урэшце дамагчыся яго вызваленьня. Як высьветлілася, падобныя дзеяньні грамадзкасьці падтрымлівае ўрад Францыі, прэзыдэнт Шырак”.

Паводле швайцарскага журналіста, францускі прэзыдэнт валодае поўнай інфармацыяй пра лёс беларускага вучонага. Ня выключана, што тэма Бандажэўскага прагучыць і ў часе двухбаковай сустрэчы Шырака і Пуціна ў лютым, калі расейскі лідэр наведае Парыж. Лёс гомельскага прафэсара зьбіраецца абмеркаваць з крамлёўскім кіраўніком і група францускіх навукоўцаў-праваабаронцаў.

(Чарткоф: ) “Для ўсіх вельмі скандальным падаецца той момант, што падобнага прэцэдэнту не было нават пры сталінізьме. Тады вучоных маглі кінуць у ГУЛАГ, аднак, тым ня менш, веды і інтэлект такіх людзей дзяржава выкарыстоўвала на поўную моц, нават ва ўмовах зьняволеньня. У Беларусі проста вырашылі назіраць за тым, як будзе паміраць навуковая велічыня такога ўзроўню... Спашлюся на шматлікія публікацыі, якія зараз тут выйшлі, справа з Бандажэўскім разам зь некаторымі іншымі выпадкамі парушэньня правоў чалавека ёсьць адной з галоўных перашкодаў на шляху паляпшэньня стасункаў паміж Эўропай і Беларусьсю”.

Што да Галіны Бандажэўскай, то для яе падобная падтрымка з боку францускай грамадзкасьці аказалася надзвычай нечаканай.

(Бандажэўская: ) “Вы ведаеце, у майго мужа было вельмі шмат сяброў да таго, як ён быў арыштаваны — навукоўцы зь Менску, Гомеля, Горадні. Аднак пасьля таго, як супраць яго была сфабрыкаваная крымінальная справа, гэтыя людзі баяцца спытаць у мяне, як я жыву, як жывуць ягоныя дзеці, ці патрэбная мне нейкая падтрымка — маральная, пра матэрыяльную я не кажу. У Беларусі толькі адзін навуковец — прафэсар Несьцярэнка не баіцца мець з намі кантакты. Я зараз працую ў ягоным інстытуце і ня ведаю, хто іншы змог бы прапанаваць мне працу. Мы працягваем займацца справай майго мужа”.

Паводле Галіны Бандажэўскай, міжнародная падтрымка — адзінае, што трымае ейнага мужа. На жаль, наступнае спатканьне зь ім, праз шкло, адбудзецца не раней як праз чатыры месяцы. Канечне, яна паспрабуе даслаць яму публікацыі з францускай прэсы, але ня ўпэўненая, што інфармацыя дойдзе ў поўным аб’ёме.
XS
SM
MD
LG