Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЗІМОВУЮ СЭСІЮ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЕДУЦЬ ДЗЬВЕ БЕЛАРУСКІЯ ДЭЛЕГАЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Афіцыйная дэлегацыя будзе ўдвая большая, чым апазыцыйная. Разам зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым у Страсбур коштам палаты ляцяць Леанід Глухоўскі, Андрэй Лосеў і Ўладзімер Навасяд. Аляксею Ваганаву і Юрыю Марозаву прапанавана аплаціць выдаткі самастойна.

Прадстаўнікі палітычнай апазыцыі — Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк і Валянціна Палевікова шукаюць сродкі на паездку. Паводле кіраўніка апазыцыйнай дэлегацыі Анатоля Лябедзькі, усё ішло да таго, што беларуская палітычная апазыцыя магла ўвогуле не трапіць на зімовую сэсію.

(Лябедзька: ) “Мы не плянавалі візыт на сэсію ў Страсбур. Але літаральна за некалькі дзён да пачатку сэсіі прыйшло запрашэньне на паседжаньне Палітычнага камітэту, дзе будзе абмяркоўвацца беларускае пытаньне. Падкамітэт па Беларусі, які створаны ў фармаце камітэту, выступае з ініцыятывай разгледзець беларускае пытаньне.

Відаць, будзе звычайны фармат — прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, Нацыянальнага сходу, дыскусія. Але дыскусія канкрэтызаваная — як ідзе рэалізацыя рэзалюцыі 1306, прынятай летась на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі. Ці ёсьць які прагрэс, ці, наадварот, рэгрэс, ці стагнацыя. Гэта гадзінная дыскусія, і, я думаю, па ейных выніках будзе прымацца калі не рашэньне, дык рэкамэндацыі наконт аднаўленьня, размарожваньня статусу “адмыслова запрошанага” для Беларусі. Гэта будзе ў панядзелак”.

Нагадаю, што статус “адмыслова запрошанага” для парлямэнту Беларусі быў прыпынены 13 студзеня 1997 году, калі ПАРЭ не пагадзілася са шматлікімі парушэньнямі на лістападаўскім рэфэрэндуме 1996 году.

Рашэньне аб магчымасьці аднаўленьня гэтага статусу ў істотнай ступені залежыць ад пазыцыі дакладчыка Паліткамітэту ПАРЭ па Беларусі Вольфганга Бэрэнта. Але апошні пакіне гэтую пасаду. Ён ня ўдзельнічаў у выбарах у Бундэстаг і таму мусіць сысьці з Парлямэнцкай Асамблеі. Але існуе традыцыя, згодна зь якой ён прыедзе ў Страсбур на сэсію.

Інфармацыя аб кандыдатуры новага дакладчыка ад Палітычнага камітэту няма. Ёсьць верагоднасьць, што пераемнік Бэрэнта будзе вызначаны на гэтай сэсіі.

А 30 студзеня ў камітэце юрыдычных пытаньняў і правоў чалавека ПАРЭ будзе разглядацца пытаньне аб зьніклых у Беларусі. Туды запрашаецца Зінаіда Ганчар як адна з удзельніц гэтай дыскусіі.
XS
SM
MD
LG