Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Здароўе”. 25 студзеня

Многія жанчыны хацелі б мець дзіцё, аднак ня могуць зацяжарыць. Іншыя хочуць пазьбегнуць цяжарнасьці, але баяцца ўжываць гарманальныя кантрацэптывы. Новае адкрыцьцё амэрыканскіх навукоўцаў можа дапамагчы і адным, і другім. Пра гэта, а таксама пра тое, што прычынай інфаркту, як мяркуюць некаторыя навукоўцы, ёсьць ня тлустая ежа і халестырын, а звычайнае запаленьне, слухайце ў чарговым выпуску нашай мэдычнай перадачы. Перадачу падрыхтаваў Кастусь Бандарук.


“Па-за тактам”: Музычныя піраты — хто яны? 25 студзеня

Першы выпадак нелегальнага тыражаваньня папулярнай музыкай датаваны 1969 годам. Якім чынам пірацкі бізнэс уплывае на беларускую рэальнасьць цяпер? Ці можна ўспрымаць дзейнасьць музычных піратаў толькі адназначна як парушэньне закону? Пра гэта ў чарговым выданьні перадачы “Па-за тактам” разважаюць беларускія музыкі й выдаўцы, а таксама вядучы — журналіст Зьміцер Падбярэскі.


“Праскі акцэнт”. 26 студзеня

Чаму пад час візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск ні расейскі прэзыдэнт, ні члены ягонай дэлегацыі не пажадалі сустрэцца з прадстаўнікамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, – хаця лідэры гэтай партыі заяўляюць пра партнэрскія стасункі з Расеяй?

Чым патлумачыць, што партыя БНФ не адгукнулася на заявы Пуціна і Лукашэнкі пра паглыбленьне інтэграцыі масавымі акцыямі – хаця лідэры БНФ бачаць у іх пагрозу сувэрэнітэту краіны?

Адказы на гэтыя і іншыя пытаньні даюць у “Праскім акцэнце” намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Свае меркаваньні адносна будучыні беларускай незалежнасьці ў перадачы выказваюць Івонка Сурвілла, Уладзімер Арлоў, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, а таксама мінакі, апытаныя на вуліцах сталіцы.

Перадачу падрыхтаваў Сяргей Навумчык.


“Вольная студыя”: Гутарка зь пісьменьніцай Алай Сямёнавай. 26 студзеня

Пасьля нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў Беларусі й Расеі было афіцыйна заяўлена, што “будаўніцтва адзінай дзяржавы вернута ў канструктыўнае рэчышча”. Але ў гэтым будаўніцтве па-ранейшаму амаль ня ўдзельнічае бальшыня творчай інтэлігенцыі. Крытык Ала Сямёнава лічыць, што дачыненьнем да расейска-беларускага саюзу творца можа сапсаваць сваю біяграфію... Гутарку Міхася Скоблы зь вядомай пісьменьніцай слухайце ў нядзелю, 26 студзеня.


“Вострая брама”. 26 студзеня

У адрозьненьне ад большасьці эўрапейскіх сталіц, "вечна малады" Менск ня мае свайго гістарычнага цэнтру, свайго Старога Гораду. У Менску ня цэняць і не зьберагаюць помнікі архітэктуры, колішнія вуліцы ды кварталы і прыродны ляндшафт. Адзінкавыя выключэньні толькі пацьвярджаюць агульнае правіла. У выніку не пасьпявае вырасьці чарговае пакаленьне менчукоў, як незваротна зьмяняецца сам дух гораду, у якім тое пакаленьне нарадзілася. Менск ня ведае і ня любіць сваёй мінуўшчыны.

Так адбываецца зусім не таму, што менчукі горшыя за парыжан або варшавякаў ці віленчукоў. Некалі ж і Менск быў горадам магдэбурскім, ганзейскім, партовым. Але было тое надта даўно. Мінулае ХХ стагодзьдзе канчаткова ператварыла сталіцу Беларусі ў мэгаполіс, мэханічна складзены зь вёсак. Грушаўка і Ляхаўка, Цівалі і Дразды, Лошыца, Курасоўшчына, Сьляпянка, Зялёны Луг, Карзюкі ды шмат-шмат іншых вёсак апынуліся скопленымі пад адной назваю "Менск", які ня стаў ад гэтага горадам, падобным да іншых сталіц сьвету.

Дух і традыцыя вёскі, якая паводле прыроды сваёй ня дбае пра помнікі архітэктуры і гістарычны цэнтар, запанаваў у Менску. Гэты дух і сёньня нясуць у сабе менчукі – у большасьці гараджане першага ці другога пакаленьня, учорашнія вяскоўцы. Гэты дух – у самым ладзе жыцьця, у культурным і палітычным выбары менчукоў, у іхным спэцыфічным стаўленьні да роднае мовы.

Новая перадача "Вострая Брама" – пра гэты самы дух, пра вёскі, што складаюцца ў сталіцу і тое, што ад іх засталося.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG