Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СА СЬМЕРЦЮ ЎЛАДЗІМЕРА МУЛЯВІНА БЕЛАРУСЬ РАЗЬВІТАЛАСЯ З ЦЭЛАЙ ЭПОХАЙ У ГАЛІНЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ


Ігар Карней, Менск

Ад леташняга траўня, калі Мулявін патрапіў у аўтамабільную аварыю, наконт пэрспэктываў ягонага стану здароўя лекары давалі вельмі асьцярожныя прагнозы. Апошнім часам Мулявін перасеў у інвалідны вазок, што дазволіла казаць пра істотны прагрэс у справе мэдычнай рэабілітацыі. Зараз лекары канстатуюць, што падобныя выпадкі ня рэдкія ў мэдычнай практыцы: часовае паляпшэньне заканчваецца трагічным вынікам.

За сорак гадоў жыцьця ў Беларусі Мулявін стаў большым беларусам, чым шмат хто зь мясцовых жыхароў. Пра гэта кажуць практычна ўсе, незалежна ад блізкасьці да музычных колаў. Сапраўды, Мулявін, можа, адзіны прыклад сапраўднай беларуска-расейскай інтэграцыі. Ён з тых рэдкіх расейцаў, якія здолелі пазбавіцца ад імпэрскіх амбіцыяў і шчыра адчулі беларускую нацыянальную культуру. Гэта канстатуе і музычны крытык Элеанора Язерcкая.

(Язерская: ) “Я думаю, што маю права называць Уладзімера Георгіевіча проста Валодзем, бо ведала яго 35 гадоў. Валодзя Мулявін як ніхто іншы зразумеў, так адчуў душу беларускага чалавека, беларускай песьні. На маю думку, “Александрына” — гэта адзін з найлепшых гітоў ХХ стагодзьдзя. Такога ж узроўню, як славутая “Yesterday” легендарных “Beatles”. Апошнія гады Валодзя амаль што нічога не пісаў. Гэта сумнавядомая славянская хвароба, імя якой п’янства, згубіла многіх. Нашага Ўладзімера Караткевіча, расейцаў Сяргея Ясеніна, Уладзімера Высоцкага. Пра гэтую хваробу ведалі многія. Пытаньне: чаму ён піў? Мяркую, шмат што ў сваім жыцьці ня мог зрабіць так, як хацеў. На душы ў гэтага чалавека была пустота. Я ўзгадваю адну з апошніх размоваў зь ім: менавіта тады зразумела, як яму дрэнна”.

Уладзімер Мулявін нарадзіўся ў 1941 годзе на Ўрале, у Сьвярдлоўску. Зь дзяцінства ўзяў у рукі балалайку, якую потым памяняў на гітару. Там жа, у Сьвярдлоўску, скончыў музычную вучэльню. У 18 гадоў адбылася падзея, якая наўпрост зьвязала Мулявіна зь Беларусьсю: яго забралі ў войска. З улікам музычнай адукацыі, быў накіраваны ў Чырванасьцяжны аркестар Беларускай ваеннай акругі. Яшчэ у войску пазнаёміўся з будучай жонкай, артысткай Лідзіяй Кармальскай, якая ўрэшце і прывяла яго ў філярмонію. Ад таго часу Мулявін стаўся адным з найбольш яскравых сымбаляў краіны.

Эдуард Ханок сярод кампазытараў, песьні якіх складалі рэпэртуар “Песьняроў”. Фэномэн Мулявіна адносна да беларускай музычнай культуры тлумачыць так:

(Ханок: ) “Іншым разам атрымліваецца, што людзі, так бы мовіць, не мясцовыя, лепей адчуваюць чужую культуру. Мулявін унутры быў таленавіты музычна, але яму была неабходная пэўная ідэя. І калі ён акунуўся ў фальклёр Беларусі, ён паглядзеў на яго зусім іншымі вачыма, не зашоранымі. Так часта здараецца, што людзі, якія жывуць тут стала, не заўсёды ўсё бачаць. Прыкладам, прыяжджае да нас хтосьці ў Беларусь і бачыць тое, на што мы ніколі не зважалі. Ён паглядзеў вачыма расейца на вялікую, бліскучую культуру Беларусі і адлюстраваў яе ў сваіх рытмах. Таму, з аднаго боку, гэта сапраўды фэномэн, а зь іншага — гэта нармальная зьява, бо такія людзі больш востра адчуваюць іншую культуру”.

Па сутнасьці, “Песьняры” сталі галоўнай візытоўкай Беларусі. На мяжы 1970–80-х адначасна ў Эўропе і ЗША гурт быў прызнаны найлепшым фольк-калектывам Усходняй Эўропы. Але шлях да прызнаньня быў нялёгкім найперш у Беларусі. Вось што ўзгадвае Элеанора Язерская:

(Язерская: ) “Я заўсёды буду памятаць той час, калі Валодзя са сваімі аднадумцамі прыйшоў у беларускую філярмонію . Гэта быў 1968 год. Я зусім маладая таксама пачынала працаваць тут. У той час мы вельмі сябравалі. “Песьняроў” тады не было, былі “Лявоны”. Ім тады часта не давалі зарплату. Ліда Кармальская, жонка Мулявіна, купляла вядро бульбы і кіляграм селядца і так вось хлопцаў карміла… Ён не нарадзіўся ў Беларусі. Але ён быў наш. І тое, што ў 1970-я гады ўвесь сьвет пачаў слухаць беларускія песьні, слухаць беларускую мову, у многім была заслуга яго, геніяльнага чалавека. Я яго вельмі любіла. Бывай, Валодзя”.

12 студзеня Ўладзімеру Мулявіну споўнілася 62 гады. Свой дзень нараджэньня ён адзначыў у маскоўскай клініцы імя Бурдэнкі, у інвалідным вазку. Тады нават лекары казалі, што не чакалі такога прагрэсу, бо падобнае пашкоджаньне хрыбту давала зусім мала шанцаў на рэабілітацыю. Але аптымістычныя вынікі аздараўленьня дазволілі будаваць пляны на будучае. Паплечнікі Мулявіна ўжо рыхтавалі беспрэцэдэнтны праект. Актыўна анансаваўся выступ “Песьняроў” на сцэне Палаца рэспублікі. Плянавалася, што Ўладзімер Мулявін будзе сьпяваць некаторыя песьні наўпрост у вазку. Аднак заплянаваны на 1 лютага канцэрт адменены. Гэтым разам назаўсёды.
XS
SM
MD
LG