Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ІНТАРЭСЫ МАСКВЫ І МЕНСКУ РОЗНЫЯ, А ЧАСАМ УЗАЕМАВЫКЛЮЧАЛЬНЫЯ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле адмыслоўцаў з Варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, як для Беларусі, так і для Расеі пытаньне аб поўнай палітычнай інтэграцыі ёсьць другарадным і выкарыстоўваецца ў якасьці інструмэнту дзеля рэалізацыі ўласных інтарэсаў ва ўзаемных дачыненьнях. А інтарэсы, як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, у Масквы і Менску розныя, а часам нават узаемавыключальныя.

Расея, перадусім, імкнецца дамагчыся ўдзелу свайго капіталу ў прыватызацыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў на прывілеяваных умовах, у тым ліку набыцьця акцыяў гэтых прадпрыемстваў за беларускія даўгі. Акрамя гэтага, Масква хоча, каб беларуская эканоміка працавала паводле расейскіх стандартаў, каб саюзная дзяржава мела адзіную валюту з эмісійным цэнтрам у расейскай сталіцы і каб Менск за расейскія тавары плаціў грашыма, а ня бартэрам.

Лукашэнка, у сваю чаргу, надае больш увагі палітычным, а не эканамічным пытаньням інтэграцыі. Ён, адзначаецца ў аналітычнай працы Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, хоча мець як мага большы ўплыў на інтэграцыйны працэс ды праз гэта ўзмацніць сваё палітычнае становішча. У эканамічнай сфэры Лукашэнка імкнецца захаваць кантроль над вядучымі беларускімі прадпрыемствамі і гарантаванае права весьці ўласную ўнутраную гаспадарчую палітыку ў саюзнай дзяржаве, а таксама мець два эмісійныя цэнтры і магчымасьць разьлікаў праз бартэр.

“Беручы пад увагу розьніцу падыходаў Масквы і Менску да вышэй пазначаных праблемаў, у найбліжэйшай будучыні не належыць спадзявацца нейкага пералому ў разьвіцьці інтэграцыйнага працэсу. У 2002 годе Крэмль паказаў, што мае дастаткова моцныя інструмэнты ціску на Менск у выглядзе нафты і газу і ня спыніцца, калі гэтыя інструмэнты трэба будзе выкарыстаць. Адначасова расейскія ўлады ня хочуць радыкальных захадаў супраць Лукашэнкі, асьцерагаючыся дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі, што магло б спрычыніцца да страты расейскіх уплываў у гэтай краіне на карысьць Захаду”, – пішуць польскія адмыслоўцы, ды адзначаюць, што пакуль Крэмль ня лічыць за неабходнае моцна ціснуць на Беларусь.

“Рэалізацыя Менскам эканамічных патрабаваньняў Масквы прывяла б да пераходу кантролю над беларускай гаспадаркай у рукі Расеі. А калі браць пад увагу цяперашнюю расейскую дамінацыю над беларускай замежнай палітыкай, абаронай і бясьпекай, дык гэта азначала б дэ факта ўключэньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі на правох аўтаноміі”, – падсумоваюць экспэрты Варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў ў адмысловай працы, прысьвечанай стану беларуска-расейскіх дачыненьняў.
XS
SM
MD
LG