Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШЧУКІН ПРОСІЦЬ ЦЭНТАРВЫБАРКАМ ПАТЛУМАЧЫЦЬ ПАЛАЖЭНЬНІ ВЫБАРЧАГА КОДЭКСУ


Уладзімер Глод, Менск

Вядомы праваабаронца Валеры Шчукін, які прэтэндуе на мандат дэпутата Полацкага гарсавету, абураны.

(Шчукін: ) “Полацкі гарвыканкам сваім рашэньнем аб утварэньні ўчастковых камісіяў выказаў зьнявагу да Выбарчага кодэксу. Па сэнсе закону і ў выбарчыя камісіі, і кандыдатамі ў дэпутаты працоўны калектыў мае права вылучаць толькі аднаго чалавека. Полацкі гарвыканкам згодна з сумнавядомым прынцыпам дышла павярнуў закон у другі бок”.

Як патлумачыў Валеры Шчукін, пяць сяброў камісіі вылучаныя ад розных падразьдзяленьняў пэдагагічнага каледжу, дырэктар якога спадарыня Палушкіна зьяўляецца патэнцыйным канкурэнтам Шчукіна на выбарах у гарсавет. Такая камісія ня можа быць аб’ектыўнай, — лічыць спадар Шчукін. Але ў гарвыканкаме лічаць, што такі склад камісіі ўтварыўся празь зьбег абставінаў.

Ці ёсьць тут парушэньне закону і наколькі гэта тыпова? З такім пытаньнем я зьвяртаюся да юрыста праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянціна Стэфановіча.

(Стэфановіч: ) “Высьветлілася такая цікавая тэндэнцыя, як у абыход закону з прадстаўнікоў аднаго калектыву можна стварыць выбарчую камісію, паколькі яны былі вылучаныя яшчэ і ад грамадзянаў праз збор подпісаў. Фармальна калі глядзець, тут парушэньняў няма, паколькі яны вылучаныя ад розных структурных падразьдзяленьняў. Такое заканадаўства таксама дазваляе. І вось так накруціўшы, можна зрабіць выбарчую камісію практычна з прадстаўнікоў аднаго прадпрыемства”.

Валеры Шчукін сказаў, што 23 студзеня ён накіраваў заяву ў Цэнтарвыбаркам, у якой просіць растлумачыць, ці мела месца парушэньне закону пры фармаваньні выбарчай камісіі ў Полацку. У Цэнтральнай выбарчай камісіі мне паведамілі, што разгляд заявы будзе зроблены пасьля таго, як яна прыйдзе сюды ў пісьмовым выглядзе.
XS
SM
MD
LG