Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ БЕЛАРУСІ: “КАЛІ МЫ ЎВЯДЗЕМ НАЯЎНЫ РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ, ТО НАЯЎНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ РУБЛІ МЫ ЗАХАВАЕМ”


Міхал Стэльмак, Менск

Беларусь і Расея ў найбліжэйшы час маюць намер актывізаваць перамовы ў пытаньні фінансавай інтэграцыі. Як паведаміў Пётар Пракаповіч, ужо ў лютым гэтае пытаньне абмяркуюць кіраўнікі ўрадаў і цэнтральных банкаў дзвюх краінаў:

(Пракаповіч: ) “Сёньня мае месца спазьненьне ў пытаньні стварэньня адзінай эканамічнай прасторы, аднолькавых умоваў працы для прадпрыемстваў, роўных умоваў для насельніцтва, адзінай мытнай прасторы й гэтак далей. Таму ўрадам трэба вельмі напружана папрацаваць, каб зьліквідаваць гэтае спазьненьне. Таму што толькі пасьля фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы можна ўводзіць агульную валюту. Што тычыцца пытаньня стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру, то гэтае пытаньне яшчэ ня вырашанае”.

Паводле ягоных словаў, зараз гэта галоўнае пытаньне, якое ў найбліжэйшы час Беларусь і Расея мусяць вырашыць. Кіраўнік Нацбанку падкрэсьліў, што пакуль бакі застаюцца на старых пазыцыях адносна стварэньня саюзнага эмісійнага цэнтру. Беларусь дамагаецца, каб ён быў заснаваны на роўных з Расеяй умовах, і каб бакі мелі аднолькавыя правы ў пытаньні эмісіі грошай.

Ашчэ адна адметнасьць гэтай мадэлі — захаваньне Нацыянальным банкам цяперашніх функцыяў у пытаньні грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі. У Расеі іншы падыход, яна жадае манапольнага валоданьня друкарскім станком. Пры такім падыходзе Нацбанк Беларусі рызыкуе ператварыцца ў рэгіянальны філіял Цэнтарабанку Расеі.

У Расеі ня хочуць слухаць аргумэнты беларускага боку і дамагаюцца хутчэйшай ліквідацыі самастойнай беларускай фінансавай сыстэмы. Гаворыць намесьнік старшыні камітэту па эканамічнай палітыцы Дзяржаўнай думы Расеі Ўладзімер Юдзін:

(Юдзін: ) “Наколькі я зразумеў самога Лукашэнку, эмісійны цэнтар будзе, і рашэньне мы ўсё роўна прымем. Што тычыцца пытаньня роўных доляў дзяржаваў у гэтых эмісійным цэнтры, то я не лічу правільным, каб было па 50% з прычыны розных памераў эканомікаў. Па другое, нельга мець два эмісійных цэнтры”.

Што будзе зь цяперашнімі беларускімі грашыма пасьля ўвядзеньня расейскіх грошай? На гэтае пытаньне нашага радыё Пётар Пракаповіч адказаў наступным чынам:

(Пракаповіч: ) “Калі мы ўвядзем наяўны расейскі рубель, то наяўныя беларускія рублі мы захаваем. Яны будуць ляжаць у нас у сховішчы. Кожны мудры гаспадар ніколі нічога не зьнішчае, а заўжды захоўвае”.

Кіраўнік Нацбанку дадаў, што наяўныя беларускія грошы, як і любая іншая рэч, яшчэ могуць спатрэбіцца.
XS
SM
MD
LG