Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пагляд на прычыны бясплоднасьці і неданошваньня цяжарнасьці ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

Амэрыканскія вучоныя выявілі мэханізм, парушэньні якога ёсьць прычынай аднаго з найчасьцейшых тыпаў бясплоднасьці і неданошваньня цяжарнасьці. Яны мяркуюць, што лепшае разуменьне працэсаў прымацаваньня эмбрыёну да сьлізістай сьценкі маткі дапаможа ў будучыні справіцца з многімі выпадкамі бясплоднасьці і ўжо ў недалёкай будучыні дасьць лекарам інфарматыўны мэтад дыягностыкі.

Дасьледчыкі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска пад кіраўніцтвам д-р Сузэн Фішэр знайшлі прычыну бясплоднасьці, аналізуючы малекулы вуглеводу на паверхні маткі на працягу розных пэрыядаў жаночага цыклю. Яны таксама ідэнтыфікавалі на паверхні эмбрыёну бялок, званы Л-сэлектынам, які можа ўваходзіць ў рэакцыю з вуглеводамі на ўнутранай паверхні маткі пасьля авуляцыі. Вучоныя прыйшлі да высновы, што да часу імплянтацыі зародыш некалькі разоў сутыкаецца з унутранай паверхняй маткі, і толькі пасьля гэтага можа прымацавацца да яе, што гарантуе фармаваньне поўнавартаснай плацэнты і нармальны працяг цяжарнасьці. Немагчымасьць прымацаваньня эмбрыёну да сьценкі маткі зьяўляецца прычынай трох чвэрцяў няўдалых спробаў апладненьня.

Як патлумачыла д-р Фішэр, у гэтым працэсе важнае дакладнае ўзгадненьне па часе. Адна частка загадкі – бялок на эмбрыёне, а другая – вельмі складаная структура цукру вуглеводу. Цукровая малекула на паверхні маткі даступная для кантакту з Л-сэлектынам на паверхні эмбрыёну толькі ў кароткі час месячнага цыклю. Бялок Л-сэлектын на паверхні зародышу спалучаецца з вуглеводамі і зноў вызваляецца, паступова запавольваючы свой рух. Нарэшце, ён спыняецца і можа імплянтавацца ў сьценку маткі, каб атрымаць харчаваньне ад мацярынскіх крывяных сасудаў. Гэты працэс вобразна можна прыраўняць да самалёту, які перш чым прызямліцца, можа некалькі раз дакранацца і зноў адрывацца ад узьлётна-пасадачнай паласы. Навукоўцы мяркуюць, што парушэньні гэтага працэсу можна будзе дыягназаваць і затым карэктаваць.

Вучоныя адзначаюць, што такі ж прынцып дзейнічае і пры выхадзе клетак імуннай сыстэмы з сасудзістага рэчышча да ачагу інфэкцыі. Лейкацыты запавольваюць свой рух і могуць выходзіць з крыві ў раёны, што прылягаюць да месца запаленьня. Д-р Фішэр зьбіраецца даказаць, што мэханізм запаволеньня і прыпыненьня лейкацытаў падобны на той, які быў выяўлены пры імплянтацыі эмбрыёна.

Вучоныя лічаць, што гэтае адкрыцьцё дапаможа многім жанчынам зацяжарыць натуральным шляхам або ў выніку штучнага апладненьня. Паводле навукоўцаў з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, дзеля гэтага трэба пакрыць паверхню эмбрыёну цукровай малекулай, каб дапамагчы яму прымацавацца да сьценкі маткі. З другога боку, гэта дазволіць распрацаваць новы мэтад кантрацэпцыі, заснаваны не на гармонах, але на блякаваньні імплянтацыі эмбрыёна. “Многія жанчыны не ўжываюць таблетак з прычыны пабочных эфэктаў гармонаў, – кажа д-р Фішэр. – Калі мы будзем мець прэпарат, які дзейнічае непасрэдна на малекулы, адказныя за прыліпаньне эмбрыёну, гэта дазволіла б пазьбегнуць гэтых пабочных эфэктаў”. Паводле Фішэр, адкрыцьцё мэханізму прыліпаньня эмбрыёну можа таксама дапамагчы спраўляцца зь неданошваньнем цяжарнасьці.

А цяпер да іншай тэмы. Адкуль бярэцца інфаркт? Неабавязкова з прычыны тлустай ежы і высокага ўзроўню халестэрыну. Вельмі часта ён здараецца ў людзей маладых, якія фізычна актыўныя, адпаведна харчуюцца і ў якіх узровень халестэрыну ў бясьпечнай для сэрца норме. Згодна з найноўшай гіпотэзай, прычынай артэрыясклерозу зьяўляецца звычайнае запаленьне, дакладна такое, якое можа здарыцца, калі чалавек раніць палец стрэмкай.

Даўжэйшы час меркавалася, што артэрыясклероз – гэта ў асноўным “гідраўлічная” праблема. Зь цягам часу лішкі халестэрыну і тлушчаў у крыві адкладаюцца ў выглядзе бляшак або шалупіньня на сьценках крывяных сасудаў, звужаючы іх. У выніку кроў не даходзіць да розных органаў цела. Калі такая бляшка адклеіцца, яна цалкам блякуе крывяны сасуд. У сэрцы гэта выклікае інфаркт, у мазгох – інсульт, у назе – амяртвеньне, якое можа закончыцца ампутацыяй. Гідраўлічнае тлумачэньне было вельмі пераканаўчае і лягічнае. Аднак праблема ў тым, што ў многіх ахвяраў інфаркту або інсульту не было высокага ўзроўню халестэрыну.

“Зараз відавочна, што прычынай інфаркту ня мусіць быць халестэрын”, – кажа д-р Дэвід Грэйнджэр, экспэрт ў галіне запаленьняў з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту. Больш за тое. Пасьля некалькіх гадоў ўжываньня аказалася, што статыны, лекі, якія зьніжаюць ўзровень халестэрыну, дзейнічаюць нават лепш, чым меркавалася. Яны зьмяншаюць рызыку паўторнага інфаркту ў людзей, якія пачалі іх прымаць пасьля першых праблемаў з сэрцам, хаця ўзровень халестэрыну ў іх утрымліваўся ў норме. Навукоўцы пачалі падазраваць, што статыны, акрамя таго, што ачышчаюць кроў ад халестэрыну, маюць іншыя ўласьцівасьці, якія прадухіляюць артэрыясклероз.

Ужо раней фінскія вучоныя сьцьвердзілі, што ў крыві тых, у каго здарыўся інфаркт, знаходзяцца антыцелы супраць мікробу Chlamydia pneumoniae. Аднак ніхто з навукоўцаў не дапускаў думкі, што інфарктам можна “заразіцца”. Аднак з чарговых дасьледаваньняў адназначана вынікала, што рызыку артэрыяслерозу ўзмацняюць таксама бактэрыі, якія выклікаюць, у прыватнасьці, язву страўніка і хваробу дзяснаў. Дасьледчыкі зь лёнданскай St. George’s Hospital Medical School даказалі, што ў пацыентаў з інфарктам антыбіётыкі на траціну зьмяншаюць прыступы сардэчнай ангіны. Навукоўцы пераканаліся, што альбо антыбіётыкі нішчаць мікробы, якіх дагэтуль ніхто не зьвязваў з рызыкай артэрыяслерозу, альбо дзейнічаюць на хворыя сасуды іншым, невядомым спосабам.

Дэйвід Грэйнгер з Кембрыджскага ўнівэрсытэту, Пітэр Лібі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту і Ален Тэдкві з Парыскага дасьледчага інстытуту склалі ўсе элемэнты мазаікі і прыйшлі да высновы, што прычынай інфаркту зьяўляецца запаленьне, якое выйшла з-пад кантролю. Гэтую тэорыю пацьвердзілі апублікаваныя ў New England Journal of Medicine вынікі дасьледаваньня, праведзенага цягам 8 гадоў на 28 тысячах жанчынаў. Навукоўцы правяралі, што больш павялічваае рызыку інфаркту: халестэрын ці гэтак званы бялок CRP, які вырабляе пячонка ў адказ на запаленьне. У групе жанчынаў з падвышаным ўзроўнем халестэрыну рызыка інфаркту павялічылася на 50% , аднак высокі ўзровень бялка CRP павялічваў гэтую рызыку да 130% .

Ці гэта азначае, што ў тых, каму пагражае інфаркт, трэба правяраць ня ўзровень халестэрыну, але бялка CRP? На жаль, гэта пакуль недакладны вынік, – кажа кардыёляг з Унівэрсытэту Каламбія, д-р Лоры Моска. “Гэта добры паказчык рызыкі хваробы сэрца ў вялікіх групах людзей, але не ў паасобных пацыентаў. Мы ня ведаем, ці бялок зьяўляецца прычынай, ці толькі спадарожнічае артэрыясклерозу”.

Як паведамляецца ў адным з апошніх нумароў часопісу New Scientist, дэбаты ў гэтай справе можа закончыць адмысловая справаздача, якую неўзабаве мае намер апублікаваць Амэрыканская асацыяцыя сэрца. Ужо цяпер вядома, што дакумэнт будзе пацьверджаньнем запаленчай тэорыі артэрысклерозу. Што гэта будзе азначаць для пацыентаў? Напэўна больш пасьпяховае лячэньне і прадухіленьне інфарктаў.

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

Якая ежа можа найбольш эфэктыўна дапамагчы Вам зьнізіць ўзровень халестэрыну? Дасьледчыкі згадваюць пшанічныя кексы з цэльнага зерня, але аддаюць перавагу жмені міндалю. Згодна з дасьледаваньнямі, у тых, хто спажываў праблізна 60 грамаў міндалю ў дзень, узровень так званага “дрэннага“ халестэрыну быў на 10% ніжэйшы. Аказалася, што спажываньне пшанічных кексаў не дае такога выніку. Наагул, калі Вы будзеце прытрымлівацца нізкакалярыйнай дыеты і замяняць звычайны тлушч расьлінным алеям, Ваш біялягічны ўзрост будзе на 6 гадоў маладзейшы.

Калі Вы ў рамках штодзённай фізкультурнай зарадкі займаецеся хадзьбой, не выходзьце з хаты ў пару найбольшага дарожнага руху, калі паветра найболей забруджанае маторным дымам. Асабліва шкодны для Вашых лёгкіх дым з дызельных рухавікоў. Для бегу або хадзьбы трэба падабраць больш спакойны раён і пару дня.

Калі Вы ў зімовыя халады, спрабуючы разагрэцца, п’еце гарачыя напоі, дык памятайце, што кубак какавы можа быць акрамя таго карысны для Вашага сэрца. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, гарачая какава або шакалад зьяўляюцца багатай крыніцай флаваноідаў, расьліннай субстанцыі, якая карысна ўзьдзейнічае на сэрца. Каб зьменшыць колькасьць спажыванага тлушчу і калёрыяў, дадавайце да какавы або шакаладу худое малако. Дзякуючы дыфэрэнцыяванай нізкакалярыйнай і поўнавартаснай дыеце, Ваш біялягічны ўзрост будзе на 4 гады маладзейшы.
XS
SM
MD
LG