Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЕРКІ ДЭКЛЯРАЦЫІ АБ ДАХОДАХ І МАЁМАСЬЦІ ЗАТРЫМЛІВАЮЦЬ ПРАЦЭС РЭГІСТРАЦЫІ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ


Уладзімер Глод, Менск

Да 31 студзеня выбарчыя камісіі мусяць скончыць рэгістрацыю ўсіх прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Адным з галоўных крытэраў станоўчага для прэтэндэнтаў рашэньня будзе дакладная адпаведнасьць іхных дэклярацыяў рэчаіснасьці. І вось тут і ўзьнікае праблема праверкі іхнай маёмасьці. Складанасьць сытуацыі тлумачыць кіраўнік юрыдычнай службы Дзяржкамітэту каштоўных папераў Генадзь Рэвіна:

(Рэвіна: ) “Дзяржкамітэт каштоўных папераў рэгіструе толькі агульную эмісію акцыяў. А кожнае акцыянэрнае таварыства вядзе ўлік альбо праз дэпазытарый, калі яно адкрытае, альбо ў сябе, калі яно закрытае. І такіх у нас тысячы таварыстваў. Уявіце, нам патрэбна зрабіць запыт у кожнае акцыянэрнае таварыства, альбо кожнаму трымальніку рэестру: ёсьць у яго акцыі кожнага кандыдата, нейкага Іванова, ці не? Гэтыя акцыі маюць свабодны абарот, сёньня — адзін уладальнік, заўтра — іншы. Мы ж за гэтым ня можам прасачыць. Фізычна гэта немагчыма. І нідзе гэта ня робіцца, у ніводнай краіне сьвету”.

Юрыст дадаў, што ў Дзяржкамітэце створаная адмысловая служба дзеля праверкі дакумэнтаў кандыдатаў у дэпутаты. Але ці пасьпее яна справіцца з заданьнем да 31 студзеня, ён ня ведае.

Ці не прывядуць затрымкі з праверкамі дэклярацыяў да збою выбарчага працэсу? Гаворыць сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Калі па нейкіх кандыдатурах праверка не скончылася, і ў камісіі няма падставаў сказаць адназначна: ёсьць парушэньні ці не, яна мусіць зарэгістраваць гэтага кандыдата. Але яго патрэбна папярэдзіць, што праверка працягваецца, і праверка павінна быць скончанай не пазьней за тры дні да пачатку выбараў. Але калі нядобрасумленнасьць кандыдата пацьвердзіцца, ён будзе зьняты з рэгістрацыі”.
XS
SM
MD
LG