Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫ РЭГІСТАР КІНАВІДЭАФІЛЬМАЎ ЗМАГАЕЦЦА З РАСЕЙСКАЙ “ЧАРНУХАЙ”


Ігар Карней, Менск

Супрацоўнікі Дзяржаўнага рэгістру кінавідэафільмаў лічаць, што выконваюць найперш гуманітарную місію. Паводле кіраўніка рэгістру Юрыя Цьвяткова, урэшце толькі гледачам лепей, што на экраны не трапляе кіна– і відэапрадукцыя трэцяга гатунку. Паводле якіх крытэраў вядзецца “фільтрацыя”, распавёў супрацоўнік рэгістру Міхаіл Драздоў:

(Драздоў: ) “Стужкі адсочваліся раней, адсочваюцца і зараз. Забараняюцца да паказу найперш тыя, якія глядзець фактычна і немагчыма. Прыкладам, “Патрашыцель”: маньяк расчляняе жанчын — суцэльная брыдота. Ці кшталту парнаграфіі пад назовам “Трахні мяне”. Расейцы, дарэчы, больш у гэтым сэнсе ляяльныя, і нядаўна гэтую стужку паказала расейская тэлевізія. Але і краіны ў нас пакуль розныя.

Мы больш жорстка фільтруем інтымныя сцэны. Вышэйшыя патрабаваньні да ўзросту гледачоў. Прыкладам, чатыры зоркі — гэта для аўдыторыі звыш 18 гадоў. Апошнім часам у ліку “адзначаных” такімі зоркамі фільмы “Міранда зь лёдам”, “Каханьне і кулі”, “Страх.com”, “Гангстэрскае відэа”, а таксама расейскія “Крот-2”, “Антыкілер”. Апошняе паступленьне “Сабачая гарачыня” — вельмі страшны нямецкі фільм”.

Паказальна, што ўпершыню карэктаваны прагляд стужак расейскіх кінавытворцаў. Адмысловая камісія лічыць, што тэндэнцыі ў расейскім кіно несуцяшальныя і адваджаных ад беларускіх гледачоў стужак будзе ўсё больш. Аднак вядучыя беларускія творцы мяркуюць, што вызначаць густы цяперашняга пакаленьня — ня справа людзей у пэўнай ступені заангажаваных. Гаворыць кінарэжысэр Ігар Дабралюбаў:

(Дабралюбаў: ) “На жаль, усе карціны зацьвярджаюць яны. А значыць, маюць права цэнзуры, бо даюць дазвол на ўсё, што зроблена ў тым ліку і на “Беларусьфільме”. Ну дык, што гэта такое, братцы? Прыкладам, даюць мне рабіць карціну — усё прайшоў, усе інстанцыі, і раптам зьяўляецца нейкая пупырыстая структура, якая вырашае: дам дазвол-ня дам дазвол. Зьліквідаваць яе, ды ўсё. А то сядзяць, жыруюць, кіно глядзяць. Нармалёвая праца! Пачэсваючыся, глядзець кіно! Дарослыя людзі, няхай ідуць працуюць. Калі мы хочам, каб наш народ быў адукаваны, прасьветлены — дык пры чым тут камісія? Што, яны будуць мяне адукоўваць?”

Адукоўваць, як кажа спадар Дабралюбаў, кінаманаў у Беларусі пачалі напрыканцы 1970-х. Яшчэ адзін рэжысэр-дакумэнталіст Леанід Міндлін прыгадвае, як гэта было:

(Міндлін: ) “Толькі распачыналася эпоха кватэрных праглядаў, зьявіліся стужкі кшталту “Грэцкай смакоўніцы”, якія расцэньваліся як “парнаграфія”. Менавіта тады была ўпершыню створаная камісія, якая вызначала, што такое парнаграфія і культ сілы. Браўся за ўзор мастацкі твор, і, залежна ад ступені блізкасьці да эталёну, вырашалася: эротыка гэта ці парнаграфія. Насамрэч, дзікая сыстэма крытэраў. Але многія за такія прагляды адседзелі тэрміны. Зараз дома можна глядзець усё, што заўгодна. Але паказаць кіпучую дзейнасьць усё роўна хочацца: маўляў, большыя католікі, чым сам Папа”.

Дзяржаўным рэгістрам распрацаваная цэлая сыстэма правільнага спажываньня кіна-відэапрадукцыі. Залежна ад жанравага кірунку стужкі, дзейнічаюць рэкамэндацыі ўзроставага абмежаваньня, пачатку гадзіны прагляду і аўдыторыі. Але адмыслоўцы відэабізнэсу кажуць, што падобная пурытанская схема паводзінаў даўно маральна састарэла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG