Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ СПАРТОЎЦЫ НЕЗАДАВОЛЕНЫЯ ПРЫЗНАЧЭНЬНЕМ МІНІСТРАМ СПОРТУ “СІЛАВІКА”


Ігар Карней, Менск

У распаўсюджаным прэсавай службай А.Лукашэнкі паведамленьні прыводзяцца такія словы кіраўніка краіны: “Пераступаючы цераз забабоны, я прызначаю на гэтую пасаду ваеннага чалавека, які забясьпечыць жалезны парадак, створыць сыстэму. Сівакоў можа працаваць эфэктыўна, а галоўнае — ён любіць спорт”.

Кіраўнік фэдэрацыі футболу Рыгор Фёдараў, які, як мяркуюць, стаўся асноўнай прычынай кадравых ратацыяў у Міністэрстве спорту, гэтыя словы пракамэнтаваў вельмі ляканічна: “А хто ж спорт ня любіць?” І працягнуў:

(Фёдараў: ) “Мяне прызначэньне зьдзівіла. Я ўсё ж разьлічваў, што прыйдуць людзі ад спорту, і тым больш не чакаў, што так катэгарычна будзе прынятае рашэньне наконт кіраўніцтва міністэрства. Я ведаю, што кадравыя пытаньні зьвязваюць са мной. Але аб’ектыўна Ворсін рабіў усё дзеля таго, каб 19 сьнежня сытуацыя вырашылася ў інтарэсах футболу. А тое, што яго не зразумелі, што ён не “даціснуў” — ну, дык тады былі б праблемы ў футболу. Таму рашэньне датычна каманды Ворсіна няправільнае.

Што тычыцца Сівакова, то нават пры ягоным патэнцыяле спорт застаецца асаблівай катэгорыяй, і тут патрабуецца асаблівы падыход. Ня проста будзе ўсё ажыцьцявіць, калі дзейнічаць мэтадам катэгарычных загадаў. Загадам у “дзявятку” трапіць вельмі цяжка”.

Шасьціразовага чэмпіёна сьвету Ігара Жалязоўскага калегі-спартоўцы некалькі разоў спрабавалі вылучыць на пасаду кіраўніка Міністэрства спорту. Але ніводнага разу кіраўніцтва краіны не аргумэнтавала прычыны катэгарычнай адмовы. Як сам Жалязоўскі паставіўся да чарговага кадравага прызначэньня?

(Жалязоўскі: ) “Ужо цяжка нечаму зьдзіўляцца. Жаданьне навесьці парадак — гэта нармальна, але не павінна станавіцца галоўнай мэтай. Павінна быць веданьне справы, прафэсіяналізам, наагул глыбокае разуменьне пытаньня, якім займаесься. Ня выключана, што Сівакоў нядрэнны адмысловец у спорце, але, шчыра кажучы, быць добрым спэцыялістам ва ўсім наўрад ці магчыма. Зь мінулым складам міністэрства было разуменьне, ішла нармальная праца, хоць штосьці не вырашалася, у прыватнасьці, у справе прыцягненьня трэнэраў высокай клясы.

Але пры ўсім лічу, што Ворсін дастакова кваліфікаваны ў спорце чалавек. А навесьці парадак — гэта ж не пакой прыбраць. Можна на чале і салдата паставіць, калі мэта такая. Але каб стварыць штосьці лепшае ў сьвеце, патрэбна ня толькі камандаваць, а яшчэ падумаць, як гэта зрабіць”.

А вось славутая біятляністка Сьвятлана Парамыгіна ня гэткая катэгарычная ў ацэнцы новага міністра спорту. Яна мяркуе, што ня ўсе экспэрымэнты з прыцягненьнем сілавікоў завяршаліся няўдачай.

(Парамыгіна: ) “Ня цяжка заўважыць, што гэтак званыя “сілавікі” кіруюць хакеем, кіруюць біятлёнам, і вынікі нядрэнныя. І таму ў сытуацыі, калі на такія пасады прынцыпова не прызначаюць прафэсійных спартоцаў, дык няхай лепш будзе сілавік, чым нейкі функцыянэр, былы камсамольскі работнік, які проста прысмактаўся да кармушкі. Калі адкінулі ў свой час Жалязоўскага, і ён зараз не ўваходзіць нават у алімпійскія структуры, калі гэтак жа абышліся са стралком Басінскім, тады давайце эскпэрымэнтаваць зь сілавікамі. Няхай яны не зусім сьвядомыя, але яны моцныя людзі й могуць прымаць рашэньні. Пры адпаведных умовах яны могуць сытуацыю асэнсаваць”.

Адразу ж пасьля прызначэньня новага міністра спорту Лукашэнка акрэсьліў перад ім шэраг прыярытэтных задачаў. Асноўная — забясьпечыць заваяваньне беларускай камандай на Алімпіядзе ў Грэцыі 25 мэдалёў. Адзін са спартоўцаў з гэтай нагоды выказаўся, што гэта рэальна, калі асабістым загадам міністар перавядзе падначаленых яму спартоўцаў на ваеннае становішча.
XS
SM
MD
LG