Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ АСОБАЎ, ЯКІЯ ПЕРАСЯКАЛІ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКУЮ МЯЖУ, ЛЕТАСЬ ЗЬМЕНШЫЛАСЯ АМАЛЬ НА 15%


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Калі прааналізаваць дадзеныя Галоўнага ўпраўленьня службы аховы межаў Польшчы, дык атрымліваецца, што беларускія грамадзяне ў розных справах, зьвязаных з парушэньнямі правілаў перасячэньня мяжы ды нелегальнымі дзеяньнямі на польскай тэрыторыі, трымаюць у сярэднім трэцяе месца сярод чатырох усходніх суседзяў Польшчы – пасьля ўкраінцаў і расейцаў, але перад літоўцамі.

Летась на беларуска-польскай мяжы было затрымана кантрабандных тавараў на суму каля 5 з паловай мільёнаў даляраў, гэта амаль на 10% меней, чымся ў 2001 годзе. Цікава, аднак, што ў традыцыйным асартымэнце кантрабандных тавараў – алькаголь, аўтамабілі і цыгарэты, значна – амаль на палову – павялічылася доля тытунёвых вырабаў, якія хаваюць у самых нечаканых месцах.

Гаворыць супрацоўніца Бяла-Падляшскага аддзелу польскай мытні спадарыня Кровін.

(Кровін: ) “У Тэрэспалі мытнікі знайшлі цыгарэты, схаваныя ў выядзеным бохане хлеба”.

Увогуле, беларуска-польскую мяжу летась перасяклі каля 9,5 мільёнаў асобаў, прыкладна палова зь якіх – гэта грамадзяне Беларусі. Цікава, што пры гэтым узрасла колькасьць беларусаў, што езьдзяць у Польшчу на ўласных аўтамабілях.

Каля паўтысячы грамадзянаў Беларусі былі затрыманыя летась у Польшчы за парушэньне правілаў занаходжаньня замежнікаў на тэрыторыі гэтай краіны, супраць паловы зь іх распачатае сьледзтва, а каля сотні былі выдаленыя назад ў Беларусь. Сярод асноўных парушэньняў – нелегальны гандаль і праца без адпаведнага дазволу.

Толькі цягам аднаго рэйду, наладжанага некалькі дзён таму на кірмашы гораду Седльцэ, што напаўдарозе паміж Берасьцем і Варшавай, у рукі польскіх памежнікаў трапілі адразу 9 беларусаў.

Аднак, калі параўнаць пададзеныя лічбы да колькасьці беларусаў, што езьдзяць гандляваць і працаваць у Польшу, дык гэта зусім няшмат.

Летась нелегальна перайсьці мяжу з Польшчай спрабавалі 43 грамадзяне Беларусі – гэта прыкладна ў 10 разоў менш, чым, прыкладам, расейцаў, і апошняе месца ў сьпісе зь 10 іншых краінаў.

Цікавай падаецца згадка пра тое, што летась у часе радыялягічнага кантролю, на мяжы зь Беларусьсю былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў значнага перавышэньня дапушчальных нормаў радыяцыйнага выпраменьваньня. Найбольш нетыповы зь іх – гэта стодаляравая банкнота ў кішэні турыста.

Сёлета беларусаў, якія наведваюць Польшу, чакае ўвядзеньне візавага рэжыму і далейшае прыстасаваньне польска-беларускай мяжы да патрабаваньняў Эўразьвязу – кампутарызацыя, больш дакладны кантроль турыстаў ды павелічэньне колькасьці памежных заставаў. Гэта, нягледзячы на магчымую пабудову новых пераходаў, паводле некаторых падлікаў, можа зьменшыць рух на ўсходняй мяжы Польшчы нават ў 5 разоў.
XS
SM
MD
LG