Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ “МІГАЛКІ” ДАЗВОЛЕНА ТОЛЬКІ НА “МЭРСЭДЭСЕ” ЛУКАШЭНКІ


Ігар Карней, Менск

Пастановай акрэсьлена, што несанкцыянаванае выкарыстаньне пробліскавых маячкоў будзе карацца штрафам 30 базавых велічыняў (блізу 200 даляраў), а ў надзвычайных сытуацыях (прыкладам, калі выкарыстаньне мігалкі прывяло да дарожнага здарэньня) можа разглядацца пытаньне канфіскацыі транспартнага сродку.

Згодна з пастановай, апроч машынаў хуткай дапамогі, пажарнай аховы, міліцыі, вайсковай аўтаінспэкцыі, машынаў разьмінаваньня і службы газу выкарыстаньне сьветавых спэцсыгналаў дазволена толькі аднаму дзяржаўнаму чыноўніку — Аляксандру Лукашэнку.

Між тым, у ДАІ рэспублікі разгубленыя зьяўленьнем гэткай пастановы: там не хаваюць, што не ініцыявалі падобных захадаў.

(Супрацоўніца ДАІ: ) “Лічу, што проста “спапугайнічалі”: калі ў Расеі прынялі такую пастанову, патрэбна і нам прыняць. Гэта не была ініцыятыва ДАІ, урад усё ініцыяваў сам. Перад ДАІ падобная праблема не стаіць. Няма прэцэдэнтаў, каб прыватныя ці камэрцыйныя структуры спэкулявалі перасоўваньнямі з сыгнальнымі маячкамі. Самі езьдзіце, бачыце: няма ў нас, каб па разьдзяляльнай паласе хтосьці гнаў з маячкамі. Тым больш, у правілах і так напісана, хто можа езьдзіць з чырвонымі, хто зь сінімі, а хто з аранжавымі. Прынамсі, аўтааматары наўрад ці што на сабе адчуюць: як былі штрафы за пераабсталяваньне транспартных сродкаў, так і застануцца”.

У ДАІ выказалі меркаваньне, што, можа, падобным чынам распачынаецца ўніфікацыя саюзных заканадаўстваў. Справа ў тым, што ў Расеі была абвешчаная сапраўдная вайна незаконнаму выкарыстаньню пробліскавых маячкоў. Расейскія “даішнікі” ўжо адрапартавалі пра тысячы канфіскаваных “мігалак”, якімі падчас маскоўскіх дарожных затораў злоўжывалі дэпутаты, бізнэсоўцы ды нават шараговыя кіроўцы.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч, які лічыць сябе заўзятым аўтааматарам, упэўнены: барацьба з падобнымі парушальнікамі ў Беларусі бессэнсоўная, паколькі змагацца няма з кім.

(Парфяновіч: ) “Ніводны дэпутат не карыстаецца гэтымі рэчамі. Ніводная дэпутацкая машына не абсталяваная падобнымі сыгналамі, нават машыны Папова ды Канаплёва. Можа, прынялі на ўсялякі выпадак, каб нават жаданьня такога ні ў каго не ўзьнікала. Але ж мы не ў Расеі, не ў Маскве. У нас ніхто ня можа купіць права на карыстаньне маячком. Мне, праўда, казалі, што, у прынцыпе, юрыдычная асоба па вялікім блаце можа сабе нешта падобнае арганізаваць. Але я ня веру нават у блат, бо тармазнуць даішнікі і адразу ж адбяруць, імгненна”.

Калі зыходзіць з уласных назіраньняў, то злоўжываньне мігалкамі на рахунку якраз некаторых падразьдзяленьняў ДАІ. Тычыцца гэта пераважна гэтак званых эвакуатараў тэхнікі. Зараз зь міліцэйскіх трактараў сінія мігалкі будуць зьнятыя. Нярэдкія выпадкі, калі сінім сыгналам магла вызначыцца інкасатарская машына. Пра іншыя выпадкі ў ДАІ ня ведаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG