Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ АДКРЫЕ НОВЫЯ ПУНКТЫ МЫТНАГА КАНТРОЛЮ НА МЯЖЫ З РАСЕЯЙ


Галіна Абакунчык, Менск

На гэты крок уладныя структуры Беларусі вымусіла аналягічнае рашэньне ўраду Расейскай Фэдэрацыі, прынятае ў аднабаковым парадку. Старшыня дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі называе гэты крок урадавых колаў Расеі беспадстаўным, які будзе дорага каштаваць бюджэту Беларусі. Гаворыць Аляксандар Шпілеўскі:

(Шпілеўскі: ) “Калі яны кантралююць таварныя патокі, якія ідуць у Расейскую Фэдэрацыю, такія патокі павінныя кантраляваць і мы. Бо пры адсутнасьці межаў гэтыя тавары вяртаюцца да нас назад. З пункту погляду палітычнага я ня буду даваць ацэнку, а з эканамічнага — гэта вельмі накладна. Толькі на ўтрыманьне супрацоўнікаў спатрэбіцца 5 мільярдаў рублёў на год. Гэта вельмі вялікая лічба”.

Значныя сродкі бюджэт недаатрымоўвае ад рэалізацыі канфіскаваных тавараў. Так, у мінулым годзе мытнікі канфіскавалі тавараў на суму 98 мільярдаў рублёў, а ў бюджэт паступіла толькі 28 мільярдаў. Спадар Шпілеўскі назвае гэта вынікам дрэннай рэалізацыі тавараў. Аднак незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што нізкі даход ад канфісканту — гэта яшчэ й факт парушэньня закону. Гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Калі дзяржаўныя структуры маюць манаполію, то бачым, як можна лёгка сфабрыкаваць конкурс і зьнізіць кошты нават на вельмі добрыя рэчы ў дзесяць разоў. Тое, што без суда й сьледзтва можна канфіскаваць маёмасьць, азначае, што ў кантрольных органаў рукі разьвязаныя”.

Паводле Аляксандра Шпілеўскага, толькі летась з мытных органаў былі звольненыя 86 чалавек за даказаныя факты супрацоўніцтва з крымінальнымі групоўкамі. Сярод 300 чалавек, звольненых паводле скарачэньня штатаў, значная частка падазраваных у хабарніцтве й іншых злачынствах.
XS
SM
MD
LG