Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАРГА ЛЯБЕДЗЬКІ НА ДЗЕЯНЬНІ КГБ НЕ ЗАДАВОЛЕНАЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле судовага рашэньня, Анатоль Лябедзька быў законна затрыманы супрацоўнікамі КГБ 5 лістапада мінулага году каля будынку амбасады ЗША ў Менску. Судзьдзя таксама лічыць абгрунтаваным і само папярэджаньне. У ім Анатоль Лябедзька абвінавачваецца ў кантактах з заходнімі дыпляматамі, якіх КГБ падазрае ў шпіянажы, а таксама ў атрыманьні ад замежных структураў вялікіх грашовых сумаў.

Прадстаўніком КГБ у судзе не было прыведзена ніводнага факту супрацьпраўнай дзейнасьці лідэра АГП. Фактычна суд і не разглядаў гэтыя абвінавачаньні па сутнасьці, а толькі прызнаў, што КГБ паводле існага заканадаўства мае права выносіць падобныя папярэджаньні.

Судзьдзя Есьман скончыў разгляд справы за дзьве з паловаю гадзіны. Прадстаўнік КГБ у судзе быў задаволены пастановай спадара Есьмана:

(Прадстаўнік КГБ у судзе: ) “Так, задаволены. Бо я прыводзіў у сваіх аргумэнтах, што артыкул 353 Грамадзянскага кодэксу прадугледжвае падставы для скаргі ў тым выпадку, калі правы чалавека парушаныя. Магчыма, гэта фармальная падстава, тым ня менш, яна судом падтрыманая”.

А вось як пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Есьмана сам Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Па сутнасьці мая скарга разгледжаная не была. Не прадстаўлена абсалютна ніякіх доказаў тых абвінавачаньняў, якія высунутыя з боку КГБ. Гэта ня суд, гэта такая інквізыцыя беларускай сыстэмы. Я думаю, што Есьман ня мае маральнага права назавацца судзьдзёй і разглядаць справы грамадзянаў Беларусі. Я спадзяюся, што прыйдзе той час, калі ў нас у судах будуць судзіць і выносіць рашэньні на падставе закону, а не палітычнай мэтазгоднасьці”.

Ён зазначыў, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG