Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАНЦЫ І ГЕНІЯЛЬНАСЬЦЬ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Доўгі час пранцаў баяліся, як воспы, паколькі яны цягнулі за сабой каварны камплект сымптомаў: моцны боль у костках і суставах, страта смаку да ежы, асьляпляльны галаўны боль з ванітаваньнем, невыразнасьць зроку, аглухласьць, пэрыяды паранойі, дэпрэсіі й гневу, якія зьмяняліся ўзбуджэньнем, выбухамі творчай энэргіі і велічы, і, урэшце, прыдуркаватасьцю, паралюшам і сьмерцьцю.

Фактычна пранцы прыпадабняліся да шмат якіх хваробаў – ад адзёру, ваўчанкі і падучкі да маніякальнай дэпрэсіі і шызафрэніі – чаму іх і называлі Вялікім Імітатарам. Любы дыягназ згаданых хваробаў як самі хворыя, так і іхныя сем'і, сустракалі больш прыхільна, бо пранцы лічыліся прыкметай бруднай амаральнасьці. А пранцы, падарунак пачуцьцёвай вольнасьці, урэшце, былі вэнэрычнай хваробай, якую цяпер часьцей называюць сыфілісам.

На погляд некаторых навукоўцаў, сыфіліс моцна недаацэньвалі як сілу ў стварэньні гісторыі чалавецтва. Ён быў няслушна дыягназаваны, інтэрпрэтаваны, адхілены і адмоўлены. Сыфіліс – хвароба, якую баяцца называць, асабліва ў сувязі зь вядомымі імёнамі: геніямі, якія зрабілі рэвалюцыю ў мастацтве, музыцы, літаратуры, дзяржаўнымі дзеячамі, якія дапамаглі сфармаваць дэмакратыю і тыранамі, якія рабілі ўсё, каб гэтую дэмакратыю зьнішчыць.

Як цьвердзіць у сваёй нядаўна выдадзенай кнізе “Пранцы, Геніі, Вар'яцтва і тайны сыфілісу” Дэбара Гейдэн, шмат якія выдатныя дзеячы хварэлі на сыфіліс, і хваробай можна растлумачыць прынамсі некаторыя аспэкты іхных паводзінаў, а таксама тое, як яны зьдзяйсьнялі свае станоўчыя альбо адмоўныя подзьвігі. Магчымымі кандыдатамі ў гэтую групу, паводле Гейдэн, могуць быць: Бэтховэн, Ніцшэ, Фляўбэрт, ван Гог, Шубэрт, Джэймс Джойс, Гоя, Мэры Тод і Аўраам Лінкальн, Аль Капонэ, Іван Жахлівы і Гітлер.

Найбольш істотным у гэтай тэорыі зьяўляецца факт, што ў пазьнейшых стадыях сыфілісу хвароба можа закранаць мазгі аналягічным вар'яцтву спосабам – маніякальнай дэпрэсіяй – яшчэ адной прыкметай, нярэдка ўласьцівай высокапрафэсійным геніям. Нэўра-сыфіліс вызначаецца сытуацыямі, калі эпізоды болю й дэпрэсіі зь лішкам кампэнсуюцца пэрыядамі творчай эйфарыі, напоўненасьцю радаснай энэргіяй і ўзмоцненым адчуваньнем, з выбухамі новых разуменьняў і амаль містычнымі ведамі.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што фінал Дзявятай сымфоніі Бэтховэна альбо жоўта-сінія эйфарычныя колеры апошніх твораў ван Гога могуць быць вынікам дзейнасьці сыфілічнай бактэрыі Трыпанэма палядыюм, якая дзейнічае на цэнтральную нэрвовую сыстэму як псыхатпропны прэпарат, які дае ілюзію вялікага сьвятла.

Альбо вялікай цемры. Паталягічная параноя Гітлера і ягоная глыбокая нянавісьць да габрэяў, магчыма, была ўзмоцненая сыфілісам, які ён у маладосьці мог атрымаць ад прастытуткі, якая магла быць габрэйкай. У “Mein Kampf” нямала старонак прысьвечаныя сыфілістычным жахам, якія аўтар зьвязвае з габрэямі.

Аднак, прыхільнікі новай тэорыі, як Гейдэн, пагаджаюцца, што сыфіліс ніякім чынам не тлумачыць генія Бэтховэна і не апраўдвае забойстваў Гітлера. Разам з тым, яны даводзяць, што хвароба, магчыма, узмацніла, паглыбіла, альбо скрывіла наяўныя ў іх ад прыроды таленты або схільнасьці. Яны лічаць, што сёньня навукоўцы ня надта пераймаюцца сыфілісам, паколькі ў іхным распараджэньні ёсьць антыбіётыкі, якія эфэктыўна паказалі сябе пры лячэньні хваробы, аднак двухпалярная дэпрэсія і кантрастнасьць почасту застаюцца фатальнымі парушэньнямі, а значыць выразнай, жывой крыніцай міталягізацыі.

У 16 стагодзьдзі сыфіліс дасягнуў узроўню чумы. Тады ж, нарадзілася й назва хваробы. Яе аўтарам быў лекар Гіралама Фракастора, які ў 1530 годзе напісаў паэму пра пастуха Сыфілуса, што абражаў Апалёна і быў пакараны першым у сьвеце выпадкам пранцаў. Дадамо, што беларуская назва пранцы паходзіць ад слова Францыя, француская хвароба.

Ад пачатку 20 стагодзьдзя, магчыма, 15% дарослага насельніцтва ў асноўных местах мелі сыфіліс, хаця дыягназ звычайна ставіўся як мага больш эўфэмістычна і невыразна.

Аднак, прыхільнікі новай тэорыі не стараюцца пераканаць нас, што сыфіліс сапраўды мае значэньне ў жыцьці большасьці хворых. Ён датычыць толькі жменькі выпадкаў і таму, напрыклад, няма розніцы, ці Бэтховэн меў сыфіліс, ці хваробу пазногцяў.

Значэньне новай тэорыі ў тым, што яна вяртае да жыцьця праблему дасьледаваньняў сыфілісу, якую навуковы сьвет даўно ігнаруе.
XS
SM
MD
LG