Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“VOLKSWAGEN” ПАКУЛЬ НЕ ВЯДЗЕ ПЕРАМОВАЎ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Тры гады таму на заводзе ў пасёлку Абчак пад Менскам зьбіраліся легкавікі амэрыканскай кампаніі “Ford”. Але амэрыканцы прадалі сваю долю ў сумесным прадпрыемстве зь Беларусьсю, бо вытворчасьць не была прыбытковай. Цяпер зьявілася інфармацыя, што зборку аўтамабіляў на гэтым жа прадпрыемстве зьбіраецца наладзіць нямецкі канцэрн “Volkswagen”. Вось што кажа прэсавая сакратарка Міністэрства эканомікі Беларусі Натальля Пацэйка:

(Пацэйка: ) “Насамрэч, такія праекты прапрацоўваюцца. Я нічога не магу сказаць, бо ўсё ў стадыі прапрацоўкі. Нашыя спэцыялісты пакуль не сьпяшаюцца нічога казаць, нават мне”.

Між тым, расейская газэта “Известия” піша, што ўжо ў другой палове гэтага году завод у Абчаку можа пачаць зборку аўтамабіляў “Volkswagen Skoda”. Паводле выданьня, напачатку там плянуецца зьбіраць 6 тысяч машынаў штогоду, а потым да 100 тысяч. “Известия” сьцьвярджаюць, што падрыхтаваны мэмарандум, які падпішуць прадстаўнікі нямецкага канцэрну, беларускага ўраду і нават сталага камітэту гэтак званай “саюзнай дзяржавы”. Паводле газэты, кіраўнік камітэту Павел Барадзін абяцае фінансаваньне праекту з “саюзнага” бюджэту”.

Аднак вось што кажа прэсавы сакратар канцэрну “Volkswagen” Пэтэр Шлеляйн:

(Шлеляйн: ) “Так, былі кантакты, беларускі бок запытаўся ў нас, ці былі б мы зацікаўленыя ў вытворчасьці аўтамабіляў у Беларусі. Гэта было пытаньне да “Volkswagen”. Але не вядзецца ніякіх перамоваў аб вытворчасьці ў Беларусі”.

Спадар Шлеляйн кажа, што прапановы беларускага боку разглядаюцца адмысловым дэпартамэнтам “Volkswagen”, як і шмат якія іншыя.

(Шлеляйн: ) “Мы часта атрымліваем падобныя прапановы ад шмат якіх краінаў. Мы разглядаем кожную такую прапанову. Гэта нармальна, і мы зробім гэта й зараз”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG