Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЎ “ПАКОНЧЫЦЬ З ВУЛІЧНАЙ ЗЛАЧЫННАСЬЦЮ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка аддаў міліцыі загад навесьці парадак на вуліцах беларускіх гарадоў. Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, яго асабліва непакоіць, што пад напады вулічных хуліганаў і рабаўнікоў асабліва часта патрапляюць людзі сталага веку. “Даю вам тыдзень, каб з гэтым пакончыць”, — гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі ўчора цытавалі беларускія тэлеканалы.

Вядучы “Нашых навінаў” на ОНТ нават прывёў у якасьці ганебных прыкладаў напады на вядомага літаратара Адама Мальдзіса і акадэміка Радзіма Гарэцкага, праўда, памылкова назваўшы яго Максімам. Іншыя прозьвішчы грамадзкіх дзеячоў, якія таксама сталі ахвярамі вулічных злачынцаў, не былі названыя. Нагадаем — гэта палітык Аляксей Кароль, тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, актор Расьціслаў Янкоўскі ды іншыя.

Хаця яны пацярпелі пры розных абставінах, гэтыя справы аб’ядноўвае тое, што вінаватыя так і не былі знойдзеныя. Міліцыя тлумачыць гэта тым, што падобныя злачынствы вельмі цяжка раскрываюцца, бо пацярпелыя позна зьвяртаюцца ў міліцыю.

(Сьлепчанка: ) “Калі заява атрыманая за 15–20 хвілінаў, верагоднасьць раскрыцьця вулічнага разбою складае амаль 80%, а калі за паўгадзіны, то ўжо 40%. А яшчэ гадзіну пазьней — скідвай яшчэ 10%”, — патлумачыў кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Алег Сьлепчанка.

Паводле яго, разбояў ня стала больш, проста зараз рэгіструюцца ўсе падобныя выпадкі, ня тое што раней, калі міліцыя ганялася за лепшымі паказчыкамі. А тое, што сярод зьбітых людзей часьцей трапляюць вядомыя асобы — гэта, паводле міліцыянтаў, выпадковасьць.

Каб перамагчы ў барацьбе з вулічнай злачыннасьцю, апошнія гады былі прынятыя адмысловыя захады, сьцьвярджаюць ў міністэрстве. У прыватнасьці, у Менску быў сфармаваны патрульны полк, у абласных цэнтрах — патрульныя батальёны і адпаведна патрульныя роты ў вялікіх раённых гарадах.

“Хоць усіх мінакоў апраніце ў міліцэйскую вопратку, гэта вулічную злачыннасьць ня зьменшыць”, — лічыць тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі, які летась таксама стаў ахвярай нападу хуліганаў. Ён перакананы, што асноўная праблема — у той атмасфэры, якая ствараецца ў краіне намаганьнямі яе кіраўнікоў.

(Мазынскі: ) “Мне здаецца, міліцыя ў нас вельмі маладая — бачыце, якая зьмена пакаленьняў адбылася ў міліцыянтаў. З войска, мне падаецца, іх усіх туды бяруць, хто захоча. Яны ня хочыць ісьці куды працаваць, а таму і ў войска ідуць, каб потым патрапіць у міліцыю. Але што яны — нейкія духоўныя каштоўнасьці набываюць, калі апранаюць гэтую форму? І таму тут праблема не ў міліцыі, а ўвогуле ў атмасфэры ў грамадзтве”.

Крымінальная справа аб зьбіцьці Валера Мазынскага закончылася нічым. Злодзеі не былі знойдзеныя, а паводле Валера Мазынскага, іх асабліва не шукалі — з пацярпелым, прыкладам, сьледчы сустрэўся толькі адзін раз, і тое яшчэ ў шпіталі, калі Мазынскі быў у дрэнным фізычным стане.

Цяпер рэжысэр ведае, што паводле міліцэйскай статыстыкі, 60% падобных справаў здаюцца ў архівы як нераскрытыя. Ён мяркуе, што туды ж трапяць і справы Адама Мальдзіса ды Радзіма Гарэцкага, хай сабе пра іх і згадалі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні.
XS
SM
MD
LG