Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У СЯРЭДНІМ ШТОГОД 15 ДАКТАРОЎ НАВУК І 50 КАНДЫДАТАЎ НАВУК ПАКІДАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ


Ганна Соусь, Менск

Апошнія гады ўсё больш беларускіх навукоўцаў пакідаюць радзіму й рэалізуюць свой патэнцыял у іншых краінах сьвету. Гаворыць першы намесьнік старшыні Камітэту ў справах навукі й тэхналёгіяў Уладзімер Нядзілька:

(Нядзілька: ) “Камітэт ладзіў апытаньне ў навуковых установах. Штогод зьяжджаюць на сталае месца жыхарства прыкладна 15 дактароў навук і ад 35 да 50 кандыдатаў навук. Для Беларусі гэта шмат. Па-першае, ад’яжджаюць людзі ня сталага ўзросту, а маладыя й актыўныя, па-другое, найбольш пэрспэктыўныя. Як правіла, гэта вялікая страта для кожнага інстытуту. Канечне, найбольш радыкальны сродак — гэта выраўняць ўзровень жыцьця. На жаль, на бліжэйшыя гады мы ня можам паставіць такія задачы. Апроч гэтага, другая, найважнейшая прычына — немагчымасьць рэалізаваць сябе ў Беларусі як навукоўца”.

Паводле Ўладзімера Нядзелькі, з прычыны недастатковага фінансаваньня цяперашняе навуковае абсталяваньне моцна састарэла. Каля 80% абсталяваньня ўжо адпрацавала сваё, а новага, на якім і магчыма зараз займацца навукай, вельмі мала.

Апроч эканамічных праблемаў, беларускія навукоўцы сутыкаюцца й зь іншымі — адміністрацыйнага характару. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з кіраўніцтвам Акадэміі навук Беларусі, і асабіста браў удзел у падрыхтоўцы статуту Акадэміі. Цяпер Вышэйшая атэстацыйная камісія будзе падначаленая асабіста Лукашэнку. Вось якім чынам пракамэнтаваў гэта член-карэспандэнт Акадэмі навук Беларусі доктар фізыка-матэматычных навук Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Некалі адзін прыстойны прафэсар ва ўнівэрсытэце казаў так: “Каб выканаць плян падрыхтоўкі дактароў навук, які нам даводзіць парткам, трэба, каб навуковыя ступені й званьне прысвойваў парткам. Мне падаецца, што Лукашэнка вырашыў узяць у свае рукі прысваеньне навуковых ступеняў і званьняў, узяць у свае рукі ВАК. А сапраўдныя вучоныя зьяжджаюць, на іх ёсьць вялікі запыт, а ён будзе з Магілёўшчыны, са Шклову сваіх узводзіць у такі ранг. Думаю, што гэта проста гібельна для навукі. Я вельмі многа сустракаў маіх студэнтаў, яны цудоўна ўладкаваліся ў Эўропе, у Злучаных Штатах. Тых, каго запрашалі на Фулбрайт-стыпэндыі ў Стэнфард, у іншыя ўнівэрсытэты ЗША. Аб беларускіх навукоўцах там самае добрае ўражаньне”.

Да гэтых праблемаў беларускіх навукоўцаў апошнім часам дадаюцца й палітычныя. Прыкладам, нядаўна ў Інстытуце сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі адмовіліся працягнуць кантракт зь вядомым навукоўцам — сацыёлягам Вячаславам Оргішам, які актыўна выступае ў незалежным друку.
XS
SM
MD
LG