Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗВАРОТ БУША ДА НАЦЫІ СТАНЕ ГІСТАРЫЧНЫМ


Віталь Цыганкоў, Прага

Вашынгтон і Лёндан знайшлі доказы таго, што Ірак не выканаў усе патрабаваньні рэзалюцыі ААН. Арабскія краіны, Францыя і Расея, са свайго боку, падкрэсьліваюць, што працэс інспэкцыяў павінен працягвацца і запатрабуе больш часу. Пакуль дыскусія паказвае, што Брытанія і ЗША застаюцца моцна ізаляванымі ў сваім імкненьні да хуткіх ваенных дзеяньняў, – канстатуе “International Herald Tribune”.

“Financial Times”, паводле профілю выданьня, зьвяртае ўвагу найперш на эканамічны аспэкт ірацкага крызісу. У панядзелак на эўрапейскіх біржах кошт акцыяў упаў да рэкордна нізкага ўзроўню ад 1997 году. Індэкс FTSE, галоўны паказчык актыўнасьці на лёнданскай біржы, страціў за дзень звыш трох адсоткаў. Галоўная прычына падзеньня відавочная – інвэстары асьцерагаюцца, што вайна ў Іраку нанясе ўдар глябальнай эканоміцы. Зрэшты, большасьць аналітыкаў, як сьцьвярджае “Financial Times”, не панікуюць, а проста затаіліся ў чаканьні лепшага часу для ўкладаньня сваіх інвэстыцыяў.

“New York Times” прысьвячае свой аналіз штогадоваму звароту да нацыі, зь якім прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступіць у Кангрэсе сёньня ўвечары. Большасьць былых спічрайтэраў Белага Дома адзначаюць, што выступ Буша – гэта самая гістарычная прамова за апошнія гады, нават дзесяцігодзьдзі. Прэзыдэнт, як піша “New York Times”, бярэ на сабе рызыку пераканаць амэрыканцаў, што яны павінны ваяваць з Іракам. “Гэта вялікае выпрабаваньне”, – кажа Джэф Чэсал, былы спічрайтэр Біла Клінтана. А Энтані Долан, які пісаў тэксты для Рональда Рэйгана, у тым ліку знакамітую прамову, у якой Савецкі Саюз быў названы імпэрыяй зла, прызнае, што для Буша існуе вялікая супярэчнасьць паміж неабходнасьцю гаварыць пра эканоміку і ўнутраныя праблемы і непазьбежнасьцю рэагаваць на апошняе развіцьцё Ірацкага крызісу.
XS
SM
MD
LG