Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРЫЕМНА, КАЛІ ДА ЦЯБЕ ЗЬВЯРТАЮЦЦА З ПАКУНКУ НА ТВАЁЙ РОДНАЙ МОВЕ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Аднойчы адзін з маіх сяброў-беларусаў, што жыве ў Варшаве, калі мы аказаліся ў краме, выбраў сок, амаль у два разы даражэйшы ад таго, што звычайна набываю я. Ведаючы, што мой сябра чалавек не заможны, я быў зьдзіўлены гэтым выбарам.

“А ты што, ня ведаеш, што на пакунку вось гэтага соку з назовам “CLIPPO”, зробленага фірмай “Aronia S.A.”, заўсёды ёсьць падрабязнае тлумачэньне складу і якасьці прадукту па-беларуску. Таму я яго і купляю”, – адказаў ён.

Пасьля дакладнага спраўджваньня тавараў кшталту розных арэшкаў, снэкаў і напояў я высьвятліў, што яшчэ адна польская фірма – “Star Foods” – на ўсіх сваіх прадуктах піша па-беларуску. “Star Foods” вядомая ў асноўным сваімі чыпсамі, аднак прадукуе таксама снэкі і вафлі.

У галоўным офісе фірмы ў горадзе Томашув Мазавецкі, я запытаўся, чаму было вырашана зьмяшчаць на пакунках і беларускія надпісы, у той час, як большасьць кампаніяў гэтага ня робяць, аддаючы перавагу расейска- і ўкраінскамоўным тлумачэньням. Гаворыць супрацоўніцца аддзелу дызайну кампаніі “Star Foods”:

(Супрацоўніца “Star Foods”: ) “Наколькі я ведаю, гэта было супольнае рашэньне дырэктара у справе продажу і кіраўніка аддзелу экспарту. Мы экспартуем нашыя тавары да ўсходніх суседзяў ўвесь час”.

(Карэспандэнт: ) “Ведаючы, якая цяпер на беларускім рынку сітуацыя з выкарыстаньнем беларускай мовы, ці не зьбіраецеся вы адмовіцца ад надпісаў па- беларуску?”

(Супрацоўніца “Star Foods”: ) “Не, хутчэй за ўсё, не”.

Паводле словаў супрацоўніцы “Star Foods”, гэта натуральна: калі фірма экспартуе тавар у тую ці іншую краіну, дык папросту павінна мець інфармацыю пра гэты прадукт на мове краіны-імпарцёра – гэта падставовае правіла рынку.

Я правёў невялікае апытаньне знаёмых варшаўскіх беларусаў, і амаль кожны зь іх назваў нейкі тавар – мыла, кансэрвы ці марозіва – на які тут у Польшчы зьвярнуў увагу перадусім таму, што ягоны склад быў апісаны па-беларуску. Гаворыць студэнтка з Варшавы Алена Іванова:

(Іванова: ) “Канечне, галоўнае – гэта кошт. Але калі нават на радзіме рэдка ўбачыш надпіс які па-беларуску, дык прыемна, калі да цябе тут зьвяртаюцца з пакунку на тваёй роднай мове”.

Такім чынам, няма прычынаў меркаваць, што гэтае важнае правіла рынку ня дзейнічае ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG