Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНІЯ ЭКСПЭРТЫ НЕ ВЫКЛЮЧАЮЦЬ НОВАГА КАНФЛІКТУ Ў БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯХ


Ул. інф.

Паводле нямецкіх “Die Welt” і “Freie Presse”, выглядае, што некаторы час бакі ня будуць сварыцца. І Масква, і Менск маюць пэўную зацікаўленасьць у тым, каб займацца праектам саюзнай дзяржавы. Іншая справа, што цяперашняя палітычная і эканамічная адрознасьць абедзьвюх краінаў робіць сам праект справай сымбалічнай, а не рэальнай.

Шэраг нямецкіх назіральнікаў з пэўным скепсысам ставяцца да тэрміну стварэньня агульнага эмісійнага цэнтру. Да 1 студзеня 2005 году яшчэ так далёка, — лічаць яны. Практыка ж апошніх двухбаковых дачыненьняў паказала, што за такі час многае можа зьмяніцца. Тым больш, што канчатковае рашэньне Масквы ў пытаньні агульнага рубля будзе залежаць ад разьвіцьця яе далейшых перамоваў з Эўразьвязам наконт агульнай эканамічнай зоны.

Тут, паводле экспэртаў, можа паўстаць шмат нечаканых нюансаў. Што на гэты час відавочна, дык тое, што Расеі патрэбная прыватызацыя буйных прамысловых беларускіх аб’ектаў і, галоўным чынам, у энэргетычным сэктары. І доказам таму ёсьць усе леташнія акцыі й выпады Крамля супраць Лукашэнкі.

Здавалася б, і для Менску прыйшоў час пераканацца ў поўнай ілюзорнасьці надзеяў на танную расейскую сыравіну. Аднак, як паказала апошняя сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, якая, паводле назіральнікаў, хутчэй рабілася дзеля вонкавага рэзанансу, ілюзіі ў беларускага лідэра, праўдападобна, захаваліся. Пасьля перамоваў адносна прыватызацыі “Белтрансгазу” Менскам было выказанае спадзяваньне, што Беларусь зможа атрымаць пэўны аб’ём паліва па ўнутрырасейкіх коштах. Аднак наўрад ці падобны жэст упісваецца ў прагматычную канцэпцыю Крамля. У выніку, новы канфлікт паміж бакамі непазьбежны, — перакананыя нямецкія назіральнікі.

Падсумоўваючы агульны стан цяперашніх расейска-беларускіх дачыненьняў, аглядальнік аўстрыйскага выданьня “Der Standard”, напісаў даволі дасьціпна: “Пуцін чарговы раз ня даў пайсьці беларускаму аўтакрату. Пытаньне, каб штосьці аддаць Менску, для Масквы не стаіць. Расея па-ранейшаму будзе браць, але ўжо ў рамках цывілізаваных міжнародных пагадненьняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG