Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЗЫЧНЫЯ ПІРАТЫ: ХТО ЯНЫ?


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Вітаю слухачоў нашае праграмы! Найперш тых аматараў музыкі, якія маюць ва ўласных зборах хоць якую колькасьць кампакт-касэтаў ці дыскаў. Бо менавіта пра гэта пойдзе гаворка сёньня, пра тыя выданьні, якія афіцыйна называюцца кантрафактнымі, а ў прастамоўі — пірацкімі. Магу гарантаваць, што практычна ў кожным прыватным зборы можна адшукаць не адзін, ня два, а куды больш узораў той самай пірацкай прадукцыі.

Такім чынам, як нам ставіцца да піратаў? Здавалася б, адказ просіцца адразу і загадзя вядомы: канечне ж, музычныя піраты — гэта тыя ж рабаўнікі, то бок злодзеі. Тым ня менш, ня ўсё так проста.

І перш чым паразважаць на тэму музычнага пірацтва, я распавёў бы пра адну песьню, якая да нядаўняга часу заставалася практычна невядомай шырокаму колу слухачоў. Гэта славуты твор з рэпэртуару Тома Джонса “Дылайла”, аднак гучыць ён у выкананьні беларускіх музыкантаў — групы “Лявоны” на канцэрце 1968 году ў залі БДУ, сьпяваў Уладзімер Мулявін.

Я больш чым упэўнены, што нават для многіх зацятых аматараў творчасьці “Песьняроў” гэты запіс, які захаваўся, зьяўляецца сюрпрызам. Першыя запісы ансамблю мы маглі пачуць у 1970 годзе. Аднак “Песьняры” ўзьніклі не на пустым месцы, вось чаму запісы “Лявонаў” ня проста нясуць дадатковую інфармацыю, расказваючы пра вытокі гэтага калектыву, але і зьяўляюцца каштоўным гістарычным матэрыялам. Ужо хоць бы таму, што яны — адзіныя выдадзеныя запісы, якія прадстаўляюць беларускую рок-музыку другой паловы 1960-х.

Тым ня менш, запіс канцэрту ансамблю “Лявоны” 1968 году — гэта ні што іншае, як тыповы пірацкі выраб, таму што ўбачыў сьвет без узгадненьня з выканаўцамі. Дык што ж такое пірацтва ў музыцы, калі яно нарадзілася і які ўплыў мае на сучасную беларускую практыку?

Тое, што сёньня завецца кантрафактнай прадукцыяй, раней звалася бутлегам. Гэтае слова нарадзілася ў сярэдзіне ХІХ стагодьдзя ў ЗША. Бутлегерамі называлі падпольных пастаўцоў алькаголю падчас “сухога закону”. Адтуль усіх вытворцаў нелегальнай прадукцыі пачалі называць менавіта так. У выніку неафіцыйная дыскаграфія ансамблю “Бітлз” налічвае больш за тысячу пірацкіх альбомаў.

А вось першым у гісторыі пірацкім альбомам лічыцца двайны вінілавы дыск “Great White Wonder”, запіс канцэрта Боба Дылана. Ён быў выдадзены 11 верасьня 1969 году салідным накладам 350 тысяч.

Ці здараліся выпадкі пірацтва выданьняў музыкі беларускіх артыстаў і як яны самі ставяцца да музычных піратаў? Гаворыць лідэр групы “NRM” Лявон Вольскі”.

(Лявон Вольскі: ) “Пірацілі без ніякага з нашага боку дазволу, але гэта нам працавала на рэкляму, нават тады не было такога ўяўленьня як пірацтва. Гэта нармальна было. А “NRM” пірацілі проста па страшнай сіле і пірацяць зараз. Але на нашай тэрыторыі вельмі цяжка з гэтым усім разьбірацца цывілізавана. Мы не знаходзімся на цывілізаванай тэрыторыі, каб змагацца зь пірацтвам кампэтэнтна. Таму што ў нас уся прадукцыя, на мой погляд, яна паўпірацкая, паўлегальная. Мы самі вымушаныя рабіць такое самапірацтва і выпускаць наклад дарагі й наклад танны, як мы зрабілі зараз з “Домам культуры”. Якое можа быць стаўленьне да піратаў? Безумоўна, адмоўнае стаўленьне: на нас зарабляюць грошы”.

(Падбярэскі: ) “А вось меркаваньне Аляксея Шадзько”.

(Аляксей Шадзько: ) “Пірацілі й пірацяць і цяпер. У Таронта, у Ерусаліме, у Самары, у Чалябінску, у Маскве на “Гарбушцы”.

(Падбярэскі: ) “Лідэр групы “Палац” Алег Хаменка мае ўласны погляд на гэтую праблему”.

(Алег Хаменка: ) “Першая пірацкая касэта “Палацу” зьявілася празь некалькі месяцаў пасьля таго, як толькі мы запісалі сваю. Мы да гэтага ставіліся як да дадатковай рэклямы. А пасьля, канечне, час ад часу мы знаходзілі так званыя пірацкія выданьні. Але вось такога моцнага тыражаваньня без дамоўленасьці з намі на самой справе не было. Дарэчы, вельмі цікавы быў выпадак, калі кампакт “Чужых дзевак” быў набыты ў Францыі, у Тулюзе.

Першая праблема пірацтва — гэта тое, што пірацкі прадукт якасна не нашмат горшы, чым прадукт, які выдаецца так званымі ліцэнзаванымі кампаніямі. Кошт таго ж ліцэнзійнага кампакт-дыска, напрыклад, Майкла Джэксана ў Нямеччыне павінен быць адзін, а ў Беларусі такі ж дыск павінен каштаваць зусім іншыя грошы — як гарэлка. Гэта першая і галоўная падстава для пірацтва. Зь беларускімі артыстамі можна дамовіцца даволі танна. Але зараз прадаць “Палац” вельмі шмат хто хвалюецца, таму што мала рэклямы. Прасьцей за ўсё прадаваць так званы хадавы тавар, а хадавы тавар — гэта ўсё ж не “Палац” на сёньняшні момант, і не беларуская музыка”.

(Падбярэскі: ) “Гэта былі меркаваньні музыкантаў. Віталь Супрановіч, адзін з кіраўнікоў выдавецкай фірмы “БМАгруп”, расцэньвае дзейнасьць музычных піратаў неадназначна”.

(Віталь Супрановіч: ) “Першы наш дыск “Вольныя танцы. Слухай сваё” ў Віцебску пірацкім чынам рабілі на касэтах. Мы ў прынцыпе гэта так моцна не адсочваем. Калі гэта выдаецца ў такіх невялікіх аб’ёмах і не парушае правы гурта, то ў прынцыпе такое можа быць. Калі ўзяць увесь наш беларускі шоў-бізнэс, дык мне здаецца, што большасьць нашых гуртоў павінна быць зацікаўлена ў тым, каб пірацкім чынам гэтая прадукцыя разыходзілася.

Вельмі шмат гуртоў ва Ўкраіне, якія таксама нармальна на гэта глядзяць. За кошт таго, што разыходзяцца пірацкія касэты, яны вядомыя практычна ва ўсёй Украіне. Яны, магчыма, нешта губляюць на продажы сваіх альбомаў, затое пастаянна езьдзяць па ўсёй Украіне і тое самае адбіваюць за кошт канцэртаў”.

(Падбярэскі: ) “Мы маем яшчэ адзін фрагмэнт запісу канцэрту ансамблю “Лявоны” 1968 году, выдадзены пірацкім чынам у Расеі. Па тэксьце, дарэчы, тыповая песенька гандляра пірацкай прадукцыяй. Наколькі мне вядома, Уладзімер Мулявін надзвычай адмоўна паставіўся да публікацыі гэтага канцэрту. У той жа час, калі б не расейскія піраты, мы б ніколі ня мелі магчымасьці атрымаць уяўленьне пра цыкль Ігара Паліводы на вершы Бёрнса, які ў Беларусі “Песьнярам” выканаць цалкам так і не дазволілі. Аднак і гэты запіс — безумоўна, каштоўны дакумэнт эпохі, гісторыі беларускай папулярнай музыкі.

Вядома, зарабляць на тым, што зроблена іншымі, — злачынства. Як сьведчыць статыстыка, сёньня ў беларускіх крамах да 90% кампакт-дыскаў і касэтаў, што знаходзяцца ў легальным продажы, у той ці іншай меры выдадзеныя з парушэньнем закону. Зь іншага боку, калі б не піраты, многія музычныя каштоўнасьці так бы і загінулі для гісторыі.

Вось чаму, перш чым заклікаць да змаганьня зь нелегальным бізнэсам, варта, па-першае, азірнуцца на ўласную фанатэку; па-другое, падумаць: а што зрабіла дзяржава для тых музыкантаў, якія наогул ня маюць сродкаў выдаць хоць што-небудзь з напісанага?”
XS
SM
MD
LG