Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕКТЫЎ КІНАСТУДЫІ “ТАЦЯНА” ШУКАЕ ПАДТРЫМКІ Ў ДЗЕЯЧОЎ КУЛЬТУРЫ І ПРАВААБАРОНЦАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Больш за тры тыдні кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, а таксама супрацоўніцы студыі “Тацяна” Ірына Пісьменная, Тацяна Логінава й Браніслава Лобан ня маюць магчымасьці працаваць. Іх кабінэты ў будынку Саюзу кінэматаграфістаў апячатаныя прадстаўнікамі Камітэту дзяржкантролю.

Днямі кантралёры цалкам вывезьлі з будынку саюзу мантажную й відэаапаратуру, частка якой належала расейскай кінафабрыцы, а частка была перададзеная кінэматаграфістам Беларускім ПЭН-Цэнтрам. На гэтай апаратуры было зроблена нямала беларускіх фільмаў. Пад арыштам знаходзіцца і маёмасьць студыі “Тацяна”, кампутары й асабістыя рэчы супрацоўніц. Але кінэматаграфісткам найбольш шкада арыштаванага архіву студыі. Гэта 240 відэакасэтаў з запісамі фільмаў, якія жанчыны зьнялі за 12 гадоў існаваньня студыі.

Паводле кіраўніцы студыі Тацяны Логінавай, кантралёры заявілі, што апаратура ды іншыя рэчы могуць быць канфіскаваныя,бо не былі належным чынам пастаўленыя на балянс Саюзу кінэматаграфістаў. Арыштаваныя карціны прадусара студыі Браніславы Лобан кантралёры абаяцаюць перадаць у нейкія дзіцячыя ўстановы.

Супрацоўніца студыі, кінадраматург Ірына Пісьменная лічыць гэтую акцыю Дзяржкантролю палітычна матываванай:

(Пісьменная: ) “Справа ў тым, што яны бачаць ў нас нейкіх ворагаў. А ворагі мы таму, што гаворым праўду, таму, што мы спрабуем падняць тыя пытаньні, распавесьці ў сваіх фільмах тое, што хвалюе ўсіх нас. І, відаць, уладам гэта не падабаецца”.

Аўтар апошняга фільму, зьнятага на студыі “Тацяна”, Юры Хашчавацкі лічыць, што арышт маёмасьці кінэматаграфістаў ёсьць адным з элемэнтаў зачысткі інфармацыйнага поля Беларусі. На ягоную думку, улады такім чынам рыхтуюцца да правядзеньня будучага рэфэрэндуму ў справе працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар фільму “Звычайны прэзыдэнт” Юры Хашчавацкі таксама не выключае, што арышт маёмасьці стаўся помстай уладаў за ягоную апазыцыйную дзейнасьць.

Паводле супрацоўніц студыі, кіраўніцтва Саюзу кінэматаграфістаў баіцца выступаць у іх абарону. Яно нават распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой сьцьвярджаецца, што пазыцыя супрацоўніц “Тацяны” й Юрыя Хашчавацкага ня мае нічога супольнага з пазыцыяй Саюзу кінэматаграфістаў.

Апальныя кінэматаграфісты 24 студзеня распаўсюдзілі зварот да творчай інтэлігенцыі, СМІ й праваабарончых арганізацыяў з просьбай уключыцца на абарону студыі. Яны называюць праверку Дзяржкантролю палітычнай акцыяй, скіраванай на зьнішчэньне незалежнага кінэматографу.

Калі па выніках праверкі Дзяржкантролю маёмасьць ня будзе вернутая кінэматаграфістам, спадар Хашчавацкі й студыя “Тацяна” будуць адстойваць свае правы ў судзе, хаця й ня надта вераць у аб’ектыўнасьць беларускай Тэміды.
XS
SM
MD
LG