Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД НАД ВЯЧАСЛАВАМ СІЎЧЫКАМ


Любоў Лунёва, Менск

У суд Цэнтральнага раёну Менску прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек: шмат журналістаў, а таксама кінарэжысэр Юры Хашчавацкі і старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалай Статкевіч. Вячаслава Сіўчыка абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку.

Нагадаем, 19 студзеня, у дзень візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, на Кастрычніцкай плошчы адбыўся несанкцыянаваны пікет пад антыінтэграцыйнымі лёзунгамі. Міліцыянты мелі загад нікога не затрымліваць, каб не прыцягваць увагу грамадзкасьці. Яны стаялі далёка ад удзельнікаў пікету, якія празь некалькі хвілінаў разышліся.

У судзе Вячаслаў Сіўчык заявіў хадайніцтва, каб справа разглядалася на беларускай мове, але судзьдзя Тацяна Паўлючук адмовіла ў гэтым. Паводле міліцэйскага пратаколу, Вячаслаў Сіўчык на плошчы даў інтэрвію некалькім журналістам, што, на іх думку, і ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку.

Вячаслаў Сіўчык патлумачыў, што насамрэч выпадкова апынуўся на Кастрычніцкай плошчы, бо папросту ішоў у сквэр Янкі Купалы на літаратурныя чытаньні. Самі міліцыянты, нягледзячы на тое, што мелі позвы, у суд не прыйшлі. Менавіта з гэтае прычыны судзьдзя перанесла далейшы разгляд справы на 29 студзеня. Вось як пракамэнтаваў сёньняшняе паседжаньне Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Калі б мы мелі магчымасьць жыць па закону, а не па тых дэкрэтах і іншых заканадаўчых актах, якімі карыстаецца сёньняшні рэжым, то, наагул, сытуацыя была б іншая. Абодва сьведкі сёньня на працы, але ў зьвязку з тым, што тут былі тэлекамэры, у зьвязку з тым, што тут былі журналісты, у зьвязку з тым, што не ўдалося замаўчаць тую праблему, якая была ўзьнятая ў маіх інтэрвію, — каб Уладзімер Пуцін, якому сёньня з асаблівай жорсткасьцю і цынізмам служыць Лукашэнка, папрасіў прабачэньня ў беларускага народу, мусіць, кіраўніцтва Цэнтральнага РАУСу вырашыла зьвярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, атрымаць інструкцыі і дзейнічаць адпаведна ім”.

Вячаслаў Сіўчык — другі ўдзельнік пікету, якога затрымалі й прывезьлі ў суд. 24 судзеня Вера Ціцянкова атрымала папярэджаньне, а Сяржук Мацкойць — позву ў міліцыю.
XS
SM
MD
LG