Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАСНАЕ


Ягор Маёрчык, Краснае

Танк уварваўся ў Краснае. Машына рухаецца ў цэнтар мястэчка — ды так імкліва, што кіроўца папросту не разьбірае дарогі. Наўпрост пратараніў агароджы прысядзібных палеткаў і руляй падчапіў некалькі платоў. Спыніўся на пляцы.

Такую карціну намаляваў я ў сваім уяўленьні, калі пабачыў у цэнтры Краснага савецкі танк, на рулі якога сапраўды гойдаліся платы. Вэрсія выглядала бы праўдзіва, каб не адна акалічнасьць. Муляж машыны ўжо колькі дзесяцігодзьдзяў знаходзіцца на два мэтры ад зямлі. А рэшткі платоў на рулі — гэта даніна народнай традыцыі. Падчас Калядаў і старога новага году моладзь разьбірае агароджы ды брамы й зацягвае іх у самыя нечаканыя месцы. Прыкладам, ля сельскага савету, якраз насупраць уваходу, у папярэднюю ноч зьявілася вясковая прыбіральня.

Над рознымі будынкамі ў Красным некалькі разоў невядомыя ўздымалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Дык нацыянальныя сымбалі зрывалі імгненна, а клязэт прастаяў на новым месцы цэлы дзень.

У намесьніцы старшыні сельсавету Валянціны Кісель тутэйшыя традыцыі выклікаюць адно толькі абурэньне:

(Кісель: ) “Гэта тое, што я называю вандалізмам. Самы сапраўдны! Наша моладзь крыху перагнула свае паўнамоцтвы”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам хацелі сваё стаўленьне да ўлады...”

(Кісель: ) “...ня тое, што да ўлады. Проста ім захацелася пажартаваць. Гэта некультурна — нават калі чалавек штосьці мае супраць улады”.

(Карэспандэнт: ) “Можа гэта з сэнсам нейкім зроблена?”

(Кісель: ) “Не, я лічу, што проста галава ў іх варыла ў іншы бок”.

Уласна кажучы, завітаў я ў сельскі савет зь іншай нагоды. Крыху гісторыі. У часе другой усясьветнай вайны тут знаходзіўся канцэнтрацыйны лягер. Пасьля перамогі савецкія ўлады пасадзілі на тым месцы лес. Яшчэ пазьней тут зьявілася прыдарожная кавярня. Прыбіральня дагэтуль стаіць на костках.

Ня так даўно батальён “Пошук” рабіў раскопкі. Першым разам знайшлі парэшткі 15 ахвяраў. Косткі й чарапы дагэтуль захоўваюцца ў адным з пакояў сельсавету.

(Кісель: ) “Нас папрасіў ваенкамат, каб яны засталіся ў нас. У спэцыяльным пакоі. Павінен быць ахалоджаны кабінэт, бо, ведаеце, як бы там ні было, але гэта парэшткі. Непрыемна з таго гледзішча, што нечыя косьці побач знаходзяцца. Першапачаткова мы ў сутарэньне ўсё зьнесьлі. Там у нас кацельная. Нашыя качагары крыху пабойваюцца: такія качагары худзенькія, маленькія”.

(Карэспандэнт: ) “А вы не баіцеся?”

(Кісель: ) “Чаго баяцца. Нябожчыкі нічога ня зробяць”.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя качагары, нібыта, мужчыны...”

(Кісель: ) “Цяпер такія мужчыны, што могуць быць баязьлівейшыя за жанчын”.

(Карэспандэнт: ) “Жанчыны, якія працуюць у сельсавеце, нармалёва ставяцца да такого суседзтва, а вашыя качагары нэрвуюцца?”

(Кісель: ) “Так”.

Дэмакратычная супольнасьць у Красным прадстаўленая некалькімі сябрамі Беларускага Народнага Фронту. Адзін зь іх, Іван Костачка апісвае палітычныя погляды месьцічаў:

(Костачка: ) “Незадаволенасьць ёсьць. Адсоткаў 80 насельніцтва крытыкуюць уладу. Пакуль што ўсё ў нас творыцца на кухні. Выйсьці на вуліцу яны ня могуць і ня хочуць. Людзі запалоханыя, яны ня ведаюць, што цяпер рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Выбары ў мясцовыя саветы, як яны могуць зьмяніць сытуацыю?”

(Костачка: ) “Мясцовыя выбары, напэўна, нічога ня зьменяць, бо яны рэглямэнтуюцца зьверху. Не прагаласуюць — за іх дапішуць. Пакуль улада не павернецца да асобы, нічога ня будзе”.

Ні Іван Костачка, ні ягоныя аднадумцы быць дэпутатамі не жадаюць. А вось Аляксандар Строк наадварот — імкнецца трапіць адразу ў сельскі й абласны саветы.

Спадар Строк — постаць у Красным вядомая. За часам ягонага дырэктарства тутэйшая школа адной зь першых у Беларусі атрымала гаспадарчую самастойнасьць. Тады выдатнікам плацілі стыпэндыі, а настаўнікаў бралі на працу паводле кантракту. Усё гэта скончылася ў 1996 годзе, калі дырэктар зноў стаў шараговым настаўнікам гісторыі.

Апанэнты папракаюць Аляксандра Строка, што ён заўсёды, так бы мовіць, хістаецца разам з генэральнай лініяй партыі. Іншымі словамі, арыентуецца на палітычную кан’юнктуру.

(Строк: ) “Я быў супраць камуністычнай намэнклятуры. Быў сябром дэмакратычнай групы. Пасьля я быў актыўным прыхільнікам прэзыдэнта Лукашэнкі. І я тады далучыўся да Беларускай патрыятычнай партыі”.

(Карэспандэнт: ) “Хто яе ўзначальваў?”

(Строк: ) “Ба… Бара... Бараноўскі?... Ну, генэрал... Забыўся”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, Баранкевіч?”

(Строк: ) “Во! Баранкевіч!”

(Карэспандэнт: ) “А навошта вам улада?”

(Строк: ) “Мне ўлада ніякая не патрэбная! Я хачу, каб тое, што я пачаў, яно працягвалася. Калі мяне абяруць, дык ня змогуць нас, як кажуць, правесьці на мякіне”.

Што мяне адразу ўразіла ў Красным — гэта чысьціня цэнтральнай вуліцы 1-га траўня. Ня бачыў я яшчэ, каб у мястэчку адмысловая тэхніка чысьціла дарогу некалькі разоў на дзень. Усё тлумачыцца вельмі проста: тут праходзіць траса “Менск–Маладэчна”. А па ёй вельмі часта езьдзяць усялякія чыноўнікі розных рангаў.

Хата пэнсіянэра Барыса Машуты знаходзіцца за некалькі мэтраў ад ажыўленай дарогі.

(Машута: ) “Калі едзе прэзыдэнт, тут адразу цэлая кампанія ў справе ўпарадкаваньня вуліцы: падбіраюць сьмецьце, малююць плот. Як прэзыдэнт праехаў, усё забылася. Ніхто нічога ня робіць. Нічога! У іх адзіны адказ: няма сродкаў. Але нейкая ўвага да людзей павінна быць. Выбары прайшлі, і ўсё зноў застанецца на тым самым узроўні”.

Цяпер я знаходжуся на аддаленай вуліцы Ільіна. Тут можна сутыкнуцца зь іншай скрайнасьцю: суседзі разам наймаюць трактар, каб вызваліць ад сьнегу праезную частку. Але жыхары на адзін голас прызнаюцца, што ёсьць у іх праблема больш небясьпечная. У самым канцы вуліцы жывуць дзьве псыхічна хворыя спадарыні.

Дамо слова Віктару Мазалеўскаму:

(Мазалеўскі: ) “Яны, можна сказаць, ненармалёвыя людзі. Могуць распаліць вогнішча, дзе заўгодна, пад хатай. Гэта так суха было, а яны падпалілі траву! Мой плот гарэў, іхны хлеў гарэў! Гэтая, якая больш ненармалёвая, намагаецца нашкодзіць. Яна можа любога камянямі закідаць. Нават пагражае! Увесь час”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, а вы да ўладаў зьвярталіся, што вашае жыцьцё знаходзіцца ў небясьпецы?”

(Мазалеўскі: ) “І не аднойчы: і гаварылі, і тэлефанавалі, і заяву пісалі! І ніхто нават не прыйшоў і не запытаў у нас: як вы тут? Карацей кажучы, тут ніякіх мераў не прымалі. Мне шкада іх. Як бы там ні было, але яны людзі. Безумоўна, іх можна накіраваць у чысьціню і цяпло, дый накормленыя былі бы”.

Я вырашыў наведацца да жанчынаў.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень. Можна да вас?”

(Алеся: ) “А што вам трэба? Чаго?”

(Карэспандэнт: ) “Можна зайсьці, а то халодна там?”

Тое, куды я трапляю, язык не паварочваецца назваць хатай. Зруб стаіць на зямлі. Шыбаў у вокнах няма. Дзіркі забітыя фанэрай. Падлогі таксама няма. Замест яе — утрамбаваная зямля. Мэблі ніякай. На два мэтры ўвышыню — горы нейкага сьмецьця, які, мабыць, зьбіраўся паводле прынцыпу “ў гаспадарцы ўсё спатрэбіцца”.

Сярод гэтых завалаў — дзьве спадарыні. Старэйшая зь ях, Ядзя, гледзячы па ўсім, моцна хварэе, бо часам трызьніць уголас. Алеся перабірае гнілую бульбу.

(Карэспандэнт: ) “А даўно вы тут так жывяце?”

(Алеся: ) “Гадоў пяць”.

(Карэспандэнт: ) “А зімой як?”

(Алеся: ) “Тут начуем. Ніхто нічога не дапамагае. А што я атрымліваю? 30 рублёў (тысяч). Надта не пражывеш. На хлеб толькі”.

(Карэспандэнт: ) “А што яшчэ ясьцё?”

(Алеся: ) “Буракі зварым, зьямо. А бульбу вось нашую зьелі...”

(Карэспандэнт: ) “Гэта пацукі? Так?”

(Алеся: ) “Пацукі! Ды толькі на двух нагах”.

(Карэспандэнт: ) “Пайду я. Прабачце, што патурбаваў”.

(Алеся: ) “Ідзіце, ідзіце адсюль!”

Я вяртаюся на цэнтральную вуліцу Краснага. Тут некалі стаяў помнік удзельнікам паўстаньня 1830 году. Мясцовыя жыхары асабліва не зьвяртаюць увагу на падмурак. А краязнаўца Аляксандар Харытон зь дзяцінства памятае, што на гэтым месцы ўзвышалася 8-мэтровая стэла.

(Харытон: ) “А потым, недзе ў канцы 50-х гадоў расьцягнулі ўсё. Мне проста хацелася зразумець, што там. А потым я даведаўся, што там пахаваныя нечыя парэшткі. Чатыры ці шэсьць трунаў з косткамі ляжаць. Яшчэ трэба высьветліць, хто там пахаваны. Там нешта ёсьць. Я спадзяююся, што да канца сваіх дзён мне ўдасца пачуць разгадку гэтага помніка. Трохі аздобіць ацалелы падмурак, абнавіць яго, паставіць хоць маленькі каменьчык — вось гэтага я жадаў бы, вось гэта было б гістарычна справядліва зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Мясцовыя ўлады, што яны робяць у справе аднаўленьня помніка?”

(Харытон: ) “Яны ўсе нетутэйшыя. Гэта для іх не прыярытэт. Мае захады не выклікалі цікавасьці. Гэта рэакцыя людзей, якіх адвучылі думаць пра сваю гісторыю, пра гісторыю свайго краю”.

Сёлета спаўняецца 500 гадоў ад дня першай узгадкі пра мястэчка Краснае. Спачатку сельсавет ды ўлады Маладэчанскага раёну палічылі за лепшае не заўважыць угодкаў. Аляксандар Харытон упарта ліставаўся з органамі ўладнай вэртыкалі. У выніку тыя здаліся і нават абяцаюць адсьвяткаваць у ліпені дзень народзінаў мястэчка. Пасьля такой перамогі краязнаўца не адчайваецца і што да ўшанаваньня памяці паўстанцаў.

Іван Костачка і спадар Харытон не былі знаёмыя. Напярэдані камандзіроўкі я патэлефанаваў адбодвум і папрасіў пра сустрэчу. Дзякуючы мне яны й скантактаваліся. Пастаялі, пагутарылі ды вырашылі на Дзень Волі 25 сакавіка запаліць ля падмурку сьвечкі ў памяць пра змагароў за незалежнасьць.
XS
SM
MD
LG