Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕФАРМАЛЬНЫ САМІТ СНД ПАЧНЕЦЦА Ў СЕРАДУ Ў КІЕВЕ


Віталь Тарас, Прага

Газэта “Украінська правда” на сваім Інтэрнэт-сайце прысьвяціла саміту СНД ў Кіеве падборку матэрыялаў з украінскай і расейскай прэсы. Зьвяртаецца ўвага на тое, што гэтая сутрэча кіраўнікоў дзяржаваў Садружнасьці адрозьніваецца ад папярэдніх. Па-першае, ініцыятарам саміту выступіў сам украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма. А па-другое, ягоная пачатковая прапанова сустрэцца ў рэзыдэнцыі Гута ў Івана-Франкоўскай вобласьці сустрэла неадназначную рэакцыю іншых прэзыдэнтаў. Напрыклад, прэзыдэнт Азэрбайджана Гейдар Аліеў адразу “выказаў сумнеў у неабходнасьці нефармальнага саміту ва Ўкраіне, а тым больш – не ў сталіцы”.

“Украінська правда” цытуе словы неназванага прадстаўніка ўкраінскага МЗС аб тым, “што на саміце будзе разгледжанае палітычнае пытаньне старшынства Ўкраіны ў радзе кіраўнікоў СНД”. Далей прыводзіца меркаваньне палітоляга – дэпутата Вярхоўнай Рады Міколы Таменкі, які лічыць, што Расея зацікаўленая ў забесьпячэньні палітычнай будучыні Леаніда Кучмы пасьля адстаўкі: “Падобна таму, як Павел Барадзін з крамлёўскай адміністрацыі перакачаваў на хутчэй сымбалічны пост сакратара расейска-беларускага саюзу, Кучму рыхтуюць пост кіраўніка Рады дзяржаваў СНД”.

“Украінська правда” зазначае, што ўвагу нефармальнаму саміту СНД надаюць амаль выключна расейскія мэдыі. У краінах Каўказу і Сярэдняй Азіі пра Ўкраіну ўспомнілі толькі ў Туркмэністане – пры чым, у сувязі з плянамі Ашгабаду заняцца сумеснымі з Украінай дасьледаваньнямі касьмічнай прасторы. Дарэчы, падчас нядаўняй сустрэчы прэзыдэнта Туркмэністану з дырэктарам нацыянальнай касьмічнай агенцыі Ўкраіны Нягодам прэзыдэнту Ніязаву быў уручаны знак “Заслужаны работнік касьмічнай галіны Ўкраіны”. Дарэчы, як стала вядома сёньня, прэзыдэнт Ніязаў, як ягоныя калегі – лідэры краінаў Цэнтральнай Азіі, у Кіеў не прыедзе.
XS
SM
MD
LG