Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ЦІМАШЭВІЧ: “З СУСЕДЗЯМІ ТРЭБА СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Карэспандэнт: ) “У часе спатканьня з супрацоўнікамі замежных сродкаў масавай інфармацыі, акрэдытаваных у Польшчы, Уладзімер Цімашэвіч, сярод іншага, сказаў, што яму цяжка назваць краіну, зь якой летась у Польшчы пагоршыліся б стасункі. У сувязі з гэтым я запытаў спадара міністра, як ён ацэньвяе цяперашні стан польска-беларускіх міждзяржаўных стасункаў і як, паводле Варшавы, яны будуць разьвівацца ў гэтым годзе. Гаворыць Уладзімер Цімашэвіч”.

(Цімашэвіч: ) “На жаль, у дадзеным выпадку ў нас няма нагоды быць задаволенымі. Нашае стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі, вядомае. Гэтаксама, як шэраг іншых дэмакратычных краінаў, мы крытычна ставімся шмат да якіх элемэнтаў палітычнай сытуацыі ў Беларусі. І гэта, натуральна, ускладняе супрацоўніцтва зь Менскам.

Аднак мы прытрымліваемся такога меркаваньня, што з суседзямі трэба супрацоўнічаць. Ёсьць шмат праблемаў, як гаспадарчых, так і грамадзкіх, зьвязаных, напрыклад, з памежнымі рэгіёнамі абедзьвюх краінаў. Гэтым трэба займацца разам. Летась зьявілася некалькі новых ідэяў, якія адлюстроўваюць і маё ўласнае разуменьне кшталту супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Напрыклад, стварэньне эўрарэгіёну “Белавеская пушча”, у межах якога мы можам займацца рэальнымі праблемамі людзей, прыроды, як бы абмінаючы тую розьніцу, якая існуе паміж нашымі краінамі ў палітычных пытаньнях. Супрацоўніцтва такога кшталту мы будзем працягваць. Адначасова мы спадзяемся, што Беларусь урэшце вернецца да палітычнай сыстэмы і палітычнай практыкі, уласьцівай сучаснай Эўропе. Што ў гэтай краіне насамрэч будзе больш павагі да грамадзянскіх правоў чалавека, да свабоды слова, і што ўсё гэта прынясе карысьць Беларусі і беларусам”.

(Карэспандэнт: ) “Польшча не далучылася да рашэньня большасьці краінаў Эўразьвязу забараніць уезд на сваю тэрыторыю шэрагу найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі. Ці значыць гэта, што Польшча плянуе нейкія кантакты з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску?”

(Цімашэвіч: ) “Мы такія кантакты маем. Напярэдадні ў Варшаве быў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду спадар Кабякоў, які адказвае за эканамічныя пытаньні. Аднак мы ня хочам мець такіх кантактаў, якія можна было б інтэрпрэтаваць, як нашую згоду на палітычную рэчаіснасьць у Беларусі.

(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні міністар замежных справаў разам зь міністрам унутраных справаў наведалі з амбасадарамі краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу, якія працуюць у Польшчы, адзін з участкаў польска-беларускай мяжы ў Белавескай пушчы. Якая была мэта гэтага наведваньня?”

(Цімашэвіч: ) “Мы хацелі паказаць, як функцыянуюць нашыя памежныя службы і як мы іх рэарганізуем. Гэта пэўная гарантыя таго, што мы выканаем свой абавязак у справе добрага пільнаваньня будучай усходняй мяжы Эўразьвязу. Добра пільнаваць мяжу, гэта, аднак, ня значыць зрабіць яе непрыязнай для нашых суседзяў. Тут гаворка ідзе, перад усім, пра спыненьне кантрабанды, нелегальнай міграцыі і міжнароднай злачыннасьці – зьяваў, зь якімі мае дачыненьне ўвесь сучасны сьвет. Калі казаць пра канкрэтнае месца нашай мяжы, дык я хацеў зьвярнуць увагу дыпляматаў з краінаў Эўразьвязу, а таксама і нашых памежнікаў, на тое, што Белавеская пушча – гэта асаблівае месца, якое мае вялікае значэньне для экалёгіі ўсёй Эўропы. Там немагчыма ўжываць традыцыйныя мэтады аховы мяжы, выцінаючы гектары дрэваў, каб усталяваць звыклыя ахоўныя сыстэмы. Тое, што засталося на польска-беларускай мяжы ў спадчыну ад Савецкага Саюзу і Польскай Народнай Рэспублікі, выклікае непрыемныя пачуцьці. Гэта дэманстрацыя ненатуральнага падзелу дзяржаваў і людзей і, што яшчэ горш, фізычнага падзелу адзінага экалягічнага арганізму, якім тысячы гадоў была Белавеская пушча. Шкада, што так сталася. Я спадзяюся, што ў будучым ад гэтага можна будзе адмовіцца”.
XS
SM
MD
LG