Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ПАТРАБУЕ, КАБ СУД АДМЯНІЎ ВЫНЕСЕНАЕ ЯМУ КГБ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У сераду суд Цэнтральнага раёну Менска ўрэшце пачаў разглядаць пазоў лідэра АГП супраць КГБ Беларусі. Анатоль Лябедзька так патлумачыў мэту свайго звароту ў суд:

(Лябедзька: ) " Для мяне самая галоўная мэта, хаця я ня цешуся, што ў беларускім судзе можна знайсьці нейкую справядлівасьць, тым ня менш я паважаю сябе й абараняю сваю годнасьць у любых сытуацыях. Нават у такіх безвыходных, калі судовая сыстэма, як такая, адсутнічае. Бо натуральна ж гэтыя рашэньні не прававыя, а рашэньні, якія маюць палітычны характар".

5 лістапада мінулага году супрацоўнікі КГБ захапілі Анатоля Лябедзьку каля будынку амбасады ЗША ў Менску, адвезьлі ў сваё ведамства, дзе яму зачыталі афіцыйнае папярэджаньне. Капітан КГБ Аляксандар Чупахін папярэдзіў лідэра АГП, што за канфэдыцыйныя кантакты з замежнымі дыпляматамі Анатоль Лябедзька можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу "Здрада дзяржаве".

Спадар Лябедзька патрабаваў, каб суд адмяніў гэтае, незаконнае, на ягоную думку, папярэджаньне і даў адпаведную ацэнку дзеяньням чэкістаў. Справу разглядаў судзьдзя Валеры Есьман, якому лідэр АГП адразу ж выказаў недавер. Справа ў тым, што некалькі гадоў таму гэты судзьдзя вынес адносна Анатоля Лябедзькі палітычна матываванае рашэньне. Але спадар Есьман адвод лідэра АГП не прыняў.

Усе абвінавачаньні чэкістаў супраць Анатоля Лябедзькі грунтаваліся на матэрыялах нейкага Інтэнэт-сайту і публікацыяў у СМІ. Паводле гэтых паведамленьняў, Лябедзька вучыўся ў Цэнтры імя Джорджа Маршала ў Нямеччыне, дзе мог мець кантакты з заходнімі разьведчыкамі, перадаваў канфідэнцыйную інфармацыю пра ўнутрыпалітчнае становішча Беларусі былому кіраўніку місіі АБСЭ Гансу Георгу Віку ды іншым заходнім быццам бы "дыпляматам-шпіёнам", акрэдытаваным у Менску. Лідэра АГП таксама абвінавачвалі ў атрыманьні ад заходніх структураў немалых грашовых сумаў.

Анатоль Лябедзька назваў гэтыя закіды хлусьнёй і запатрабаваў, каб прадстаўнікі КГБ прывялі пераканаўчыя доказы яго нібыта супрацьпраўнай дзейнасьці. Ніякіх доказаў прыведзена не было, аднак прадстаўнік КГБ ў судзе заявіў:

(Прадстаўнік КГБ ў судзе: ) " Прашу прызнаць, што дзеяньні КГБ былі зьдзейсьненыя ў адпаведнасьці з законам, у межах паўнамоцтваў. І прашу адмовіць у задавальненьні скаргі".

Анатоль Лябедзька хадайнічаў, каб суд запрасіў у КГБ апэратыўныя матэрыялы ў гэтай справе, аднак судзьдзя Есьман адмовіўся гэта рабіць. Ён заслухаў чалавека, які кіраваў затрыманьнем лідэра АГП, даў выказацца бакам і закончыў разгляд справы. Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў тое, што адбывалася ў судзе:

(Лябедзька: ) "Я ня ведаю камэдыя гэта ці трагедыя. Мне складана кваліфікаваць, тое, што адбывалася. Проста палітычная правакацыя была на мэце з самага пачатку, і яна была рэалізаваная. У мяне не было ніякіх ілюзіяў адносна рашэньня суду".

Рашэньне ў гэтай справе будзе абвешчанае 23 студзеня.
XS
SM
MD
LG