Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЕСТНОЕ ВРЕМЯ” СУДЗІЦЦА З АБЛВЫКАНКАМАМ


Любоў Лунёва, Менск

Такая справа ўпершыню разгядаецца ў судзе. Нагадаем, Менскі аблвыканкам летась зарэгістраваў газэту “Местное время-пресс”. Пасьля выхаду трох нумароў газэты ў рэдакцыі зьявіліся падатковыя інспэктары. Яны пакаралі адміністрацыйным штрафам рэдактара Анатоля Гуляева за тое, што юрыдычны адрас не супадае з фактычным.

Адразу пасьля гэтага аблвыканкам вынес рашэньне аб скасаваньні рашэньня пра рэгістрацыю газэты. На думку старшыні праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэя Бастунца, аблвыканкам парушыў юрыдычныя нормы, бо калі ён намагаўся зачыніць газэту, то ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам трэба было весьці працэдуру ліквідацыі.

Сёньня рэдакцыя газэты прынесла ў суд хадайніцтва, каб суд адмяніў рашэньне аблвыканкаму і спагнаў з апошняга 2 мільёны рублёў на карысьць газэты ў якасьці кампэнсацыі фінансавых стратаў. Суд прыняў хадайніцтва да разгляду. Гаворыць галоўны рэдактар “Местного времени” Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Усё зроблена абсалютна незаконна. Не было ніякай падставы, каб ліквідаваць наша прадпрыемства. Тым больш, ведаеце, там і фармулёўка такая: “Рашэньне аб адменьне рашэньня”. Ні ў якія юрыдычныя нормы гэтая фармулёўка ня ўпісваецца”.

Намесьнік рэдактара Аляксандар Коктыш лічыць, што аблвыканкам дзейнічаў на загад зьверху:

(Коктыш: ) “Безумоўна, мы лічым і будзем лічыць, што быў загад зьверху — і з высокай, калі не найвышэйшай інстанцыі”.

Судзьдзя Аляксандар Брагін прызначыў наступнае паседжаньне на 12 лютага па просьбе прадстаўніка аблвыканкаму, бо той не чакаў хадайніцтва і папрасіў суд даць часу, каб падрыхтавацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG