Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНЫ ЭКАНАМІЧНЫ ФОРУМ НА ТЛЕ ГЛЯБАЛЬНАГА ПАЦЯПЛЕНЬНЯ


Віталь Цыганкоў, Прага

Галоўная падзея для жыхароў Давоса, знакамітага швайцарскага лыжнага курорту, – зусім не штогадовая сустрэча Ўсясьветнага эканамічнага форуму, – піша газэта “International Herald Tribune”. Галоўная падзея – гэта рэзкія перапады надвор’я. Вясеньняя цёплая тэмпэратура ў першыя дні студзеня і ніякага сьнегу ў гарах – аж да вышыні 2000 мэтраў. Сёньня ўжо мало каго з эўрапейцаў, якія жывуць на падобных курортах, трэба пераконваць, што на іхнія гаспадарчыя ды эканамічныя справы значна паўплывалі зьмены клімату.

Некалькі тыдняў таму Нямеччына зьведала сур’ёзную залеву, у той час як частка Саламонавых астравоў у Паўднёвай частцы Ціхага акіяну былі спустошаныя лютым трапічным штормам. Паўднёвая і ўсходняя Афрыка зараз у цісках засухі, што ставіць мільёны людзей пад пагрозу голаду. Аўстралія таксама ў палоне найгоршай засухі ў сваёй гісторыі, краіне пагражае нізкая ўраджайнасьць і зьніжэньне экспарту. Выключна гарачае і сухое надвор’е выклікае пажары. Сотні дамоў вакол сталіцы Аўстраліі Канбэры пераўтварыліся ў попел за апошнія дні.

Многія навукоўцы сьцьвярджаюць, што падобныя анамаліі прыроды зьвязаныя з глябальным пацяпленьнем і спальваньнем прыроднага паліва. Палітычныя ды эканамічныя лідэры, сустракаючыся ў Давосе, маюць магчымасьць узяцца нарэшце за гэтую складаную, аднак вырашальную праблему.

Тут існуе некалькі знакаў, якія абнадзейваюць. Нягледзячы на нежаданьне адміністрацыі Буша прызнаць відавочнасьць глябальнага пацяпленьня, іншыя краіны рухаюццца наперад і прымаюць захады дзеля зьніжэньня парніковага эфэкту. Каб знакамітае Кіёцкае пагадненьне наконт аховы клімату ўступіла ў сілу, неабходная толькі ратыфікацыя Расеі. Некаторыя штаты ЗША прымаюць захады для зьніжэньня выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру. Тое ж самае пачалі рабіць і некаторыя кампаніі – ня столькі з-за кіёцкага пагадненьня, аднак дзеля скарачэньня энэргетычных выдаткаў і пазьбяганьня патэнцыйных запазычанасьцяў. Бо некаторыя страхавыя фірмы сёньня вывучаюць энэргетычныя справаздачы кампаніі, вырашаючы, ці варта ў іх інвэставаць. Днямі акцыянэры пяці найбуйнейшых амэрыканскіх вытворцаў энэргіі распрацавалі рэзалюцыю, якая вымусіць кампаніі публічна абнародаваць эканамічную рызыку выкідаў, якія выдзяляюцца ў паветра.

“Выкіды павінны быць скарочаныя радыкальна, калі сьвет хоча, каб тэмпэратура не ўзьнялася да такой мяжы, якая прывядзе да спусташальных эканамічных ды экалягічных наступстваў. Мы павінны пераключыцца з вуглю і нафты на чыстыя, безвугляродныя віды энэргіі. Такі крок прынясе новы рост і працоўныя месцы”, – піша ў газэце “International Herald Tribune” кіраўнік арганізацыі “World Wildlife Foundation” (Сусьветны фонд жывой прыроды”) Клод Мартын.
XS
SM
MD
LG