Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАРЫ НЯМЕЧЧЫНЫ Й ФРАНЦЫІ НАВЕДАЛІ ХАТЫНЬ, ЯМУ І КУРАПАТЫ


Ганна Соусь, Менск

Амбасадары й ваенныя аташэ Францыі й Нямеччыны ўсклалі вянкі і ўшанавалі памяць бязьвінных ахвяраў хвілінай маўчаньня. Гаворыць амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі:

(Шмялеўскі: ) “З нагоды падпісаньня Элізэйскай дамовы мы абралі для ўшанаваньня памяці менавіта гэтыя месцы пакутаў беларускага народу. І гэта зьвязана з той датай, якую мы зараз сьвяткуем, бо яна сымбалізуе прымірэньне, прымірэньне пасьля перажытых пакутаў”.

Працягвае амбасадар Нямеччыны Гельмут Фрык:

(Фрык: ) “Уся шырыня гістарычных падзеяў сымбалізуецца тымі месцамі, якія мы наведваем. І для нямецкага амбасадара гэта асабліва складана — я маю на ўвазе Хатынь і Яму. Як прадстаўнікі ўжо другога пакаленьня, мы ўсьведамляем, што тут адбываліся жахлівыя рэчы дзеля Трэцяга Рэйху. І мы глыбока перакананыя, што прымірэньне ёсьць вызначальным пунктам для плённага суседзтва ў Эўропе, але ж прымірэньне без уліку гісторыі немагчымае”.

У Хатыні амбасадараў суправаджала дырэктарка мэмарыяльнага комплексу, ля мэмарыяла “Яма” спадароў Фрыка й Шмялеўскага сустрэў архітэктар Леанід Левін, дарэчы, галоўны праектант Хатынскага комплексу, а на Курапацкім пагорку амбасадараў чакаў старшыня “Хрысьціянскай злучнасьці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч.

Варта адзначыць, што пасьля леташняй цырымоніі адкрыцьця адноўленага мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, лавы Клінтана, гэта быў фактычна першы візыт у Курапаты акрэдытаваных у Беларусі амбасадараў. Гаворыць францускі амбасадар Стэфан Шмялеўскі:

(Шмялеўскі: ) “Злачынства й забойства — гэта заўсёды злачынства й забойства. І якім бы чынам ні загінулі людзі, з гэтай прычыны заўсёды пакутуе народ. Жыхары Хатыні былі звычайнымі сялянамі, якія нічога агульнага ня мелі з тымі вайсковымі дзеяньнямі, што адбываліся вакол гэтай вёскі. Людзі, якія былі забітыя ў Яме, загінулі з прычыны расавай нянавісьці, а людзі, якіх забілі ў Курапатах, загінулі з прычыны ідэалягічнай нянавісьці. І ў гэтым паміж імі няма ніякага адрозьненьня”.

Думку Стэфана Шмялеўскага працягнуў Гельмут Фрык:

(Фрык: ) “Наш нямецкі досьвед сьведчыць пра тое, што ніводная краіна ня можа замоўчваць сваю гісторыю, і ніводная краіна ня можа ўцячы ад уласнай гісторыі, і ў адзін дзень гісторыя дагоніць краіну. І Курапаты якраз ёсьць сьведчаньнем таму”.

І яшчэ адна дэталь, што тычыцца ўрокаў гісторыі й прымірэньня. Звычайна кожная амбасада ўскладае асобныя вянкі, а гэтым разам немцы й французы зрабілі агульныя вянкі — на кожным зь іх па стужцы ад нямецкай і францускай амбасады.
XS
SM
MD
LG