Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНIКАЎ НА РЭЧАВЫХ РЫНКАХ БЕРАСЬЦЯ СПЫНIЛА ПРАЦУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Рынак “Юбiлейны”, што месьцiцца на ўскрайку Берасьця, першым адчуў сур’ёзнасьць намераў кантралёраў. Тутэйшыя прадпрымальнiкi гавораць, што правяраць iхную дзейнасьць супрацоўнiкi розных кантрольных структураў прыехалi на сямi машынах.

Паводле неафiцыйных зьвестак, праверкай займалася адмысловая група зь Менску. Кантралёры цiкавiлiся ў гандляроў наяўнасьцю ўсiх дакумэнтаў (нават тых, што ўжо даўно не патрабуюць iхныя берасьцейскiя калегi). Асаблiвую ўвагу кантралёры зьвярталi на наяўнасьць гiгiенiчных сэртыфiкатаў. Тлумачэньнi прадпрымальнiкаў пра тое, што мясцовы цэнтар стандартызацыi не пасьпявае праверыць выбраныя ўзоры тавару, i таму сэртыфiкатаў трэба чакаць па некалькi месяцаў, кантралёры праiгнаравалi. Цягам гадзiны яны сканфiскавалi тавар у 15 прадпрымальнiкаў, што гандлююць у палатках.

Пасьля праверкi на рынку “Юбiлейным” кантралёры вырашылi наведаць i iншыя буйныя берасьцейскiя рынкi. Даведаўшыся пра вынiкi працы кантралёраў, прадпрымальнiкi вырашылi сёньня спынiць працу. Паводле папярэднiх зьвестак, а 14-й гадзiне гандаль быў спынены амаль на ўсiх рынках гораду.

Прадпрымальнiкi сьцьвярджаюць, што акрамя супрацоўнiкаў Дзяржкантролю, падатковых i праваахоўчых органаў, у праверках бяруць удзел i мытнiкi. Берасьцейцы, што сёньня вярталiся ў Беларусь з Польшчы, гавораць, што на мяжы таксама заўважылi сур’ёзныя перамены.

Надзвычай пiльна мытнікі даглядаюць увесь аўтатранспарт i рэчы, якiя грамадзяне Беларусi спрабуюць увезьцi ў краiну. З крынiцаў, блiзкiх да берасьцейскай мытнi “Заходнi Буг”, вядома, што амаль усе кантрольныя i праваахоўчыя структуры задзейнiчаныя зараз у адмысловай апэрацыi, якая санкцыянаваная кiраўнiцтвам Беларусi й ставiць за мэту навесьцi парадак на рынках краiны. Гандляры пакуль ня ведаюць, цi ёсьць сэнс аднаўляць сваю працу ў выходныя днi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG