Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАТРАБУЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ МАНАПОЛІІ НА ЗЬНЕШНІ ГАНДАЛЬ


Валер Каліноўскі, Менск

А.Лукашэнку турбуе, што экспартам і імпартам высокадаходных тавараў займаюцца пасярэднікі, і перш за ўсё прыватны бізнэс, які і атрымлівае, паводле яго, асноўныя прыбыткі ад гэтай дзейнасьці. Нядаўна ён ужо прыняў рашэньне аб манапалізацыі рыбнай галіны — усе рыбакомплексы краіны, акрамя менскага, загадана перавесьці ў падпарадкаваньне кіраўніцтву справаў А.Лукашэнкі. Гэтае рашэньне лабіявала асабіста Галіна Жураўкова.

Цяпер, верагодна, прыйшла чарга і іншых высокадаходных таварных групаў. Сярод тавараў, экспарт і імпарт якіх павінен прыносіць прыбыткі дзяржаве, А.Лукашэнка назваў калійную соль, драўніну і піламатэрыялы, а таксама алей, тытунь, цукар, аўтамабілі, нафтапрадукты.

З Савету міністраў да А.Лукашэнкі ўжо паступілі прапановы аб стварэньні адмысловых структураў, якія замайліся б зьнешнім гандлем.

Размова йдзе пра манапалізацыю дзяржавай найбольш выгадных экспартна-імпартных паставак, — лічыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Тут даўно ўжо праводзіцца такая палітыка, каб узяць пад кантроль усе фірмы, якія гандлююць, якія займаюцца зьнешнім гандлем, наколькі я ведаю, тут ужо шмат чаго пад кантролем. Але штосьці там не адбываецца як трэба прэзыдэнту, таму і шукае, што паправіць. А так усё ідзе, як задана “беларускай мадэльлю”.

Дзяржаўная манаполія заўсёды была эканамічна неэфэктыўнай, нявыгаднай і вытворцам, і спажыўцам. Шараговыя пакупнікі адчуюць манаполію выключна праз падвышэньне цэнаў, — упэўнены Леанід Злотнікаў. Тым ня менш, доўга ўтрымліваць дзяржаўную манаполію ў Беларусі сярод рыначнага атачэньня іншых краінаў не атрымаецца, — упэўнены загадчык аддзелу эканамічнага аналізу Інстытуту эканомікі Мінэканомікі Аляксандар Гатоўскі:

(Гатоўскі: ) “Будзе кантрабанда, будуць больш танныя цыгарэты прадавацца з-пад палы, усё роўна гэта будзе, і гэта нічога ня дасьць”.

Супрацоўнік Інстытуту эканомікі Аляксандар Гатоўскі таксама ўпэўнены, што манаполія не прывядзе да зьніжэньня коштаў на імпартныя тавары. Не дадасьць яна і адлічэньняў у бюджэт. Выгаду атрымаюць толькі асобныя (дзяржаўныя ці прыватныя) кампаніі, якія стануцца манапалістамі.

Такім чынам, кіраўніцтва справамі прэзыдэнта атрымае новыя задачы, у прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка загадаў з 1 красавіка гэтага году прадаваць беларускія трактары ў Расею праз дзяржаўную дылерскую сетку “Гандлёвы дом МТЗ” і ўнітарнае прадпрыемства “Белзьнешгандальінвэст”, што належыць кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Ня выключана, што гэтае прадпрыемства далучыцца і да так званага крытычнага імпарту. А Лукашэнка запатрабаваў ад ураду наладзіць гэты імпарт “без пасярэднікаў і паводле адзіных правілаў”. Да канца году запатрабавана выдаліць пасярэднікаў і з сфэры беларускага высокадаходнага экспарту, тых жа калійных угнаеньняў.
XS
SM
MD
LG